28 красавiка 2024, Нядзеля, 13:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Грузіі, які прыбыў у Менск, не мае паўнамоцтваў для падпісання пагадненняў

20
Прэзідэнт Грузіі, які прыбыў у Менск, не мае паўнамоцтваў для падпісання пагадненняў
ГЕОРГІЙ МАРГВЕЛАШВІЛІ
ФОТА: RFE/RL

На сустрэчу з Лукашэнкам прыляцеў практычна «вясельны генерал», дзейнасць якога кантралюецца парламентам Грузіі.

Супрацоўнік грузінскай службы «Радыё Свабода» Коба Ліклікадзе на просьбу беларускага «Радыё Свабода» пракаментаваў візіт у Менск прэзідэнта Грузіі Георгія Маргвелашвілі.

- Нагадайце, калі ласка, хто такі Георгій Маргвелашвілі, адкуль ён узяўся на палітычнай сцэне Грузіі?

- Георгій Маргвелашвілі вельмі вядомы ў Грузіі чалавек. І не толькі як прэзідэнт, але і як былы кіраўнік недзяржаўнага інстытута, які выгадаваў шэраг грузінскіх палітыкаў і піяр-спецыялістаў. Ён быў асабістым сябрам былога прэм'ер-міністра Зураба Жваніі. І заўсёды гуляў не палітычную ролю, але хутчэй аказваў уплыў на грамадскае меркаванне. Ён вельмі добры прамоўца. І заўсёды розныя палітыкі хацелі зацягнуць Маргвелашвілі ў сваю каманду. Ён выбраў мільярдэра і будучага прэм'ер-міністра Бідзіну Іванішвілі і стаў сябрам яго каманды перад свабоднымі многапартыйнымі выбарамі кастрычніка 2012 года, калі кааліцыя «Грузінская мара» перамагла кіроўную партыю Міхаіла Саакашвілі. З таго моманту пачынаецца імклівая палітычнай кар'ера Георгія Маргвелашвілі. Ён становіцца міністрам адукацыі Грузіі і, разам з тым, актыўна выступае і падтрымлівае Бідзіну Іванішвілі. У выніку, калі Саакашвілі сышоў з пасады прэзідэнта, і былі абвешчаныя прэзідэнцкія выбары, Іванішвілі вылучыў Маргвелашвілі кандыдатам у прэзідэнты. Падтрымка Іванішвілі прывяла да таго, што ў 2013 годзе Маргвелашвілі з вялікім адрывам выйграў прэзідэнцкія выбары, набраўшы а 66 адсоткаў галасоў.

- Цяпер Іванішвілі захоўвае ўплыў на Маргвелашвілі?

- Не, Іванішвілі не захаваў на яго ніякага ўплыву. Маргвелашвілі аказаўся вельмі непаслухмяным пратэжэ. Між іншым, і сам былы прэм'ер Іванішвілі не раз гэта падкрэсліваў. У Маргвелашвілі значна менш паўнамоцтваў, чым было ў Саакашвілі, які сам, дарэчы, іх паменшыў на карысць прэм'ер-міністра. Паколькі Георгій Маргвелашвілі ва ўсіх спрэчках заўсёды прымае бок недзяржаўных арганізацый, прадстаўнікі кіроўных партый называюць яго прадстаўніком самай вялікай НДА Грузіі - адміністрацыі прэзідэнта.

Таму сёння Маргвелашвілі можа ўплываць на грамадскае меркаванне і выкарыстоўваць права вета, калі ён лічыць, што мае месца парушэнне Канстытуцыі з боку прадстаўнікоў урада ці парламента. Карацей кажучы, ужо ў першыя месяцы прэзідэнцтва Маргвелашвілі пачаў дыстанцыявацца ад кааліцыі Іванішвілі і пачаў рабіцца самастойным прэзідэнтам Грузіі, што прывяло да канфлікту з кааліцыяй Іванішвілі «Грузінская мара», які працягваецца дагэтуль. Я думаю, што Маргвелашвілі зрабіў гэта наўмысна, бо раней яго называлі марыянеткай у руках Іванішвілі.

- У гэтым сэнсе цікава, што ўрадавыя агенцтвы Беларусі паведамляюць, што чакаецца падпісанне шэрагу двухбаковых пагадненняў, а ў спісе пытанняў для абмеркавання двух прэзідэнтаў фігуруе гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне.

- Гэта сапраўды інтрыгуе, бо паўнамоцтвы двух прэзідэнтаў розныя. Адна справа Лукашэнка, які мае адпаведныя паўнамоцтвы, а іншае - Маргвелашвілі, які такіх паўнамоцтваў не мае. Таму мне не зразумела, на падпісанне якіх міждзяржаўных пагадненняў можа разлічваць Маргвелашвілі. Да таго ж, цяпер у Грузіі ідзе актыўнае абмеркаванне новых канстытуцыйных паправак, якія яшчэ больш памяншаюць і без таго мізэрныя паўнамоцтвы прэзідэнта Грузіі.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках