27 красавiка 2024, Субота, 5:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Даляр чакае яшчэ адзін тыдзень трыумфу

1
Экспэрт: Даляр чакае яшчэ адзін тыдзень трыумфу
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА TUT.BY

Прагноз курсу беларускага рубля на наступны тыдзень.

Чакаем прадаўжэння росту сярэднеўзважанага курсу даляра на Беларускай валютна-фондавай біржы яшчэ прыкладна на 1% за кошт умацавання даляра супраць еўра, так і супраць расейскага рубля. У панядзелак, 11 снежня, магчымае зніжэнне курсу даляра на долі адсотка, піша экспэрт Уладзімір Тарасаў для belrynok.by.

На мінулым тыдні сярэднеўзважаны курс даляра ЗША на БВФБ павялічыўся крыху больш, чым чакалася — на 1,3%, дасягнуўшы 8 снежня 2,0367 BYN/USD.

Курс еўра, як і чакалася, рэзка вагаўся, але агулам за тыдзень знізіўся супраць даляра на рынку форэкс крыху больш, чым меркавалася. У выніку сярэднеўзважаны курс еўра на БВФБ на мінулым тыдні паменшыўся на 0,2% — да 2,3931 BYN/EUR.

Зніжэнне курсу расейскага рубля супраць даляра на Маскоўскай біржы выявілася трохі большым за чаканае. На БВФБ сярэднеўзважаны курс расейскага рубля за тыдзень вырас усяго на 0, 04% — да 3,4364 BYN/100RUB.

Кошт валютнага кошыка з даляра, еўра і расейскага рубля на мінулым тыдні вырас прыкладна ў адпаведнасці з чаканнямі: на 0,4%. Пры гэтым аб'ём таргоў замежнымі валютамі на біржы агулам за дзень дасягнуў 477,6 млн BYN супраць 293,1 млн BYN на мінулым тыдні.

Прагнозы на гэты тыдзень

Курс беларускага рубля ў дачыненні да кошыка валют

Не выключана, што Нацыянальнаму банку РБ на мінулым тыдні даводзілася прадаваць валюту на БВФБ у мэтах стрымлівання паслаблення беларускага рубля. Магчыма, гэта яму давялося рабіць і ў лістападзе, бо прадпрыемствы і насельніцтва ў мінулым месяцы набылі валюты на 135,3 млн USD больш, чым прадалі. Гэта значыць, банкі, сярод якіх мог быць і Нацбанк, у лістападзе валюту прадавалі.

На наступным тыдні тэндэнцыя да паслаблення беларускага рубля, відавочна, захаваецца. Экспэрт будзе чакаць росту кошту кошыка за тыдзень прыкладна на 0,5%.

Курс даляра ў дачыненні да еўра

Дональд Трамп, відавочна, усё ж здолее праціснуць праз кангрэс ЗША закон аб падатковай рэформе. У суботу, 2 снежня Сенат Кангрэса ЗША ўхваліў праект гэтага закону, які, аднак, значна адрозніваецца ад праекту, ухваленага Палатай прадстаўнікоў. Сенат пагадзіўся на перамовы паміж палатамі. Калі яны будуць паспяховымі і праект здолеюць узгадніць да калядных вакацый, гэта стане яшчэ адной перамогай прэзідэнта ЗША і надасць сур'ёзную падтрымку даляру.

Падтрымку курсу даляра надала таксама пастанова Кангрэса ЗША, прынятая 7 снежня, аб часовым фінансаванні працы ўрада да 22 снежня. Заканадаўчая ўлада, відавочна, ідзе на саступкі прэзідэнту і, магчыма, не выпадкова Дональд Трамп на гэтым тыдні прызнаў Ерусалім сталіцай Ізраіля. Гэта, не выключана, дапамагло яму атрымаць дадатковую падтрымку ў Кангрэсе.

На наступным тыдні (13 снежня) адбудзецца пасяджэнне Камітэта аб адкрытых рынках ЗША і выступ кіраўніка ФРС Джанет Елен. Чакаецца, што працэнтная стаўка ФРС будзе павялічаная на 25 пунктаў — да 1,5%. Але гэта ўжо ўлічанае рынкам, то бок, на курс еўра ўплыву, хутчэй за ўсё не зробіць. А вось абмеркаванне праекта падатковай рэформы ўплываць будзе.

14 снежня ўжо ЕЦБ будзе абмяркоўваць сваю грашовую палітыку, то і тут падзей не чакаецца.

Мяркуючы з поспехаў Дональда Трампа, можна разлічваць на з'яўленне пазітыўных навін аб падатковай рэформе, што падтрымае даляр. Такім чынам, на наступным тыдні магчымы рост сярэднеўзважанага курсу даляра на рынку форэкс яшчэ на 0,5-1%.

Курс расейскага рубля ў дачыненні да даляра

Расейскія экспэрты на гэтым тыдні, напэўна, уздыхнулі з палёгкай, бо паслабленне рубля, аб якім яны даўно і ўпарта казалі, нарэшце пачалося. Дапамагло гэтаму падзенне коштаў нафты, якое адбылося пасля з'яўлення звестак Мінэнэрга ЗША аб павелічэнні здабычы нафты да новага рэкорднага ўзроўню – 9,707 млн барэляў за дзень. Націснула на рубель і паведамленне Мінфіна РФ аб павелічэнні куплі валюты ў снежні да 217 млн USD супраць 99 млн USD у лістападзе.

Праўда, былі фактары, якія падтрымалі рубель, хоць і не змаглі прадухіліць яго падзенне. Нарыклад, захаваўся попыт на аблігацыі федэральнай пазыкі Міністэрства фінансаў РФ.

Расейскія экспэрты прадаўжаюць чакаць некаторага паслаблення рубля да канца года пад уплывам мноства негатыўных фактараў. Прынамсі, галоўная эканамістка «Альфа-банка» Наталля Арлова прагназуе павелічэнне курсу даляра да канца года да 60 RUB/USD.

15 снежня Рада дырэктараў Банка Расеі прыме пастанову наконт ключавой стаўкі. Асаблівых нечаканасцяў не прадбачыцца, ключавая стаўка, хутчэй за ўсё, будзе зніжаная на 25 пунктаў.

Супраць рубля задзейнічаныя занадта шмат фактараў, таму на наступным тыдні БЕЛРЫНАК будзе чакаць зніжэння курсу рубля супраць даляра яшчэ на 0,5-1%.

Курс беларускага рубля ў дачыненні да даляра

Мяркуючы з чаканых зменаў названых вышэй курсаў валют, даляр чакае яшчэ адзін тыдзень трыумфу, і яго сярэднеўзважаны курс на БВФБ можа падняцца прыкладна на 1%.

Прагноз на панядзелак, 11 снежня

Курс еўра супраць даляра на рынку форэкс у другой палове гандлёвага дня пятніцы 8 снежня вырас прыкладна на 0,3% — да 1,1771 USD/EUR. Ціск на курс даляра зрабіў слабы рост сярэдняга пагадзіннага заробку ў прыватным сектары ЗША ў лістападзе ў параўнанні з кастрычнікам: на 0,05 USD – да 26,55 USD. Пры гэтым колькасць працоўных месцаў за выключэннем сельскай гаспадаркі ў лістападзе павялічылася крыху больш за чаканні — на 228 тысяч, а беспрацоўе не змянілася і засталося на мінімальным узроўні са снежня 2000 года, роўным 4,1%.

У той жа час, курс даляра ЗША на Маскоўскай біржы ў другой палове 8 снежня знізіўся прыкладна на 0,2% — да 59,0975 RUB/USD.

Гэта азначае, што ў панядзелак 11 снежня на адкрыцці таргоў на БВФБ магчымае зніжэнне курсу даляра на долі адсотка.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках