4 траўня 2024, Субота, 6:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Хай жыхары Драздоў падумаюць пра сваю будучыню

20
Зміцер Бандарэнка: Хай жыхары Драздоў падумаюць пра сваю будучыню
ЗМІЦЕР БАНДАРЭНКА

Супраць Лукашэнкі выступае 95 адсоткаў беларусаў.

Аб гэтым каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат».

- Паводзіны ўлад нагадваюць гістэрыю. Чаму ўлады спужаліся акцыі? Чаго яны наогул баяцца?

- Лукашэнка ведае, што сёння яго падтрымлівае толькі 5% насельніцтва Беларусі. Гэта жыхары менскіх Драздоў, у якіх там ёсць дамы за некалькі мільёнаў даляраў. Замест таго, каб прадаць некалькі такіх дамоў, напрыклад, для дыпламатаў, ён наважыў успасці на ўвесь народ.

Ну і схібіў з гэтым. Супраць людзей ідуць не ўсе праваахоўнікі. ОМОН – так, часткова КДБ і фактычна ўсё. Простым міліцыянтам гэта абсалютна не трэба. Чыноўнікаў ён апошнім часам садзіў у турмы – таксама ў іх любові да яго няма. Калісьці я казаў, што прыйдзе час і пенсіянеры ўзнімуцца – узняліся. Прадпрымальнікі таксама. І цяпер Лукашэнка з невялікай хеўрай выступае супраць усяго беларускага народа. І ён ведае, што ён фактычна адзін супраць усіх. Таму ён калоціцца. Не буду падаваць даслоўную цытату, але гэта гіт інтэрнэту, выказванне нашага вядомага Віталя Гуркова з вельмі сур'ёзнай аналітыкай і ацэнкай таго, што адбылося за апошнія дні.

- Пра тое, што нехта абрабіўся, калі казаць культурнымі словамі. Акрамя таго, што Лукашэнку падтрымлівае толькі нязначная частка насельніцтва Беларусі і нават тыя, здавалася б, праўладныя структуры не любяць яго. Ці ёсць які-небудзь сэнс з ім размаўляць? Надоечы практычна ўсе апазіцыйныя палітыкі казалі, што сітуацыя складаная і, каб не было ніякага калапсу, трэба дамаўляцца, трэба ісці на дыялог. Ці ёсць наогул сэнс гаварыць аб чымсьці з Лукашэнкам?

- Пэўную мяжу ён яшчэ не перайшоў. Я хацеў бы нагадаць, што Лукашэнка – мой асабовы вораг, вораг кожнай беларускай сям'і і ўсяго беларускага народа, але перамовы для таго і называюцца перамовамі, што нават з ворагамі ідуць на размову.

Бываюць моманты, калі размоў ужо няма, як гэта было з Чаўшэску, Мусаліні ды іншымі персанажамі. Але калі інтэлектуальны ўзровень Аляксандра Рыгоравіча такі – то ён атрымае тое, што атрымае. Сёння мы яшчэ кажам, што ў краіне магчымы дыялог.

- А да якой мяжы?

- Пазаўчора ў польскім Сэйме прайшлі слуханні, на якіх было шмат прадстаўнікоў з Беларусі, з розных палітычных партый, і быў зварот да польскіх калег, каб яны паспрыялі, каб польскае ноў-хаў, «круглы стол», быў рэалізаваны ў Беларусі. Гэта значыць, на сённяшні момант я магу адказна заявіць, што абсалютная большасць усіх дэмакратычных партый і арганізацый выступаюць за дыялог.

- Можа тады варта весці перамовы не з самім Лукашэнкам, а з сённяшнімі ўладнымі структурамі, якія, у прынцыпе, яго не падтрымліваюць?

- Такія пасланні ідуць ад шмат якіх лідараў беларускай апазіцыі, і мы ў размовах з замежнымі калегамі кажам: размаўляйце з людзьмі з Драздоў. А хто яго ведае? Можа, там пажар які-небудзь здарыцца. Дразды сёння – сімвал карупцыі, сімвал падману, сімвал хлусні, але, магчыма, і там ёсць разумныя людзі, і яны маюць, што траціць. Лукашэнку, магчыма, ужо траціць няма чаго, але хай гэтыя людзі падумаюць пра сваю будучыню, пра лёс сваіх дзяцей. Таму што бывалі моманты, калі даводзілася ўцякаць тысячам паплечнікаў дыктатараў. Беларусь усё-такі не дарма знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, геаграфія ўплывае. Можа, і там ёсць разумныя людзі.

- Ці варта ўжываць у перамовах з сённяшнімі структурамі ўлады такія словы як «люстрацыя»? Бо ёсць такая рэч, як адказнасць за злачынства. Наколькі гэтая адказнасць павінна быць шырокай? Ці ў перамовах павінна быць гарантаваная нейкая недатыкальнасць, як, напрыклад, раней прапаноўвалася Лукашэнку. «Ты сыходзь, з гарантыямі недатыкальнасці, толькі не даводзячы краіну да бездані». Ці можна гэтую люстрацыю неяк абмяжоўваць або яна наогул не патрэбная?

- Усё будзе, як у цывілізаваным свеце. Ці разумна павядзе сябе супрацьлеглая старана? Будуць і гарантыі, будуць і люстрацыі. Усяго патрошку на розных этапах. І сёння ад іх таксама шмат чаго залежыць. Будуць рабіць абы-што – будзе большым падыход, а тое, што былыя палітвязні прыйдуць да ўлады ў Беларусі найбліжэйшым часам, для мяне відавочна.

- 25 сакавіка – гэта той Рубікон, які зменіць нашу краіну, ці гэтыя перамены ўжо ідуць? Ваша ацэнка падзей.

- Гэта не пачатак, але гэта яшчэ і не будзе канцом. Магчыма, улады і здолее праз усе гэтыя бацькоўскія, студэнцкія сходы ў гэты дзень неяк паўплываць на колькасць. А што будзе 26-га? А што будзе 27-га? Працоўныя месцы з'явяцца? Яны проста з глузду з’ехалі з Мясніковічам, калі кажуць, што «беларусы за міску поліўкі будуць працаваць, лес пілаваць». Людзі проста ачмурэлі. Гэта толькі падлівае газы ў агонь.

- Тады можна сказаць, што гэта не Рубікон, а адзін з пунктаў невяртання?

- Мы павінны на сваім месцы, там, дзе знаходзімся, рабіць усё, што можам. Абавязак тых, хто жыве за мяжой, – дапамагчы краіне: дапамагчы рэпрэсаваным, ціснуць на Лукашэнку з усіх бакоў, звяртацца да ўлад тых краін, дзе сёння жывуць беларусы. І мы гэта будзем рабіць.

Я думаю, што на акцыю ў Мінску сёння выйдзе шмат герояў. Ім сёння гонар і слава. На іх сёння з надзеяй глядзіць уся Беларусь і ўвесь свет.

Але зноў жа памятаем – не бывае лёгкіх шляхоў. Калі паўставала польская «Салідарнасць», гэта не было лёгка, але людзі гэта зрабілі. Калі адбывалася аксамітная рэвалюцыя ў Чэхаславаччыне, таксама пачыналася з жорсткага разгону моладзевай дэманстрацыі, а потым на абарону сваіх дзяцей на заклік інтэлігенцыі ўзнялася ўся краіна. І мяне вельмі радуе, што 200 дзеячаў беларускай культуры выступілі ў абарону трох сваіх калег. Гэта менавіта тыя крокі, якія патрэбныя.

А што, лёгка было усходнім немцам і не было страшна выходзіць на вуліцы? Але яны перамаглі. І сёння гэтая хваля свабоды зноў прыйшла ў Беларусь. Мы рабілі ўсё, што маглі, у 1991 годзе, не раз выходзілі супраць дыктатуры за незалежнасць усе гэтыя 20 гадоў. Але гэтыя наступныя дні святыя і вельмі адказныя, і трэба верыць адзін у аднаго ды быць салідарнымі.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках