У Мінску затрымалі расіяніна, які арганізаваў афёру з «папяровым ПДВ»
- 23.07.2026, 23:31
У яго кампаніі нулёвая выручка за мінулы год, хоць яна працуе ўжо 27 гадоў.
У Мінску затрымалі расіяніна Аляксандра Асіна, якога праваахоўнікі лічаць арганізатарам адной з найбуйнейшых у Расіі ценявых пляцовак па продажы так званага «папяровага ПДВ». Пра гэта піша «КоммерсантЪ».
У Мінску Асін жыве каля паўгода. Ён — уладальнік фірмы «Справочная 055», якая працуе ў сферы падатковага кансультавання. У кампаніі нулёвая выручка за мінулы год, хоць яна працуе ўжо 27 гадоў. Таксама Асін значыцца заснавальнікам і дырэктарам ІТ-кампаніі «Контер», перадае РБК.
Паводле версіі следства, Аляксандр Асін з’яўляецца арганізатарам адной з найбуйнейшых у краіне інтэрнэт-пляцовак па продажы так званага «папяровага ПДВ». Гэта схема, паводле якой кампаніі ствараюць фіктыўныя здзелкі з фірмамі-аднадзёнкамі, каб атрымаць падатковы вылік. Насамрэч тавару або паслугі не існуе, але дакументы афармляюць так, быццам аперацыя адбылася. У выніку кампанія памяншае суму ПДВ, якую павінна заплаціць дзяржаве, тлумачыў тэлеграм-канал Baza.
Толькі з 2023 па 2025 год праз пляцоўку Асіна былі аформлены фіктыўныя вылікі па ПДВ на суму больш за 1,2 трлн руб. (каля 44,2 млрд беларускіх рублёў). Тысячам кліентаў Асіна ўжо выстаўлены патрабаванні аб сплаце падаткаў на суму больш як 300 млрд рублёў (11,12 млрд беларускіх рублёў). Цяпер Расія і Беларусь вядуць перамовы аб яго экстрадыцыі, перадае «КоммерсантЪ».