7 траўня 2024, aўторак, 10:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дома засталіся толькі Сапегі і прадстаўнікі іншых фамілій»

4
«Дома засталіся толькі Сапегі і прадстаўнікі іншых фамілій»
Мацей Радзівіл
ФОТА: TUT.BY

На выставе ў Менску князь Мацей Радзівіл распавёў пра бізнэс, дзяцей і сямейныя партрэты.

Нашчадак Радзівіла Сіроткі ў 14-м калене прэзентаваў выставу пра гісторыю свайго знакамітага роду ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, піша tut.by.

У Менску Мацей Радзівіл упершыню пабываў гадоў трыццаць таму. Кажа, што тады ягонай калекцыі яшчэ не існавала. Радзівіл вучыўся ў Варшаўскім універсітэце, некалькі гадоў пасля абароны дыплома працаваў на факультэце філасофіі і сацыялогіі, але пазней сышоў у бізнэс. І атрымаў поспех у гэтым. Адна з буйных польскіх кампаній, з якой звязанае імя Мацея Радзівіла, займаецца рэканструкцыяй і будаўніцтвам чыгуначных шляхоў. Калісьці ён узначальваў гэтае прадпрыемства, а сёння вядзе яго справы ў Літве.

На выставе ў Менску прадэманстраваныя блізу ста прадметаў з калекцыі князя - мініяцюры, медалі, мастацкія тканіны, графічныя і жывапісныя партрэты. Некалькі твораў дасталіся ад сваякоў. Нешта было купленае ў антыквараў, з якімі знаёмы асабіста. Нешта - з аўкцыёнаў.

- Дома засталіся толькі Сапегі і прадстаўнікі іншых фамілій, - жартаваў князь, маючы на ўвазе, што прывёз у Менск усе партрэты Радзівілаў, якімі валодае.

Імёны аўтараў, якія стварылі большасць твораў, невядомыя. Толькі нешматлікія карціны напісаныя знакамітымі мастакамі. Напрыклад, італійцам Марчэла Бачарэлі (1731-1818), які працаваў пры двары Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

- Гэтыя партрэты, як фатаграфіі сёння. Іх маглі паўтараць па некалькі разоў для розных рэзідэнцый, - растлумачыў калекцыянер.

На гісторыі адной з карцін спыніўся падрабязней. Яна звяртае ўвагу ў чарадзе партрэтаў. Гэта сюжэтнае палатно «Паляванне ў Нясвіжы з удзелам кронпрынца Вільгельма».

- Неяк да мяне ў госці прыехаў адзін італійскі князь. Ён вялікі паляўнічы. Паглядзеў уважліва на карціну і сказаў: «Як можна было падстрэліць мядзведзя зімой?» Але, відавочна, звера абудзілі да прыезду кронпрынца, - жартаваў Радзівіл.

Карціна «Паляванне ў Нясвіжы...» - з тых, што асацыююцца ў яго з дзяцінствам. Яна належала бабулі Мацея Радзівіла.

- У бабуліным доме заўсёды збіралася шмат гасцей. І ў мяне была магчымасць размаўляць з яе атачэннем, людзьмі, якія нарадзіліся ў XIX стагоддзі. Дзякуючы ім стаў цікавіцца гісторыяй не толькі свайго роду, але і іншых - Сапегаў, Чартарыйскіх.

Сёння ён стараецца зацікавіць гэтым сваіх дзяцей - у Мацея Радзівіла іх пяцёра. Упэўнены, што навязваць веды - бессэнсоўна. Важна размаўляць у сям'і, распавядаць пра прадметы, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

У Нясвіжскім замку, гістарычнай фамільнай рэзідэнцыі Радзівілаў, быў не раз. У гэты прыезд паездку туды не плануе. Можа быць, восенню, на стагоддзе Альжбеты Радзівіл - дачкі апошняга гаспадара замка, якой давялося жыць там у дзяцінстве і юнацтве.

- Нягледзячы на ўзрост, цётка яшчэ моцная. І мне б хацелася яшчэ раз прывезці яе ў Нясвіж.

На пытанне наведвальніка музея, дзе можна паглядзець выставу ў Польшчы, калекцыянер адказаў з іроніяй. Звычайна прадметы захоўваюцца ў яго дома, а туды квіткоў не прадаецца. І дадаў, што калі гісторыкі мастацтва звяртаюцца з просьбай пазнаёміцца з калекцыяй, заўсёды рады гэтаму.

Пасля гадзіннай размовы з князем госці вечарыны сталі ў чаргу па аўтографы. Маладыя беларускія дызайнеры Анастасія Васючэнка і Марыя Старыкава наважыліся паказаць Мацею Радзівілу сучасныя гістарычныя партрэты. На адным з эскізаў адзін з прадстаўнікоў магутнага княжацкага роду намаляваны ў акулярах, як у Джона Ленана. Князь ухваліў працы і пажадаў дызайнерам поспеху.

- Мы так хваляваліся! Але яму спадабалася наша ідэя, - радаваліся дзяўчаты.

Запэўнілі, што калекцыя трыкатажу ўжо ў распрацоўцы, у продажы з'явіцца восенню гэтага года.

Выстава твораў з калекцыі Мацея Мікалая Радзівіла «Радзівілы: лёсы краіны і роду» будзе доўжыцца да 16 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі. Экспазіцыю дапаўняюць партрэты князёў са збору музея, якія да 1939 года знаходзіліся ў Нясвіжскім замку. А таксама рэдкія старадрукаваныя кнігі і фотаальбом з калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі і дакументы з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках