27 красавiка 2024, Субота, 4:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Марш абураных беларусаў» - заслужаны ўладамі народны пратэст

14
«Марш абураных беларусаў» - заслужаны ўладамі народны пратэст

17 лютага а 18:00 у цэнтры Менска пройдзе акцыя супраць дэкрэту «аб дармаедах».

Удзельнікі «Маршу абураных беларусаў», які арганізуецца 17 лютага Беларускім нацыянальным кангрэсам (БНК), плануюць перадаць уладам рэзалюцыю са сваімі патрабаваннямі, паказаўшы ў ёй, у тым ліку тэрміны іх выканання, піша Сяргей Каралевіч на сайце naviny.by.

Акцыя накіраваная супраць незаконных пабораў уладаў, а менавіта дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Пра гэта распавёў прадстаўнік БНК Мікалай Статкевіч.

Паводле ягоных слоў, кангрэс пастанавіў апублікаваць папярэдні план правядзення акцыі, у тым ліку для таго, каб улады ведалі, што арганізатары збіраюцца «правесці мерапрыемства арганізавана і спакойна».

Збор удзельнікаў маршу запланаваны а 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска. На пачатку акцыі адбудзецца «народны сход, на якім будуць прынятыя патрабаванні да ўлады і вызначаныя тэрміны іх выканання». Сам марш, са слоў Статкевіча, пройдзе праспектам Незалежнасці да будынка Міністэрства падаткаў і збораў. Там удзельнікі акцыі выкажуць стаўленне да дэкрэту №3 і прымуць пастанову аб сваіх дзеяннях, калі ўлада «не пойдзе насустрач патрабаванням народа».

Статкевіч падкрэсліў, што план акцыі носіць папярэдні характар і можа быць зменены на патрабаванні яе ўдзельнікаў. «Мы разлічваем, што ўлады будуць пазбягаць правакацый. Калі ж правакацыі будуць (а, напрыклад, складанне пратаколаў на выступоўцаў — гэта наўпроставае правакаванне ўдзельнікаў акцыі), тады, магчыма, у план будуць унесеныя змены. Я б раіў уладам прыняць заслужаны імі народны пратэст спакойна, зрабіўшы з яго належныя высновы», — сказаў ён.

Палітык паведаміў, што цяпер БНК абмяркоўвае пытанне публікацыі праекта рэзалюцыі з патрабаваннямі ўдзельнікаў маршу. Пры гэтым ён адзначыў, што рэзалюцыя павінна быць максімальна кароткай, але ўтрымліваць тэрміны выканання ўладамі патрабаванняў удзельнікаў акцыі. «Калі патрабаванні не будуць выкананыя, у нас ёсць план, што рабіць далей», — дадаў палітык.

Статкевіч таксама мяркуе, што акцыя 17 лютага будзе больш шматлікай, чым звычайна. «Калі будзе бачная тэндэнцыя значнага росту колькасці ўдзельнікаў акцыі, то гэта будзе добры сігнал для ўлады, што трэба дэкрэт скасоўваць або змяняць яго так, каб ён тычыўся невялікай колькасці людзей, якія напраўду жывуць у раскошы і не плацяць падаткі», — сказаў ён.

Як паведамлялася раней, прадстаўнікі БНК (створаны ў траўні 2016 года з ініцыятывы групы грамадскіх і палітычных дзеячаў у мэтах кансалідацыі апазіцыі) Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Яўген Афнагель 10 лютага праінфармавалі сталічныя ўлады аб правядзенні 17 лютага ў Менску «Маршу абураных беларусаў».

Афіцыйная заяўка ў Менгарвыканкам на правядзенне акцыі не падавалася. «Мы з'яўляемся прыхільнікамі парадку і не праводзім гвалтоўныя акцыі. Таму за пяць дзён (у нашым выпадку — за сем, бо наперадзе выходныя) да яе правядзення згодна з практыкай, якая склалася ў Еўропе ў дэмакратычных краінах, паведалі ўладам пра акцыю. На жаль, усе законы аб масавых мерапрыемствах, якія прымае прызначаны парламент, не адпавядаюць Канстытуцыі і міжнародным абавязанням краіны», — растлумачыў Статкевіч.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках