28 красавiка 2024, Нядзеля, 2:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус у ЗША: У бізнэсе трэба быць бясстрашным

4
Беларус у ЗША: У бізнэсе трэба быць бясстрашным
ФОТА: ADVISOR.TV

Ураджэнец Беларусі зарабляе ў Амерыцы на карцінах.

Мастацтва – справа прыбытковая. Гэта даводзіць 35-гадовы ўраджэнец Беларусі Леон Окс, які калісьці хлопчыкам эміграваў у Амерыку і цяпер валодае кампаніяй продажу рэпрадукцый, якія друкуюцца на палатне.

Леон нарадзіўся ў Менску і разам з бацькамі пераехаў у ЗША ў 1991 годзе, калі яму было 10 гадоў, распавядае бізнэсовец у адным з сваіх інтэрв'ю.

– Лідарства і прадпрымальніцтва – гэта маё з дзяцінства, – тлумачыць Окс. – Сям'я прыехала сюды з мінімумам рэсурсаў, без грошай і без мовы. Таму з самага пачатку я адчуваў адказнасць: не хацелася быць праблемай для бацькоў.

Цяжкасці, піша Myfin.by, якія давялося перажыць бацьку і маці, будуючы новае жыццё ў Амерыцы і змагаючыся за кожны даляр, апынуліся для Леона наймацнейшым стымулам.

– Цяжка ўявіць, чаго гэта каштавала бацькам: кінуць усё, што яны ведалі, сяброў, сям'ю, і эміграваць, не ведаючы, што чакае наперадзе. Гэта быў для мяне магутны матыватар, каб стаць паспяховым. Хацелася адплаціць ім за ўсё, – кажа бізнэсовец.

ФОТА: ADVISOR.TV

Са слоў Окса, пераезд у ЗША быў траўматычным, але ён хутка пасталеў. Досвед жыцця ў розных культурах даў яму перавагі перад многімі амерыканскімі аднагодкамі і дазволіў глядзець на рэчы больш адкрыта.

Як распавядае Леон у іншым інтэрв'ю, гадоў дзесяць назад ён прыехаў у Нью-Ёрк па справах і ўбачыў, як вулічны мастак па 400 даляраў прадае рэпрадукцыі, надрукаваныя на палатне. І яго фантазія пачала працаваць.

Вынікам стаў iCanvas – онлайн-крама, якае прапануе сёння больш за 30 тысяч рэпрадукцый як класічных майстроў накшталт Рэмбрандта ці Ван Гога, так і сучасных мастакоў з усяго свету.

У кампаніі ёсць ліцэнзійныя пагадненні з больш чым 300 такімі аўтарамі.

– З аднаго боку, мы прадаём і атрымліваем за гэта грошы. А з другога, для нас важна і тое, што мы дапамагаем развіццю мастацтва, стаць на ногі маладым мастакам, – каментуе бізнэсовец.

ФОТА: ADVISOR.TV

У краме можна выбраць карціны па імені аўтара, жанру або сюжэце, а таксама па памеры, колеру і арыентацыі – гарызантальнай, вертыкальнай, разбітай на дыпціхі-трыпціхі.

Палотны прадаюцца гатовымі – нацягнутымі на драўляную раму. Паверхню палотнаў цяжка падрапаць, яны ўстойлівыя да вільгаці і расцяжэння.

Цэны на карціны вар'іруюцца ад 50 да 100 даляраў, не ўлічваючы скідак. Любую працу можна вярнуць, калі не спадабалася.

– Мы вырабляем ўсю нашу прадукцыю ўручную, выкарыстоўваючы высакаякасную драўніну. Для нас галоўнае дзве рэчы – сэрвіс і якасць. Вельмі часта звяртаемся да практыкі тайнага пакупніка, – нахвальвае сваю кампанію Окс.

Ён дадае, што ў iCanvas імкнуцца, каб зробленыя тут рэпрадукцыі у дакладнасці паўтаралі адценні колеру зыходнай працы. Часам нават цяжка зразумець, арыгінал гэта ці не.

У кампаніі ганарацца таксама сваёй карпаратыўнай культурай. Офіс знаходзіцца ў мястэчку Мортан Гроў побач з Чыкага, штат Ілінойс. Падчас ланчу або пасля працы супрацоўнікі могуць пагуляць у більярд, пазаймацца ёгай або медытацыяй.

ФОТА: ADVISOR.TV

E-commerce– сфера маладых, дзе заўсёды трэба ісці наперадзе трэнду.

– У нас ёсць «камітэт весялосці» – 7 чалавек з каманды, якія збіраюцца двойчы ў месяц і абмяркоўваюць, як зрабіць жыццё ўнутры кампаніі больш цікавым. На гэта выдзелены асобны бюджэт, – адзначае бізнэсовец.

Акрамя таго, у iCanvas займаюцца і дабрачыннасцю. Дораць дзецям рэпрадукцыі карцін. І падтрымліваюць праграмы па развіццю сокера: гэта адно з захапленняў Леона.

Калі б бізнэсам было лёгка займацца, ім бы займаліся ўсе запар. Такую аксіёму, са слоў Окса, ён часта паўтарае тым, хто хоча заняцца камерцыяй.

– Усім, што чагосьці варта, займацца заўсёды цяжка. Таму прыгатуйцеся ўпарта працаваць, укладваючы масу часу, і будзьце адданыя таму, што робіце, – раіць бізнэсовец.

ФОТА: ADVISOR.TV

Абавязкова патрэбен як мага больш дэталёвы план, які ў тым ліку прадугледжвае стратэгію выхаду з бізнэсу.

– І ў любым выпадку, вы заўсёды павінны быць гнуткімі, гатовымі змяніць кірунак, таму што бізнэс-свет – жорсткі свет, і трэба быць моцным і дзесьці нават бясстрашным, – кажа ён.

Але гэта і захоплівае, дадае Леон. Мець бізнэс вельмі цікава і адказна.

– Трэба разумець, што кампанія – гэта нешта большае, чым ты сам. Гэта яшчэ і твае супрацоўнікі, іх кар'еры, іх сем'і. І ўсё гэта залежыць ад рашэнняў, якія вы прымаеце, – рэзюмуе ён.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках