27 красавiка 2024, Субота, 0:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валерый Шчукін: Я спінай да ворагаў не паварочваюся

9
Валерый Шчукін: Я спінай да ворагаў не паварочваюся
ФОТА: SVABODA.ORG

Вядомы праваабаронца распавёў пра свае жыццёвыя прынцыпы.

«Радыё Свабода» датэлефанавалася да праваабаронцы, 75-гадовага Валерыя Шчукіна, якога пасля затрымання на Дзень Волі і здзекаў у аддзяленні міліцыі адвезлі ў вайсковы шпіталь. Валерый Шчукін у дэталях распавёў, як усё адбывалася.

«Разам з усімі ішоў праспектам ад метро Парк Чэлюскінцаў. Там ніхто хадзіць не забараняў. На Плошчы Калініна дарогу перакрылі супрацоўнікі АМАП у шлемах, запатрабавалі разысціся. Народ натуральна абураўся. Пачалі хапаць па адным, потым прыехалі яшчэ некалькі аўтобусаў, нас атачылі, хапалі ўсіх запар, хто не паспеў уцячы. Запіхнулі ў звычайны гарадскі аўтобус. Калі людзі спрабавалі абурацца, валілі на падлогу, надзявалі кайданкі. У тым ліку і малалетак хапалі, 14-гадовых юнакоў і дзяўчат.

Прывезлі ў Завадскі РАУС. Усіх паставілі тварам да сцяны ў шэрагі. Я натуральна адмовіўся, бо я спінай да ворага не паварочваюся. У мяне прынцыповая пазіцыя - калі наканавана, я лепш атрымаю кулю ў грудзі, а не ў спіну. Пачалі мяне ламаць, круціць, у выніку выявілася, што я сяджу на асфальце. Паставіць мяне тварам да сцяны яны так і не змаглі. Я больш за дзве гадзіны сядзеў на мокрым асфальце, натуральна з мокрым азадкам, бо дождж ішоў. Мяне аж трэсла ад холаду. Потым мяне зацягнулі ў падвал. Палічыў, што на 30 прыступак уніз спускалі. А там цэмент.

Потым прыехала «хуткая». Я не ведаю, хто выклікаў, бо я не звяртаўся па медыцынскую дапамогу і не патрабаваў «хуткую» і наогул з міліцыяй не размаўляў. Спрабавалі скласці на мяне пратакол, а я маўчаў. Рэчы забралі без усялякіх дакументаў, потым вярнулі, праўда. Калі «хуткая» мяне забірала, ціск быў 210 на 100, гэта высокі ціск. Адвезлі ў вайсковы шпіталь, там доўга раіліся па тэлефоне, але нарэшце паклалі. Ціск збілі. Цяпер ляжу. Сёння ніякіх абследаванняў не праводзяць, бо нядзеля. У панядзелак будуць вызначаць, што са мной рабіць».

За тры дні да Дня Волі 22 сакавіка дэпутаты Вярхоўнага Савета 13-га склікання, былога палітвязня, праваабаронцу Валерыю Шчукіну споўнілася 75 гадоў. Яго шмат разоў затрымлівала міліцыя, каралі штрафамі і арыштамі за ўдзел у апазіцыйных акцыях. У 2001 годзе адседзеў тры месяцы ў Жодзінскай турме за непадпарадкаванне ахоўнікам і разбітае шкло ў будынку Міністэрства ўнутраных спраў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках