28 красавiка 2024, Нядзеля, 19:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Захапляюся беларусамі, якія выходзяць на вуліцы

13
Станіслаў Шушкевіч: Захапляюся беларусамі, якія выходзяць на вуліцы
Станіслаў Шушкевіч
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

Лютаўскія Маршы ў Менску і рэгіёнах напалохалі ўладу.

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, які падпісаў Белавежскія пагадненні ад імя нашай краіны, распавёў сайту Charter97.org аб масавых акцыях пратэсту ў Беларусі і звярнуўся да беларусаў перад будучай акцыяй 25 сакавіка.

- Якое ўражанне на Вас зрабілі Маршы абураных беларусаў у Менску і рэгіёнах?

- Я захапляюся тым, што людзі выйшлі на вуліцы. Асабліва прыемна, што не толькі сталіца адрэагавала на гэты антыканстытуцыйны дэкрэт, але і рэгіёны. Я, на жаль, зламаў нагу і не мог браць удзелу ў гэтых падзеях асабіста, але я сачыў за ўсім, што адбывалася, праз СМІ. Мне здаецца, што наша кіраўніцтва не набярэцца мужнасці сказаць людзям у вочы, што гэта быў дурны ўказ і яго трэба скасаваць. Зноў жа, паступаюць пачварныя прапановы, што замест падатку могуць прымусіць людзей плаціць за медыцынскія паслугі. Але гэтыя вырадкі, якія знаходзяцца ў нас ва ўладзе, не разумеюць, што гэта супярэчыць нормам Канстытуцыі. Гэтыя выступы разварушылі і запалохалі ўладу, гэта мяне вельмі радуе.

- На Вашу думку, чаму людзей на акцыях было больш, чым ва ўсе апошнія гады пасля 2010-га?

- Адказ відавочны. Дэкрэт аб «дармаедаў» тычыцца беднякоў. І ён паказвае, што беднякоў у нас больш, чым усіх астатніх. Бо хто выйшаў на гэтыя акцыі? Так званыя «дармаеды» і людзі, што ім спачуваюць, якія знаходзяцца ў падобным матэрыяльным становішчы. Гэтыя акцыі сведчаць аб збядненні народа.

- 90% беларусаў байкатавала скандальны дэкрэт, пра што гэта кажа?

- Гэта паказвае глупства і некампетэнтнасць нашай улады.

Не тое, што яна неразумная, а проста дурная. Сапраўдныя эканамісты, калі шукаюць папаўненне для бюджэту, бяруць грошы там, дзе яны ёсць. У багатых людзей, калі гаворка ідзе пра ўнутраныя інвестыцыі. Калі ж мы гаворым пра замежныя - трэба шукаць у багатых краін. А Лукашэнка ездзіць у Егіпет і Судан і канькае там шэлегі.

- Мікалай Статкевіч заявіў, што лозунг «Жыве Беларусь!» у святле апошніх падзей становіцца сацыяльным. Ці згодныя Вы з гэтым?

- Я мяркую, што асвета і навучанне насельніцтва не праходзіць дарма. Моладзь разумее, што на гэтай ніве трэба арганізоўваць супрацьстаянне ўладам. Нам няма ў каго шукаць падтрымкі. Трэба дзейнічаць па-беларуску. Ведаць сваю мову, падтрымліваць барацьбу Беларусі за незалежнасць. Усе вядомыя палітычныя дзеячы падтрымліваюць такі падыход. З гэтым дэкрэтам прыйшло ўсведамленне таго, што незалежная Беларусь зможа забяспечыць сваім грамадзянам годнае існаванне. Менавіта незалежнасць, a не гэтае прыслугоўванне Расеі, якое назіраецца ў нашага правадыра, які едзе ў Сочы, каб недзе там выпіць кубачак гарбаты з Пуціным, а ўсімі падзеямі ў краіне грэбуе. Гэты лозунг - дэманстрацыя таго, што нам трэба быць самастойнымі, а не выдыгаць перад усходнім суседам.

- Што б Вы хацелі сказаць беларусам напярэдадні акцыі 25 сакавіка?

- Я хачу сказаць вялікі дзякуй вам за тое, што вы разумееце працэсы, якія адбываюцца ў краіне і актыўна бераце ў іх удзел. На жаль, не магу цяпер быць з вамі, але як толькі паправіцца нага - буду поплеч.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках