27 красавiка 2024, Субота, 5:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Пастухоў: І скасаваць пасаду прэзыдэнта

31
Міхаіл Пастухоў: І скасаваць пасаду прэзыдэнта
Михаил Пастухов

Шэсьць асноўных парадаў былога судзьдзі Канстытуцыйнага суда, як вярнуць краіну на шлях дэмакратыі.

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў выдаў кнігу «Пад знакам Канстытуцыі». Гэта зборнік артыкулаў, якія Пастухоў друкаваў у газэце «Свободные новости» цягам апошніх 4 гадоў. Артыкулы дапоўненыя камэнтарамі, у якіх аўтар пераасэнсоўвае праблемы і дае парады, як іх вырашыць, піша svaboda.org.

6 асноўных парадаў юрыста Міхаіла Пастухова пра тое, што трэба зрабіць беларускаму грамадзтву, каб вярнуць краіну на шлях дэмакратыі і прагрэсу.

Вярнуць свабодныя і сумленныя выбары

Каб правесьці свабодныя і сумленныя выбары, трэба забясьпечыць вольную дзейнасьць усіх палітычных партый. Пачынаць трэба перад бліжэйшымі мясцовымі выбарамі. На іх трэба забясьпечыць роўныя ўмовы, у тым ліку — роўную дзяржаўную падтрымку. Галоўныя патрабаваньні да такіх выбараў — новы выбарчы закон, перавыбары Цэнтральнай выбарчай камісіі і абнаўленьне ўчастковых камісій, у якія павінны ўвайсьці прадстаўнікі ўсіх партый. Пасьля свабодных мясцовых выбараў трэба правесьці свабодныя парлямэнцкія выбары.

Скасаваць пасаду прэзыдэнта

Трэба вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году, а ўлічваючы, што прайшло досыць шмат часу, трэба і ў яе таксама ўнесьці зьмены і дапаўненьні. У тым ліку я мяркую, што для Беларусі пасада прэзыдэнта залішняя. Гэты інстытут не прайшоў выпрабаваньня дэмакратыяй, ня вытрымаў экзамэну часу, у нас прэзыдэнт стаў прычынай шматлікіх бедаў і выпрабаваньняў.

Увесьці пасаду амбудсмэна і скасаваць сьмяротную кару

Неадкладна ўвесьці пасаду амбудсмэна — надзеленага дзяржаўнай уладай чыноўніка, абавязкам якога стане абарона правоў чалавека. Увядзеньне пасады амбудсмэна пачне працэс вяртаньня Беларусі на шлях краіны, у якой грамадзянскія і палітычныя правы людзей ня толькі дэкляруюцца, але іх сапраўды імкнуцца выконваць. Таксама трэба абвясьціць мараторый на сьмяротнае пакараньне. Гэта прадэманструе ўсяму сьвету наш каштоўнасны гуманістычны выбар.

Скараціць сілавыя структуры

Трэба скараціць велізарную армію людзей у форме, найперш тых, што служаць у МУС ды іншых сілавых установах, у тым ліку ў спэцслужбах, якіх у нас зашмат. Гэта дасьць магчымасьць падвысіць людзям заробкі ды пэнсіі.

Правесьці судовую рэформу

Трэба абнавіць склад судоў і правесьці судова-прававую рэформу. Судзьдзяў трэба не прызначаць, а выбіраць паводле рэкамэндацый адпаведных органаў судовага самакіраваньня. Зацьвярджаць кандыдатуры судзьдзяў павінны прадстаўнікі парлямэнту і мясцовых органаў улады.

Уступіць у Раду Эўропы

Беларусь мае вярнуцца ў сямʼю эўрапейскіх народаў празь вяртаньне ў Раду Эўропы, на справе паважаць эўрапейскія каштоўнасьці. А гэта немагчыма без адмены сьмяротнага пакараньня і сапраўдных дэмакратычных рэформаў.

Міхаіл Пастухоў правядзе прэзэнтацыю сваёй кнігі «Беларусь пад знакам Канстытуцыі» 6 сьнежня ў менскім «Прэс-клюбе» (вуліца Веры Харужай, 3-601), пачатак а 16 гадзіне.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках