Гамельчукі ў барацьбе за права на мірны пратэст дайшлі да ААН
2- 21.12.2017, 17:19
- 15,049
Зварот гомельскіх чальцоў прафзвязу зарэгістравалі ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Гомельскія актывісты незалежнага прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Віктар Казлоў, Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны атрымалі паведамленне з Камітэту ААН у правах чалавека аб рэгістрацыі іх супольнай скаргі (справа №3059/2017). У міжнароднай інстанцыі чальцы прафзвязу абскардзяць забарону ўладаў на правядзенне ў Гомелі вулічнага шэсця, падчас якога планавалася пратэставаць супраць датэрміновага галасавання напярэдадні «прэзідэнцкіх выбараў» 2015 года, паведамляе gomelspring.org.
Масавае мерапрыемства чальцы РЭП планавалі правесці 27 верасня 2015 года, але Гомельскі гарвыканкам не дазволіў заяўленае шэсце. Суд Цэнтральнага раёна Гомеля, дзе была абскарджаная гэтая пастанова, стаў на бок гарвыканкама. Не задаволілі скаргі чальцоў прафзвязу таксама ні абласны, ні Вярхоўны суды. Гомельская абласная і Генеральная пракуратура таксама не знайшлі паводле справы падстаў для апратэставання прысуду суда першай інстанцыі.
Заяўнікі мяркуе, што дзяржава, а менавіта Гомельскі гарвыканкам, парушае фундаментальныя правы грамадзян - на свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў, прадугледжаныя артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Яны таксама паказваюць, што ў паўмільённым горадзе ўлады вызначылі толькі некалькі аддаленых ад цэнтра горада месцаў для правядзення мірных сходаў, а за іх правядзенне трэба яшчэ і заплаціць хуткай дапамозе і камунальным службам.
«Урад не выконвае міжнародныя абавязацельствы ў забеспячэнні грамадзянскіх і палітычных правоў, бо нацыянальнае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах змяшчае двухсэнсоўныя і расплывістыя нормы, якія могуць трактавацца і тлумачацца па-рознаму. На практыцы гэтая сітуацыя прыводзіць да фактычнага табу ў краіне на свабоду мірных сходаў і выказвання меркавання. У ААН мы просім не толькі пацвердзіць парушэнні правоў, але таксама ставім пытанне аб прывядзенні нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі», - пракаментаваў калектыўную скаргу ў ААН юрыст Леанід Судаленка.
З ягоных слоў, гэта ўжо 247-я скарга, пададзеная грамадзянамі Беларусі ў Камітэт ААН у правах чалавека, пачынаючы з 1992 года, калі беларусы атрымалі права скардзіцца аб парушэнні правоў на міжнародным узроўні.