27 красавiка 2024, Субота, 2:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Някляеў: Санкцыі супраць Лукашэнкі могуць быць яшчэ больш жорсткія, чым у 2010 годзе

20
Уладзімір Някляеў: Санкцыі супраць Лукашэнкі могуць быць яшчэ больш жорсткія, чым у 2010 годзе
Уладзімір Някляеў

Дэпутаты Сейма Польшчы гатовыя ўвесці санкцыі, калі беларускія ўлады выступяць супраць мірнай акцыі 25 сакавіка.

Пра гэта паведаміў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў.

«Аб чым я распавядаў сёння ў польскім Міністэрстве замежных спраў і ў парламенце Польшчы?

Першае (гэта нават самае першае): пра палітвязняў. Усе грамадзяне Беларусі, якія зазналі рэпрэсіі рэжыму за ўдзел у пратэстах - палітвязні! Яны рэпрэсаваныя за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі, за свае перакананні. І неабходна - гэта проста абавязак заходняй дэмакратыі! - усё зрабіць для таго, каб палітвязняў у Беларусі, еўрапейскай краіне, не было.

Ні толькі сёння - ніколі.

Другое.

Я за дыялог ЕЗ з Беларуссю, але я і за маналог беларускага народа. За ягонае права свабодна выказваць сваю волю. Гэта права запісанае ў Канстытуцыі, а беларуская ўлада, перш за ўсё дыктатар даўно ўжо трактуе гэта права як злачынства! За спробу ім скарыстацца - турма. Нельга дараваць уладам такую інтэрпрэтацыю Канстытуцыі, нельга гэтага дапусціць.

Трэцяе.

Калі рэжым паўтарае пройдзенае, вяртае краіну да сітуацыі, якая ўзнікла пасля рэпрэсій 2010 года, то гэта не азначае, што вяртацца да пройдзенага павінна апазіцыя, беларускі дэмакратычны рух. Напрыклад, я не за тое, каб вяртаць санкцыі. Але калі ў дзень Волі, у дзень нашага нацыянальнага свята рэжым пойдзе на брутальныя дзеянні ў дачыненні да яго ўдзельнікаў, ён сам прымусіць вярнуцца да пытання санкцый. І больш жорсткіх, чым тыя, якія былі. Дэпутаты Сейма запэўнілі, што стануць ініцыятарамі ўвядзення санкцый у выпадку рэпрэсій 25 сакавіка.

Я сказаў пра незалежныя СМІ, пра неабходнасць іх падтрымкі. Калі б іх не было, калі б іх не стала, чаго дамагаецца ў «дыялогу» з ЕЗ, у тым ліку з Польшчай, цяперашні «ліберальны» беларускі рэжым, то свет і не ведаў бы пра той гвалт і здзек, якія нанова творыць рэжым над народам. І ніхто б нікога не абараняў...

... А калі я вярнуся дадому, зноў буду гаварыць аб тым, аб чым казаў заўсёды: абараняць сябе і дамагацца свайго павінны перш за ўсё мы самі. Ніхто, акрамя нас саміх, гэтага не зробіць», - напісаў Уладзімір Някляеў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках