28 красавiка 2024, Нядзеля, 1:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Чарнігаве пачаўся фестываль «Сала-2017»

4
У Чарнігаве пачаўся фестываль «Сала-2017»

Адной з мэтаў фестывалю з'яўляецца дапамога добраахвотнікам, якія ваююць у АТА.

Украіна асацыюецца ў беларусаў з гасціннасцю яе жыхароў, а таксама з Рэвалюцыяй годнасці, вайной на Данбасе, самаадданасцю на фронце і невынішчальнай карупцыяй. Але ці ледзь не самая галоўная асацыяцыя - сала. Украінец можа разважаць пра спосабы прыгатавання сала з такім жа энтузіязмам, як беларус - пра бульбяныя стравы. І таму не дзіўна, што ў Украіне арганізавалі адпаведны фестываль. З арганізатарамі і наведвальнікамі народнага свята «Сала-2017» пагутарыла «Радыё Рацыя».

Каб закупіцца найлепшым салам на тутэйшым свяце, чарнігаўцы станавіліся ў чаргу ажно ў сем раніцы, і таму да поўдня разабралі амаль усё. Але свята ўсё ж працягваецца.

Аляксандр Бондараў, адзін з арганізатараў фестывалю, распавядае пра яго мэты:

- Гэты фестываль - перш за ўсё сацыяльны. Першая мэта - дапамагчы нашым дробным і сярэднім фермерам, каб яны прадавалі сваю прадукцыю не праз перакупшчыкаў, а самастойна. Другая мэта - дапамагчы нашым хлопцам, якія цяпер ваююць за незалежнасць на ўкраінска-маскоўскай вайне. Збіраем прадукты, тое ж сала... Кожны дае столькі, колькі можа. Машыны ідуць на Данбас.

Варта пацікавіцца, у якім выглядзе тут ядуць свініну, як ад ахвочых адразу няма адбою.

Жанчына: - На Заходняй Украіне таксама любяць сала, але гэта не зусім іх прадукт. Сала - гэта Цэнтральная Украіна, а таксама Сівершчына. Што такое для нас сала? Ды ўсё! І боршч у нас з салам, і бульба, і наогул, украінскі традыцыйны стол без сала - гэта не стол. Якое менавіта сала любяць у нас на Сівершчыне? Перш за ўсё - свежае, засоленае. Менавіта такое сала вы сустрэнеце ў якім заўгодна нашым раёне. А яшчэ - сала з часнаком. Яго звычайна мажуць на лусту хлеба, такую страву і на святочны стол не сорамна падаць.

Мужчына: - Мне сала падабаецца ва ўсялякім выглядзе. Сырое - яно добра чысціць печань. Смажанае - я проста яго люблю. Сала - гэта наш сапраўдны ўкраінскі прадукт, а я - украінец, нашчадак казацкага роду!

Жанчына: - А мне падабаецца салёнае сала. Трэба, між іншым, ведаць, што не трэба баяцца дадаваць шмат солі. Сала заўсёды возьме менавіта столькі солі, колькі трэба. Таксама заўсёды дадаю перац. Якія ў нас аргументы на карысць сала? Яно карысна для ўсяго: павышае імунітэт, павышае патэнцыю, надае энэргіі. Ды гэта проста выдатная закуска! Ёсць такі ўкраінскі паэт XIX стагоддзя, Сцяпан Руданскі, вось ён напісаў: «Я бы по шию в соли жив, в сало бы одягався, сало бы їв, на соли пеленать, соломы укривався!».

На фестывалі прысутнічаў і айцец Яўген Орда - нашчадак знакамітага роду Ордаў, протаіерэй Кацярыненскай царквы, папулярнай у сіверскіх беларусаў.

Айцец Яўген: - Гэта расейцы клічуць украінцаў «салаедамі» каб іх абразіць. Але што тут крыўднага? І мы, беларусы, любім сала, і бульбу таксама... Але ўкраінцы такія, што нават абразу здольныя павярнуць на сваю карысць!

Мяркуецца, што фестываль «Сала-2017» стане той разыначкай, якая прыцягне ў Чарнігаў турыстаў. Мясцовыя ўлады разлічваюць у першую чаргу на беларусаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках