27 красавiка 2024, Субота, 1:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты прадаўжаюць барацьбу з уладамі за вуліцу імя Слуцкіх паўстанцаў

2
Актывісты прадаўжаюць барацьбу з уладамі за вуліцу імя Слуцкіх паўстанцаў

Пад петыцыяй падпісаліся сотні чалавек.

Раённы савет дэпутатаў плануе правесці паўторны сход жыхароў вуліцы Камсамольскай у пытанні перайменавання вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў, піша «Новы час».

Пра гэта паведаміў старшыня Слуцкага раённага савета дэпутатаў Віктар Ражанец.

На адрас раённага савета дэпутатаў дайшоў калектыўны зварот у электронным выглядзе ў пытанні перайменавання вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў. На гэты раз яго падпісалі 658 чалавек. З нагоды атрымання электроннага звароту райсавет і праводзіць паўторныя слуханні.

Нагадаем, што 2 лістапада 2016 года грамадскія актывісты Віталь Амяльковіч і Зінаіда Цімошак перадалі ў райвыканкам 550 «папяровых» подпісаў грамадзян за перайменаванне вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў дзеля ўшанавання памяці слуцкіх змагароў за незалежнасць краіны ў 1920 годзе. Калектыўны зварот быў накіраваны ў Слуцкі райвыканкам, які затым арганізаваў правядзенне сходу грамадзян, што пражываюць на вуліцы Камсамольскай. Згодна з пратаколам сходу, жыхары выказаліся супраць такога перайменавання.

Гэтая навіна выклікала цікавасць у неабыякавых грамадзян краіны, бо Слуцкі збройны чын - адметная падзея ў гісторыі Беларусі, а ягоныя ўгодкі нацыянальна-свядомыя грамадзяне адзначаюць кожны год. У падтрымку вуліцы Слуцкіх паўстанцаў дадаткова была арганізаваная электронная петыцыя на сайце zvarot.by.

Стваральнік петыцыі Уладзімір Махнач, які першым паставіў подпіс у электронным звароце, 16 лютага атрымаў адказ ад старшыні Слуцкага раённага савета дэпутатаў. У сваім адказе Віктар Ражанец паведаміў, што інфармацыя пра дату і месца сходу будзе абвешчаная ў мясцовых СМІ і накіраваная Уладзіміру Махначу як першаму падпісанту электроннага звароту дзеля паведамлення іншым.

Віталь Амяльковіч, у сваю чаргу, паведаміў, што некалькі дзён таму ён накіраваў у суд Слуцкага раёна скаргу на парушэнне Слуцкім райвыканкамам заканадаўства аб правядзенні мясцовых сходаў падчас сходу грамадзян для абмеркавання пытання аб перайменаванні ў лістападзе 2016 года.

«Пры арганізацыі і правядзенні сходу мелі месца грубыя парушэнні артыкула 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах». У Канстытуцыі гаворыцца пра неабходнасць размяшчэння інфармацыі аб сходзе ў СМІ або іншымі спосабамі з абавязковым указаннем месца, даты і часу, з пастаноўкай пытанняў для абмеркавання і кантактных звестак службовых асоб. Да таго ж, інфармацыя павінна была з'явіцца за 7 дзён да сходу, - распавёў аб парушэннях заканадаўства грамадскі актывіст. - Таксама ў пратаколе сходу не пазначаныя прозвішчы жыхароў, якія ўдзельнічалі ў сходзе з адраснымі звесткамі. Таму невядома, хто былі тыя 62 удзельнікі сходу і чаму гэты сход прайшоў у такіх таямнічых абставінах. Маюць месца і іншыя парушэнні, і я звяртаю на іх увагу суда».

Віталь Амяльковіч спадзяецца, што новы сход жыхароў раённы савет дэпутатаў правядзе ў адпаведнасці з існым заканадаўствам і не паўторыць памылак кіраўніцтва Слуцкага райвыканкама, не парушыць законныя правы і інтарэсы грамадзян, а таксама праявіць патрыятызм і нацыянальную свядомасць пры абмеркаванні важнай праблемы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках