28 красавiка 2024, Нядзеля, 0:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вясёлыя жанчыны з Піншчыны скараюць Youtube народнымі песнямі

13
Вясёлыя жанчыны з Піншчыны скараюць Youtube народнымі песнямі
СКРЫНШОТ: YOUTUBE.COM

На Youtube набіраюць папулярнасць відэа жаночага дуэта “Дабраславачка”, Таццяны і Жанны, якія жывуць у палескай вёсцы Дабраслаўка.

Напрыклад, ролік «Ой, ты Лілея-Лілія» праглядзела больш за 140 тысяч чалавек. Таццяна грае на барабане, Жана ― на гармоніку, абедзве спяваюць.

"Мы — самародкі, — распавядае ў размове з Еўрарадыё Таццяна. — У мяне бацька барабаніў, а ў Жанны бацька граў "на вэсэллях" на гармоніку. Жанна прыйшла працаваць да нас у клуб, дзе я працую таксама, так наш ансамбль і арганізаваўся, стаў часткай народнага этнаграфічнага калектыву "Дабраславачка".

Жанчыны выконваюць як мясцовыя народныя песні, так і кампазіцыі, якія даўно сышлі ў народ і аўтараў якіх складана ідэнтыфікаваць. У такім складзе музыканткі працуюць пяць гадоў. І, кажа Таццяна, вельмі паспяхова — граюць не толькі ў мясцовых клубах і на рэспубліканскіх фестывалях, але і на карпаратывах!

"Людзі засумавалі па такой музыцы, такой вясковай. Барабан ды гармонік некаторым нагадваюць маладосць. Бо ў асноўным мы ездзім граць да тых, каму за 40. Настальгія... А што цяпер — мікрафон у рукі, на кнопку націснеш і спяваеш. А мы ж граем з душой, ды тут яшчэ жанчына на барабане. Ды ж і на месцы не стаім. Я барабан свой не чую, бо не ён барабаніць, а я", — смяецца Таццяна.

Па словах артысткі, на карпаратывах яны граюць дзве-тры гадзіны. За гэта дуэт просіць усяго 50-60 рублёў.

"Нас запрашаюць і запрашаюць, вунь толькі што ў школе выступалі, а ўвечары граем на юбілеі. Кажуць, маўляў, мала бярэм. Але мы ведаем свой узровень, ды і ў людзей грошай не шмат. Ведаеце, пойдзем граць на 70-годдзе бабулі, у якой пенсія 200 рублёў, ну як з яе больш возьмеш? Часам нехта, калі хоча, больш дае", — працягвае Таццяна.

Сама Таццяна ў клубе працуе 30 гадоў. Кажа, што дзякуючы дуэту ў установы ў тым ліку атрымліваецца выконваць і платныя паслугі. У Пінскім раёне іх ведаюць. Але, смяецца Таццяна, яе партнёрка па дуэце Жанна не супраць паўдзельнічаць у конкурсах ды знайсці для калектыву прадзюсара.

"Але я кажу, што калі хто захоча, той сам нас знойдзе", — рэзюмуе Таццяна і кажа, што спяваць ды граць яны з Жаннай будуць, пакуль хопіць сіл.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках