27 красавiка 2024, Субота, 8:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрты: Лукашэнка апынуўся ў тупіку праз расейскую нафту

40
Экспэрты: Лукашэнка апынуўся ў тупіку праз расейскую нафту

Альтэрнатыўных варыянтаў для дыктатара ў нафтагазавай спрэчцы не існуе.

Беларусь і Расея больш за год не могуць развязаць нафтагазавы канфлікт, у выніку якога беларускі бюджэт нясе мільярдныя страты праз недазагружаныя нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Беларускі бок спрабуе знайсці альтэрнатыву пастаўкам нафтавай сыравіны з Расеі, аднак варыянты не гарантуюць такой жа прыбытковасці, якую дае імпарт расейскай нафты, піша DW.

Скарачэнне паставак

Праз газавы канфлікт Расея ў 2016 годзе скараціла пастаўкі сваёй нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ) з неабходных ім 24 мільёнаў тон у год да 18 млн тон. Калі ўсходняя суседка ў гэтым годзе паменшыць аб'ём паставак нафты да 16 мільёнаў тон у год, то без альтэрнатывы Беларусі не абысціся.

Як адзначае эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак, у першым квартале 2017 года Расея пагадзілася паставіць у Беларусь толькі 4 мільёны тон нафты замест 5,8 мільёна тон у параўнанні з першым кварталам 2016 года.

Такое зразанне прыводзіць да таго, што дзейнасць беларускіх НПЗ становіцца амаль нерэнтабельнай, бо, паводле ацэнак спецыялістаў, магутнасці беларускай нафцянкі могуць перапрацоўваць да 30 мільёнаў тон сыравіны ў год. Гэта значыць, што беларускім НПЗ трэба адшукаць амаль удвая больш нафты, чым гатовая пастаўляць РФ, каб працаваць з поўнай аддачай. Але ці ёсць такія альтэрнатывы?

Неапраўданыя чаканні

Беларусь ужо спрабавала шукаць замену расейскай нафты для запаўнення сваіх НПЗ. Гэта былі варыянты з пастаўкамі сыравіны з Венесуэлы, Азербайджана, разглядаўся нават праект паставак з Канады. Аднак усе гэтыя варыянты не аказаліся перспектыўнымі і больш выйгрышнымі ў параўнанні з расейскімі пастаўкамі.

Са слоў кіраўніка беларускага аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леаніда Заікі, варыянты куплі альтэрнатыўнай нафты маглі б з'явіцца. Напрыклад, калі набываць яе на біржы ў Амстэрдаме. «Але з улікам дастаўкі, пры дапамозе танкераў і потым цыстэрнамі, гэтая нафта абыдзецца Беларусі даражэй. Так што рэальнай альтэрнатывы расейскай нафты пакуль няма», - кажа эканаміст. Расейская нафта таннейшая, бліжэйшая, і беларускія НПЗ настроены на яе перапрацоўку і тэхнічна лепш прыстасаваныя для гэтага.

Экспэрт дадае, што тут няма праблемы менавіта паміж Беларуссю і Расеяй, а існуюць супярэчнасці паміж кіраўнікамі дзвюх краін Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам. «Варта толькі Лукашэнку сказаць штосьці непрыемнае для Пуціна, як Крэмль перакрывае вентыль», - звяртае ўвагу эканаміст.

Так што, на думку суразмоўцы, на пастаўкі альтэрнатыўнай нафты, якая змагла б цалкам замяніць расейскую, разлічваць не трэба. Заіка нагадвае, што падчас папярэдняга канфлікту, калі Беларусь таксама шукала альтэрнатыўныя варыянты, яна купляла нафту ў Венесуэле і Азербайджане па 800 даляраў за тону, у той час як расейская абыходзілася ёй у 400 даляраў. «Паводле маіх падлікаў, тады на гэтай выдатнай канцэптуалізацыі Беларусь страціла блізу паўтара мільярды даляраў», - адзначыў экспэрт.

Ці можа быць альтэрнатыва?

Эканаміст Леў Марголін упэўнены, што ў выпадку, калі беларускія ўлады не пойдуць на структурныя рэформы ў эканоміцы, то і альтэрнатывы пастаўкам расейскай нафты існаваць не будзе. Ён нагадвае, што нафтавая галіна была і з'яўляецца адным з галоўных валютных донараў дзяржавы. Іншае пытанне, наколькі сур'ёзна сёння Менск ставіцца да паставак нафты не з Расеі.

На думку экспэрта, гэта цяпер толькі пытанне прынцыпу. Марголін уважае, што тыя аб'ёмы, пра якія сёння ідзе гаворка (у выпадку з Іранам гэта 600 тысяч тон нафты), не змогуць істотна змяніць сітуацыю на беларускіх НПЗ.

Эканаміст падкрэслівае, што гаворка павінна ісці пра мільёны тон сыравіны, а арганізаваць пастаўкі такога аб'ёму нафты танкерамі і цыстэрнамі даволі складана і дорага. Нават купля нафты ў Расеі пры самых неспрыяльных умовах і дастаўка яе ў Беларусь цыстэрнамі, а не па нафтаправодзе, была б таннейшай, мяркуе экспэрт.

«Пытанне паставак расейскай нафты ў Беларусь - гэта справа прынцыпу, і тут усё залежыць ад таго, хто будзе больш упарты - Лукашэнка ці Пуцін», - кажа суразмоўца. Але ж у Масквы аргументаў і козыраў больш, то ў гэтай спрэчцы больш паспяховай будзе Расея.

Галоўны козыр заключаецца ў тым, што ў эканамічным плане Расея не залежыць ад Беларусі, дадае Марголін. «Вельмі характэрную заяву зрабіў кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт, які сказаў, што калі б яны хацелі, то маглі б закрыць расейскі рынак для паставак сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі, і Расея практычна гэтага нават і не заўважыць. А для Беларусі кожны дзень гэтай неаб'яўленай вайны азначае мільённыя страты, прычым на недапастаўках нафты мы губляем больш, чым бы мы цалкам плацілі за кантрактныя пастаўкі газу», - падсумаваў эканаміст.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках