27 красавiка 2024, Субота, 4:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Летапісец старога Менска, які вучыўся ў Парыжы

3
Летапісец старога Менска, які вучыўся ў Парыжы

Гісторыя Льва Дашкевіча, з дня нараджэння якога сёння спаўняецца 135 гадоў, нагадвае казку.

...Аж да 1990-х гадоў фотаработы Льва Дашкевіча знаходзіліся ў катэгорыі ананімных. Дакладней, яны былі падпісаныя двума літарамі — LD. Іх расшыфроўкай занялася Надзея Саўчанка, загадчыца аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Нацыянальнага гістарычнага музея. У ходзе пошукаў яна выцягнула «шчаслівы квіток»: пазнаёмілася з 90-гадовым сынам фатографа, Львом, які жыў у Маскве. Дашкевіч-малодшы паспеў перадаць у Менск фотакамеру свайго бацькі і сямейныя здымкі (бо да гэтага ў фондах Гістарычнага музея знаходзілася толькі этнаграфічная экспедыцыйная калекцыя 1923 года, якую здымаў Дашкевіч), а таксама распавёў падрабязнасці ягонай біяграфіі, піша tut.by.

АРХІКАФЕДРАЛЬНЫ САБОР НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ. ПРАЦА ЛЬВА ДАШКЕВІЧА
ФОТА: ВІКІПЕДЫЯ

У пачатку нулявых творчасць майстра вярнулася з забыцця. Яго выставы прайшлі ў Беларусі ды ў Ізраілі, а сам Леў Дашкевіч атрымаў неафіцыйны статус класіка беларускай фатаграфіі.

Леў Дашкевіч нарадзіўся 12 лютага 1882 года ў Менску. Вялікі радавы дом ягонай сям'і стаяў насупраць бровара братоў Лекерт (цяпер гэта завод «Аліварыя») на сучаснай вуліцы Максіма Багдановіча. Сярэднюю адукацыю Леў атрымаў у Менску і ў Вільні, пасля чаго паступіў у Варшаўскі ўніверсітэт — вучыцца на медыка. Але ўдзел у студэнцкім страйку паставіў крыж на ягонай кар'еры. Яго арыштавалі, а потым выключылі з універсітэта без права паступлення ў ВНУ Расейскай імперыі.

ЛЕЎ ДАШКЕВІЧ
ФОТА: ВІКІПЕДЫЯ

Так пачаўся французскі перыяд у біяграфіі Дашкевіча: пяць гадоў вучобы ва ўніверсітэце Бургундыі і заняткі на фатаграфічным аддзяленні Вышэйшай школы графічных мастацтваў у Парыжы. Дадамо, гаворка ідзе аб культурнай сталіцы свету. Мабыць, менавіта Парыж зрабіў з Дашкевіча таго фатографа, якога мы ведаем.

У Менск Дашкевіч вярнуўся толькі ў 1920-м — пасля дзесяцігадовай працы ў Закаўказзі. Дваццатыя гады сталі часам росквіту фотамайстра. Без ягоных работ не абыходзіліся ні папулярныя часопісы, ні падручнікі, ні альбомы.

ФОТАЗДЫМАК СІЛУЭТУ ВЕРХНЯГА ГОРАДА. ПРАЦА ЛЬВА ДАШКЕВІЧА
ФОТА: ВІКІПЕДЫЯ

Даследчыкі залічвалі многія працы Льва Дашкевіча да піктаралізму. Гэта плынь у фатаграфічным мастацтве, у якой фатаграфіі набліжаны да малюнку, гравюры, маляўнічых твораў. Прычым не да абстрактных работ, а да выкананых пад уплывам мастацкіх кірункаў той эпохі (гаворка пра імпрэсіянізм, сімвалізм, арт-нуво, жывапіс прэрафаэлітаў). Для такога эфекту фатографы выкарыстоўвалі асаблівыя тэхнікі здымкі і друку (напрыклад, фільтры, мягкарысавальныя аб'ектывы, апрацоўвалі пазітыў солямі срэбра).

У пачатку 1930-х у біяграфіі Дашкевіча наступіў цёмны перыяд. Піктаралізм быў разгромлены. Сам майстар быў арыштаваны паводле справы міфічнага «Завязу вызвалення Беларусі», паводле якіх праходзілі найлепшыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Праўда, калі зыходзіць з рэалій таго часу, фатографу вельмі пашанцавала. Пад арыштам ён прабыў усяго некалькі месяцаў і быў вызвалены ў верасні 1930 года.

Далей Дашкевіч жыў у Менску і Бішкеку (у эміграцыі падчас Другой сусветнай вайны), пісаў працы аб пытаннях навукі і тэхнікі, этнаграфіі. Але яго спробы стварыць уласную лабараторыю скончыліся няўдачай. Фотаработы Льва Дашкевіча не мелі для ўлады ніякай цікавасці.

Дашкевіч памёр у 1957 годзе і быў пахаваны на Кальварыйскіх могілках. Да прызнання і пасмяротнай славы заставалася практычна паўстагоддзя.

ФОТА: ВІКІПЕДЫЯ
Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках