27 красавiка 2024, Субота, 5:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэдактар «Рэальнага Брэста» распавёў падрабязнасці пра збіццё ў міліцыі

15
Рэдактар «Рэальнага Брэста» распавёў падрабязнасці пра збіццё ў міліцыі
ДЗЯНІС МАРУК

Міліцыянты сцвярджаюць, што журналіст «значна перабольшвае».

Учора Ленінскім РАУС Берасцейскага аблвыканкама быў затрыманы індывідуальны прадпрымальнік, рэдактар партала «Рэальны Брэст» Дзяніс Марук. Дзяніс рабіў рэпартажы з «Маршаў недармаедаў». На адной з акцый ён паказаў сярэдні палец чалавеку ў цывільным, які здымаў яго на камеру.

«Мне свеціць зняволенне за непрыстойны жэст у адрас супрацоўніка міліцыі, — распавёў Марук nn.by. — Але пачакайце, які ж ён супрацоўнік міліцыі, калі ён быў без знакаў адрозненняў?»

Дзяніс не пагадзіўся з выстаўленым яму абвінавачваннем, якое патрабавалі падпісаць. Пасля гэтага, сцвярджае ён, яго пачалі жорстка збіваць.

«Каб захаваць свае відэаматэрыялы, я засунуў флэшку ў рот. Мяне пачалі біць яшчэ больш жорстка, аб падлогу, па нагах, па нырках. Засунулі нейкую брудную лыжку ў рот, спрабуючы выцягнуць флэшку, парвалі ўсё адзенне».

Толькі калі ў кабінет зайшоў хтосьці з начальства, з рэдактарам партала пачалі размаўляць спакойным тонам, распавёў Марук.

«Мне сказалі, што на першы раз мяне прабачаць і выпісалі штраф: дзве базавыя велічыні за дробнае хуліганства. Аднак я не збіраюся пакідаць гэта проста так. Цяпер буду здымаць пабоі. Я не аспрэчваў тое, што паказаў чалавеку ў цывільным сярэдні палец. Але за што ж збіваць мяне?» — абураецца ён.

Сітуацыю з затрыманнем Дзяніса Марука карэспандэнту «Радыё Свабода» пракаментаваў супрацоўнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Упраўлення ўнутраных спраў Берасцейскага аблвыканкама Сяргей Дучэнка:

«На жаль, Дзяніс Валер'евіч значна перабольшыў рэальную інфармацыю. Яго выклікалі ў раённы аддзел 28 сакавіка на 16:30 для разгляду пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле артыкула 17.1 («Дробнае хуліганства»). Ён адмовіўся ад удзелу ў разглядзе пратаколу, у сувязі з гэтым быў затрыманы ў адміністрацыйным парадку ў мэтах забеспячэння яго ўдзелу ў працэсе разгляду справы (падстава - пункт 4 часткі 2 артыкула 8.2)».

Міліцэйскі прадстаўнік прызнаў, што ў працэсе кантакту з абвінавачаным давялося прымяніць фізічную сілу - зноў жа, у мэтах забеспячэння правапарадку:

«Падчас правядзення асабістага агляду ён быў дастаўлены ў дзяжурную частку Ленінскага РАУС, у пакой для часова затрыманых. Паводзіў сябе неадэкватна, адмовіўся выкласці асабістыя рэчы, змясціў у ротавую поласць іншародны прадмет. У сувязі з гэтым была ўжытая фізічная сіла, каб паспрабаваць яго дастаць. Пасля разгляду адміністрацыйнага пратаколу і накладання спагнання ў выглядзе штрафу сумаю 2 базавыя велічыні а 17.45 быў адпушчаны з міліцыі дадому».

На пытанне, ці не стала падставай да пераследу Дзяніса Марука яго журналісцкая дзейнасць, між іншым асвятленне «Маршу недармаедаў» у Берасці 5 сакавіка, супрацоўнік Упраўлення ўнутраных спраў Берасцейскага аблвыканкама Сяргей Дучэнка адказаў:

«Ні ў якім выпадку, выключна за дробнае хуліганства. Вы ж разумееце: патрэбныя падпісчыкі, а на фоне апошніх падзей кожны хоча сябе неяк праславіць, як бачым, рознымі спосабамі. У гэтым выпадку мы дзейнічалі цалкам у рамках закона».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках