28 красавiка 2024, Нядзеля, 1:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхал Анемпадыстаў распавёў пра сапраўдны беларускі колер

1
Міхал Анемпадыстаў распавёў пра сапраўдны беларускі колер
МІХАІЛ АНЕМПАДЫСТАЎ

Нацыянальную калярыстыку вядомы паэт і мастак даследуе шмат гадоў.

Які ён – колер Беларусі? Можа, гэта колер васількоў або лёну, малака або жытняга хлеба? Нацыянальную калярыстыку шмат гадоў даследуе паэт і мастак Міхал Анемпадыстаў, ягоная выстава адкрылася ў галерэі Беларускага саюза дызайнераў.

На здымках – уся палітра традыцыйных для нашай культуры барваў. А знаходзіць гэтыя фарбы мастак у самых простых, базавых беларускіх рэчах. Жоўты – колер сонца, саломы і румянага бліна, чырвоны – велікоднага яйка, зялёны – сакавітай травы і недаспелы памідораў, перадае «Белсат».

І хоць распавядаць словамі аб колеры – справа няўдзячная, аўтар выставы, мастак і дызайнер Міхал Анемпадыстаў умее сказаць паэтычна:

«Калі мы кажам аб белым колеры – гэта малако, крэйда, напрыклад, тканіна, перадусім лён адбелены – гэта ідэал прыгажосці, самае эстэтычнае, што чалавек можа зрабіць, – гэта бялюсенькі «кужалёк», не проста белы, а бялюсенькі».

Фота на выставе – гэта ілюстрацыі да кнігі Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі», якая з'явіцца ўжо ў сакавіку. У кнізе мастак разглядае колеры як частку беларускай ідэнтычнасці. Вывучаючы фальклор, тапаніміку, этымалогію, ён спрабуе вызначыць колеры, якія падабаліся беларусам гістарычна – на працягу стагоддзяў і нават тысячагоддзяў. А наш густ можа шмат сказаць аб нашым характары. Чаму шэранькі каток – станоўчы герой беларускіх казак? А чорны колер – не абавязкова страшны або жалобны?

«У лекцыях Міхала і, спадзяюся, у кнізе – і аб тэхналогіі вырабу колеру, і аб тым, у якіх традыцыях ён быў. Аўтар пералічвае ўсе колеры і разглядае, як яны былі прыдатныя да беларускай культурай», - распавяла куратарка «Лятучага ўніверсітэту» Таццяна Вадалажская.

У экспазіцыі няма подпісаў да фота. Гледачы мусяць самі прыслухацца да ўласных візуальных адчуванняў.

Але на выставе, якая будзе працаваць да 24 сакавіка ў памяшканні Саюза дызайнераў у Менску, арганізатары з Лятучага ўніверсітэта ўжо паабяцалі зладзіць экскурс па беларускай калярыстыцы ад Міхала Анемпадыстава.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках