27 красавiка 2024, Субота, 6:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NATO: На «Захад-2017» нас не запрашалі ні Менск, ні Масква

14
NATO: На «Захад-2017» нас не запрашалі ні Менск, ні Масква

Альянс не атрымліваў ніякага запрашэння для назірання за расейска-беларускімі вучэннямі.

Афіцыйны прадстаўнік NАТО, які пажадаў застацца ананімным, паведаміў «Свабодзе» праз прэс-службу Паўночнаатлантычнага альянсу, што альянс не атрымаў ніякага запрашэння для назірання за расейска-беларускімі вучэннямі «Захад-2017», што запланаваныя на верасень.

«Мы віталі б запрашэнне назіраць за вучэннямі «Захад-2017». Мы чакаем афіцыйнага запрашэння для назіральнікаў NATO, у адпаведнасці з тэзісамі Венскага дакумента. Такое запрашэнне будзе важным крокам наперад у вайсковай празрыстасці і прадказальнасці», - сказаў згаданы прадстаўнік NATO.

І ён дадаў:

«У снежні мы абмяркоўвалі, як мы можам умацаваць Раду Расея-NATO ў якасці форуму для ўзаемных брыфінгаў аб вучэннях. Мы віталі б папярэдні брыфінг аб вучэннях Захад-2017».

Агенцтва БелТА паведамляла, што 20 сакавіка Лукашэнка заявіў, што на манеўры «Захад-2017» будуць запрошаныя ўсе ахвочыя. «Мы нічога не хаваем і хаваць не павінны. Калі «натаўцы» хочуць быць на нашых манеўрах, калі ласка», - сказаў Лукашэнка.

Венскі дакумент - пагадненне паміж дзяржавамі-удзельніцамі Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе, прызначанае для ажыццяўлення захадаў даверу і бяспекі. Яго тэзісы ўключаюць, сярод іншага, штогадовы абмен вайсковай інфармацыяй аб сілах, размешчаных у Еўропе, кансультацыі наконт незвычайных вайсковых дзеянняў і небяспечных інцыдэнтаў, а таксама назіранне за пэўнымі тыпамі вайсковай дзейнасці.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках