8 траўня 2024, Серада, 0:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

План Статкевіча на 25 і 26 сакавіка

171
План Статкевіча на 25 і 26 сакавіка
Мікалай Статкевіч

Мы прапануем дыялог і мірны сцэнар пераменаў.

Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч агучыў у эфіры «Белсата» план дзеянняў на Дзень Волі:

- Мы збіраемся а 14:00 каля «Акадэміі Навук». Заяўка пададзеная, ёсць заяўнікі на шэсце да цэнтра Менска. Я раю ўладзе паважаць волю народа, яго канстытуцыйнае права на пратэст і даць гэты дазвол. Але калі ўлада спалохаецца, а яна вельмі баіцца выдаваць гэты дазвол, мы ўсё роўна выйдзем і пройдзем па нашым праспекце, а ён дазваляе гэта зрабіць – ён шырокі. Я думаю, што тыя дзесяткі тысяч людзей, якія прыйдуць, змогуць там змясціцца.

Думаю, што ДАІ загадзя павінна паклапаціцца, каб спыніць рух - яны ж павінны думаць пра бяспеку людзей, на ходніках мы не змесцімся. Пройдзем па праспекце ў Дзень Волі! Гэта дзень нашай волі да нармальнага жыцця і Дзень Незалежнасці.

Таму мы пойдзем на плошчу Незалежнасці. Пачнём мы з мітынгу каля «Акадэміі Навук» (ля «Акадэмія Навук», а не ля кінатэатра «Кастрычнік»), дзе прымем рэзалюцыю, а потым пойдзем на плошчу Незалежнасці. Па дарозе ўскладзем кветкі ля будынка, дзе гэтая незалежнасць была абвешчаная. І ўжо на плошчы Незалежнасці мы прымем пастанову, як далей мы будзем дзейнічаць, каб мірна і спакойна дамагчыся пераменаў у краіне.

Я думаю, зараз увесь народ хоча менавіта мірных пераменаў. Але гэта патрабуе працы. Давядзецца выходзіць не адзін раз, магчыма выходзіць часта, аказваць ціск на іх, дамагацца саступак, прымушаць іх размаўляць з народам. Калі ўлада паводзіць сябе няправільна, то я баюся, што частка народа захоча іншых пераменаў. Я перасцерагаю ад гэтага ўладу. Вы павінны даць нам права выказацца і вы павінны слухаць нас!

- Такія заклікі да павагі народа з боку ўлады гучаць усе гэтыя гады. Аднак ніякіх ілюзій мы не маем ніякага павагі ад уладаў няма. У такой сітуацыі, ці не баіцеся вы ці не прадугледжваеце вы спробы ўладаў дзейнічаць па накатаным сцэнары магчымых рэпрэсій? Прадугледжваецца якое-небудзь супрацьдзеянне з боку арганізатараў?

- Ведаеце што? БТ палохае, вы палохаеце...(смяецца)

Калі нас будзе шмат – нас ніхто не кране! Нават калі нам закрыюць дарогу – мы спакойна і мірна знойдзем, як ісці. Менск – вялікі горад, вясна, пагуляем па ім. Пакажам, што нас шмат. Калі выйдзе 100-200 тысяч – нас будуць паважаць! Усё залежыць ад гэтага. Таму я яшчэ раз звяртаюся:

Беларусы! Пара ўжо развязваць гэтае пытанне! 25 сакавіка, 14:00, Менск, «Акадэмія Навук». 26 сакавіка, на наступны дзень, 12:00 на плошчах вашых гарадоў. Прымусім іх памятаць, што гэта яны павінны нам служыць, а не мы ім.

- Яшчэ хацелася б па арганізацыйных момантах ўдакладніць. Ці ўзгоднены гэты сцэнар, які вы агучылі на пачатку нашай гутаркі, з іншымі арганізатарамі?

- Заяўнікі акцыі, з якімі я размаўляў, усе згодныя, што я бяру на сябе адказнасць за правядзенне акцыі. Заўтра пагавару з астатнімі. Усе разумеюць, што ў мяне больш магчымасцяў у сілу свайго досведу і ў сілу свайго, прабачце, аўтарытэту, правесці гэтую акцыю належным чынам.

- Таксама хацелі папрасіць вас у наўпроставым эфіры звярнуцца да розных груп насельніцтва Беларусі. Асабіста да беларусаў, асабіста да сілавікоў і асабіста да цяперашняй улады.

- Я прапаную выбраць уладам таксама мірны сцэнар. Калі яна яго не абярэ – перамены ўсё роўна адбудуцца. Але яны заплацяць вельмі высокую цану за тое, што паспеюць нарабіць. І тыя людзі, якія збівалі дзяцей, рана ці позна будуць прыцягнутыя да адказнасці. Мы пакуль што прапануем дыялог! І не спрабуйце круціць. Усе іншыя варыянты будуць дрэннымі для вас. Яны таксама будуць дрэннымі для Беларусі, таму мы пакуль і прапануем дыялог.

- Гэта быў зварот да ўлады. Можа быць цяпер як афіцэр звярніцеся да сілавікоў?

- Я хацеў бы звярнуцца да жаўнераў і афіцэраў, якія будуць выконваць загады. Вас інструктуюць. Вось даінструктаваліся да нападу на дзяцей: ідэалістаў, рамантыкаў, якія вераць, што бескласавая грамадства магчымае, што можна жыць без дзяржавы пад самакіраваннем. Дай бог, каб гэта калі-небудзь адбылося. На інструктажах вам распавялі, што гэтыя дзеці – самыя злосныя тэрарысты, мачыце іх!

Думайце! Я не кажу пра сумленне і гонар. Тыя, хто гэта зрабіў, іх не маюць. Да гэтых заклікаць безнадзейна. Але я кажу пра тое, што побач з вамі ваш таварыш будзе ўсё гэта запісваць. Калі зменіцца ўлада, уся гэтая інфармацыя, хто што рабіў, хто на каго пакрыўдзіўся, хто на чыё месца або кватэру меціць, усё гэта выплыве. Мы гэта праходзілі пасля ГКЧП у 1991 годзе: як толькі надрукавалі тэлефоны – пайшла хваля даносаў. І вы можаце апынуцца крайнім і стаўленне да вас будзе зусім іншым.

- І цяпер зварот да беларусаў, магчымых удзельнікаў акцыі.

- Я бачу, як цяпер прачынаецца годнасць нашага народу. Як беларусы, урэшце, пачынаюць лічыць сябе людзьмі. Давайце давядзем гэтую працу вяртання да нармальнай краіны да канца. Нам не ўдасца па адным адседзецца, перажыць гэта. Гэта тычыцца ўсіх. Калі мы не зменім гэтых людзей, якія раскралі ўсё, што маглі, якія плююць нам са сваіх тэлевізараў у твар, калі мы не зменім іх цяпер, то потым будзем мець справу з іх «прынцамі», а потым з «прынцамі» іх «прынцаў».

Ніхто не зробіць гэта за нас. Трэба набрацца мужнасці, цярпення і зрабіць тое, што трэба зрабіць. Мы гэта зробім! Беларусь будзе свабоднай! Уладу народу! Жыве Беларусь!

- Жыве вечна! Дзякуй вялікі за гутарку!

Напісаць каментар 171

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках