2 верасня 2026, Серада, 6:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каталікі і пратэстанты ўсяго свету святкуюць Нараджэнне Хрыстова

27
Каталікі і пратэстанты ўсяго свету святкуюць Нараджэнне Хрыстова

Святочныя службы адбываюцца ў большасці краінаў свету.

У больш чым 145 краінах свету – гэта афіцыйнае дзяржаўнае свята і адно з галоўных рэлігійных святаў за год.

Святкаванне Раства доўжыцца восем дзён (з 25 снежня да 1 студзеня), утвараючы тым самым Актаву Раства.

На 26 снежня прыпадае дзень святога пакутніка Стэфана, 27 снежня святкуецца памяць святога апостала і евангеліста Яна Багаслова, 28 снежня – Нявінных немаўлятаў батлеемскіх. У нядзелю, якая трапляе на нейкі дзень з 26 да 31 снежня, або 30 снежня, калі ў гэтым годзе на гэтыя дні не выпадае нядзелі, адзначаецца свята Святога Сямейства: Дзіцяткі Ісуса, Марыі і Язэпа. 1 студзеня адзначаецца Урачыстасць Найсвяцейшай Багародзіцы.

Калядны час доўжыцца і пасля заканчэння Актавы Раства, ажно да свята Вадохрышча, якое, у сваю чаргу, трапляе на першую нядзелю за Богаз’яўленнем 6 студзеня.

Пра свята

Пастанова наконт святкавання Раства 25 снежня была прынятая на Трэцім Сусветным царкоўным саборы ў V стагоддзі. З тых часоў снежаньскі перадсвяточны перыяд і само Раство – самы вясёлы і мітуслівы час за год.

Амаль ва ўсіх еўрапейскіх гарадах пачынаюць працаваць калядныя кірмашы і рынкі, дамы і крамы ўпрыгожваюцца адмысловымі дэкарацыямі: падсветленымі гірляндамі, аздобленымі ялінкамі і белым пухнатым снегам.

Ужо бліжэй да самога свята Нараджэння Хрыстовага ў Еўропе па дамах пачынаюць хадзіць дзеці з калядаваннем – спяваюць святочныя песні і прамаўляюць добрыя пажаданні сям'і. А ў адказ атрымліваюць падарункі: смажаныя каштаны, пернікі і прысмакі.

У каталікоў перад Раством няма такога строгага посту, як у праваслаўных, але існуе Адвэнт. Ён пачынаецца з чацвёртай нядзелі да Раства і мяркуецца часам душэўнага ачышчэння. Кожны тыдзень Адвэнту мае сваю назву: першы называецца жалезным, другі – бронзавым, трэці – срэбным, а апошні – залатым.

А ўжо 25 снежня, на само Раство, у касцёлах праходзяць тры святочныя імшы: начная імша, ранішняя (на світанку) і дзённая. Такім чынам Раство як бы святкуецца тройчы.

Дарэчы, у каталіцкай царкве Раство негалосна ставяць у раздзел царкоўных святаў, у той час як у праваслаўных яно мяркуецца другім галоўным святам пасля Вялікадня.

Пра сімвалы каталіцкага Раства

Адвэнт-вянок робяць з лапаў елкі, дубцоў, проста дрэвавых галінаў. Такі вянок не толькі сімвалізуе тэму Раства, але таксама акцэнтуе ўвагу на тым, што гэтае свята – сямейнае. Вянок вешаюць на ўваходныя дзверы, размяшчаюць на прываконні або ставяць на абедзенны стол.

Свечкі – яшчэ адзін нязменны атрыбут свята. Часцей за ўсё свечкі для Раства выкарыстоўваюць чырвоныя ці белыя, хоць бываюць і модныя арт-выключэнні. За апошнія гады сапраўдныя свечкі сталі ўсё часцей замяняцца электрычнымі аналагамі, калі ў свечках замест агню мігціць святло невялікай лямпачкі ў выглядзе полымя.

Свята Нараджэння Хрыстовага ў заходніх краінах цесна звязанае з Новым годам. А гэта значыць, што адным з галоўных персанажаў гэтых дзён становіцца Санта Клаўс (правобразам якога з'яўляецца хрысціянскі святы Нікалас, або, па-нашаму, Мікола) У адрозненне ад Дзеда Мароза, падарункі Санта не кладзе пад ялінку, а, спускаючыся па печкавай трубе, пакідае іх у спецыяльных чырвоных шкарпэтках для падарункаў.

Самі шкарпэткі вешаюцца побач з калядным дрэвам або ля каміна.

Пра канфесіі

Як піша thinktanks.by, нядаўна Даследчы цэнтр Pew выпусціў маштабнае даследаванне хрысціянскіх канфесіяў. Згодна з ім за 100 гадоў з 1910 да 2010 года колькасць каталікоў у свеце вырасла з 47% да 50%, а пратэстантаў – з 32% да 37%. У той самы час у адсоткавых суадносінах колькасць праваслаўных скарацілася з 20% да 12%.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках