27 красавiка 2024, Субота, 4:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дармаедка» запрасіла Шчоткіну падаіць коз і пачысціць гной

119
«Дармаедка» запрасіла Шчоткіну падаіць коз і пачысціць гной
Фота: svaboda.org

Жыхарка Ваўкавыскага раёна напісала ліст Марыяне Шчоткінай.

Мігановіч Таццяна з вёскі Пятакі Ваўкавыскага раёна напісала ліст намесніку старшыні «савета рэспублікі» Марыяне Шчоткінай і распавяла пра тое, як яе запісалі ў «дармаеды». У канцы ліста жанчына запрасіла Шчоткіну ў госці, каб тая на сабе адчула долю «дармаеда». З сакратарыята «савета рэспублікі» Мігановіч адказалі, што ліст будзе накіраваны для разгляду ў Ваўкавыскі райсавет, паведамляе «Радыё Свабода».

У лісце да Шчоткінай Мігановіч абураецца тым, што яе залічылі ў «дармаеды». «Я не жыву за чужы кошт, і заробак мне не плацяць падаткаплатнікі, як вам, а я сама сумленнай працай зарабляю на жыццё», - напісала Мігановіч.

Адказ з сакратарыяту Савету Рэспублікі ад імя Марыяны Шчоткінай

Жанчыне не працягнулі кантракт на адной з стратных фірмаў, яна засталася без працы, і цяпер ёй складана знайсці працу ў малым горадзе. Таму яна пераехала з Райцэнтра ў вёску і ўзялася весці разам з мужам уласную падсобную гаспадарку. Цяпер сям'я Мігановічаў трымае 70 коз, здае малако на малочны камбінат і дзякуючы гэтаму жыве. Пра гэта жанчына напісала ў сваім лісце.

«Дармаедам» яе прызналі з тае прычыны, што зямля ў вёсцы, дзе яна жыве, аформлена пад агарод, а не пад уласную падсобную гаспадарку. Хаджэнне па кабінетах падатковай інспекцыі выніку не дало. Хадзіла на прыём да прадстаўніка Лукашэнкі ў Ваўкавыскім райвыканкаме, і там паабяцалі разгледзець справу сур'ёзна.

Тацяна Мігановіч

«Мне асабліва было крыўдна за тое, што ў вёсцы толькі мы з мужам трымаем гаспадарку. Усе суседзі, акрамя курэй, нічога не трымаюць, але затое ў іх зямля аформлена належным чынам. І цяпер яны ходзяць нападпітку і смяюцца з мяне, абзываюць «дармаедкай».

Таццяна і Мікалай Мігановічы паказваюць сваю гаспадарку: козы дагледжаныя, паўсюль чысціня. Кажуць, што работы стае з раніцы і да самага вечара. Але на гэта ніхто не скардзіцца.

«Вы бачыце, што мы тут нават у выхадныя вымушаныя працаваць, бо нашых козачак трэба накарміць, падаіць, прыбраць ля іх - работы хоць адбаўляй», - кажа Таццяна Мігановіч.

Яе муж паказвае розныя механізмы, якія сам зрабіў, каб палегчыць сваю працу. Яго мара - набыць трактар, але грошы на гэта сабраць вельмі цяжка. Нават нарыхтаваць корм складана, бо зямля паўсюль калгасная.

Мікалай Мігановіч даглядае за козамі

«Нас ратуюць фермеры. Купляем у іх сена, моркву, капусту, іншыя кармы. Часам яны аддаюць на корм розныя адкіды. А ў сельсавеце на год вылучаюць тону сена. Мы ні на што не скардзімся, мы жывём на столькі, на колькі зарабляем, мы нікому не вінныя, і нам ніхто не можа прад'явіць ніякіх прэтэнзій. Я калісьці працаваў на экскаватары, добра зарабляў, але заробкі знізіліся, жонка страціла працу, і вымушаныя былі паехаць у вёску, каб хоць чым-небудзь заняцца. Я працую ўсё жыццё, а цяпер нас назвалі «дармаедамі», - абураецца Мікалай Мігановіч.

Таццяна кажа, што ёй нібыта паабяцалі ў райвыканкаме, што вызваляць ад падатку, але афіцыйнай паперы яна пакуль не атрымлівала. А наогул, з ейных слоў, крыўдна не толькі за сябе, але і за іншых людзей, якіх залічылі ў «дармаеды»:

«Я магла б пагадзіцца з такім дэкрэтам, калі б усім 470 тысячам «дармаедаў», якім разаслалі «лісты шчасця», прапанавалі працу і годны заробак. А інакш нават няма пра што і казаць».

Мікалай дадае, што ў наступным годзе і яго прызнаюць «дармаедам», таму што ён, звольніўшыся з працы, паўгода даглядаў за старой бабуляй:

«А цяпер яшчэ скажуць, што зямля аформлена на жонку, і запішуць у «дармаеды», хоць я працую ад світання да заходу сонца. Вось па вёсцы ходзяць п'яныя, ніякага гаспадаркі ніхто не трымае, і ад іх ніхто не патрабуе падатку, бо зямля аформлена правільна. Ну хіба гэта справядліва?»

Таццяна кажа: спачатку думала, што дэкрэт накіраваны супраць алкаголікаў, злосных хуліганаў і асацыяльных людзей. А калі «ліст шчасця» атрымала сама, то не стрымалася і напісала Шчоткінай.

«Я ў сацыяльных сетках бачу, як паказваюць, колькі ў Шчоткінай футраў, ды яшчэ якіх дарагіх. І пакуль «дармаеды» думаюць, дзе ўзяць грошы на падатак, Шчоткіна не ведае, які кажушок ёй надзець. Я таму і запрасіла яе, каб яна прыехала, паглядзела, як мы жывем, на якіх «Лексусах» ездзім. Мой «лексус» каштуе танней за яе футра. Ну, а цяпер далі адказ з сакратарыяту, і відавочна - яна не прыедзе».

Мікалай дадае, што таксама хацеў бы, каб Шчоткіна ў іх пагасцявала:

«Я б завёў яе да коз, каб яна іх пакарміла, падаіла, панасіліся 50-кілаграмовыя пляшкі з малаком, нанасіла вады з калодзежа 300 літраў у дзень, гной выкінула, як гэта робіць мая жонка. Хай бы чалавек ведаў, што такое фізічная праца. Хай бы паспытала, які салодкі хлеб у «дармаеда».

Напісаць каментар 119

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках