МАК ухваліў нейтральную форму для расейскіх алімпійцаў
8- 29.12.2017, 20:46
- 16,318
З формы прыбралі колеры расейскага сцягу, герб і лагатып Алімпійскага камітэта Расеі.
Міжнародны Алімпійскі камітэт ухваліў форму для расейскіх спартоўцаў, якія будуць выступаць на зімовай Алімпіядзе ў Паўднёвай Карэі пад нейтральным сцягам. Пра гэта паведамляе агенцтва RNS.
З формы прыйшлося прыбраць колеры расейскага сцягу, герб і лагатып Алімпійскага камітэта Расеі. Замест іх будзе толькі эмблема OAR - Olympic Athlete from Russia (алімпійскі спартовец з Расеі). Форма будзе мець тры асноўныя колеры: шэры, белы і чырвоны.
Міжнародны алімпійскі камітэт 5 снежня адхіліў зборную Расеі ад удзелу ў Алімпіядзе 2018. У МАК на падставе двух расследаванняў палічылі даведзеным фактам, што Крэмль арганізаваў сістэму прымянення допінгу ў спорце. На пастанову МАК таксама быў дыскваліфікаваны Алімпійскі камітэт Расеі. Расейскім спартоўцам, якія давялі, што не ўжывалі допінг, дазволілі спаборнічаць пад нейтральным сцягам.