Украіна ўпершыню святкуе 25 снежня як дзяржаўнае свята
7- 25.12.2017, 15:18
- 17,409
Ва Украіне ўпершыню афіцыйна адзначаюць Раство паводле грыгарыянскага календара.
У панядзелак, 25 снежня, ва Украіне ўпершыню афіцыйна адзначаюць Раство паводле грыгарыянскага календара як дзяржаўнае свята, піша gordonua.com.
Адпаведную пастанову Вярхоўная Рада прыняла 16 лістапада, потым законапраект падпісаў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, а 2 снежня ён увайшоў у дзеянне. Сёння ў краіне выхадны дзень.
"Упершыню як дзяржаўнае свята мы адзначаем Нараджэнне Хрыстова паводле грыгарыянскага календара – разам з большай часткай усяго хрысціянскага свету, разам з Еўропай", – адзначыў Парашэнка ў апублікаваным напярэдадні віншаванні.
Ён дадаў, што сам мае намер адзначаць Раство двойчы – 25 снежня і 7 студзеня.
Прэм'ер-міністр Украіны Уладзімір Гройсман пажадаў украінцам, каб іх "не пакідала пачуццё ўпэўненасці ў заўтрашнім дні".
"Няхай навагоднія і калядныя святы натхняюць усіх нас на новыя духоўныя здзяйсненні і важныя пачынанні, каб мы пачалі новы год са светлымі думкамі, добрымі намерамі і цвёрдым імкненнем дасягнуць пастаўленай мэты. Ад рэалізацыі кожнага чалавека залежыць далейшае развіццё і росквіт нашай краіны", – заявіў кіраўнік украінскага ўрада.