Лукашэнка распавёў, якім павінен быць новы дэкрэт аб «дармаедах»
96- 21.12.2017, 11:50
- 71,161
Дыктатар патрабуе, каб «дармаедаў» прымусілі працаваць.
Новая рэдакцыя дэкрэта №3 павінна быць «прыземленай і збалансаванай». Пра гэта Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе аб праектах прававых актаў, накіраваных на развіццё рэальнага сектара эканомікі, навуковай дзейнасці і забеспячэнне занятасці насельніцтва, паведамляе БелТА.
«Я абяцаў, што да канца гэтага года мы распрацуем і прымем дэкрэт прэзідэнта, які будзе развіваць вядомы дэкрэт №3. Мы з вамі тады дамовіліся, каб мы не зазнавалі крытыкі і нас не называлі рэтраградамі, мы павінны дапрацаваць гэты праект з улікам тых недахопаў і, магчыма, памылак, якія былі дапушчаныя пры распрацоўцы дэкрэта №3, зрабіць яго прыземленым», - сказаў Лукашэнка.
«З аднаго боку, людзям даць магчымасць працаўладкавацца, з другога боку, прымусіць працаваць тых, хто сёння можа, але не хоча», - растлумачыў дыктатар.
Лукашэнка заявіў: калі чалавек трапіў у цяжкую сітуацыю, яго трэба падтрымаць, а калі ён сапраўды дармаед, значыць, яго трэба прымусіць працаваць. «І гэтым будуць займацца мясцовыя органы ўлады. Мы ім павінны стварыць прававы калідор, як юрысты кажуць, прававое поле», - адзначыў дыктатар.
Нагадаем, у лістападзе кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Качанава заявіла, што абноўлены дэкрэт №3 най бліжэйшым часам будзе ўнесены на разгляд дыктатара. «Цяпер мы рыхтуем і практычна заўтра пададзім новую канцэпцыю дэкрэта №3. Мы аналізуем гэту сітуацыю, яна сапраўды сур'ёзная, - адзначыла яна. - Тыя звесткі, якія нам перадалі аблвыканкамы, - гэта блізу 500 тысяч непрацуючых чалавек».
Канец зімы - пачатак вясны 2017 года прайшлі ў Беларусі пад знакам Маршаў абураных беларусаў. На вуліцы выйшлі не толькі палітыкі, але і той самы просты народ. Улады саступілі часткова: выплачаны падатак многім наважылі вярнуць, дэкрэт прыпыніць, але не касаваць. З сакавіка чыноўнікі працуюць над абноўленай версіяй дакумента.