27 красавiка 2024, Субота, 1:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ежы Папялушка: Свабода ўнутры нас

4
Ежы Папялушка: Свабода ўнутры нас
Ежи Попелушко

У Менску пакажуць фільм аб гераічным капелане польскай «Салідарнасці».

Польскага ксяндза Ежы Папялушку баялася ўся камуністычная сістэма ад Масквы і Варшавы да Усходняга Берліна, хоць адзінай ягонай зброяй былі словы праўды. Фільм аб жыцці Ежы Папялушкі можна будзе ўбачыць у Менску 30 сакавіка, піша novychas.by.

Рэжысёрам амерыканскага поўнаметражнага дакументальнага фільма «Ежы Папялушка. Пасланец Праўды» з'яўляецца Тоўні Гэйнз.

Фільм удастоены прэміі Gabriel Award у катэгорыі дакументалістыкі. Арганізатар паказу: Польскі Інстытут у Менску. Паказ фільма адбудзецца на беларускай мове.

Ежы Папялушка разам з лідарам «Салідарнасці» Лехам Валенсам і Янам Паўлам II стаяў ля вытокаў вызвалення ад камуністычнай дыктатуры. Як казаў сам Валенса пра Папялушку: «Ён аддаў жыццё за праўду і справядлівасць і быў патрэбны рабочым як прыклад».

Ежы Папялушка быў блізкі і нам, беларусам. Нарадзіўся Ежы 14 верасня 1947 года ў беларускай каталіцкай сялянскай сям'і Уладзіслава Папялушкі і Марыяны Гнядзейкі ў вёсцы Акопы ў Падляшскім ваяводстве, якое мяжуе з Беларуссю. У дзяцінстве Ежы размаўляў на мясцовым, беларускім падляшскім дыялекце.

У 1981 годзе, калі Польшча пагрузілася ў ваеннае становішча, ксёндз Ежы Папялушка першым накіраваўся да страйкоўцаў-працоўных на Варшаўскі металургічны завод. Ксёндз не баяўся публічна крытыкаваць камуністычную ўладу, адкрыта выступаў у абарону правоў чалавека і захаванне ідэалаў «Салідарнасці». Ягоныя пропаведзі трансляваліся па радыё «Свабода», дзякуючы чаму ксёндз стаў вядомым ва ўсёй Польшчы сваёй бескампраміснай пазіцыяй супраць рэжыму. Як капелан рабочых ён паказваў ім шлях і дадаваў ім сілы ў барацьбе за іх правы.

Ягоныя служэнні ў варшаўскім касцёле св. Станіслава Косткі падчас ваеннага становішча стала збіралі натоўпы вернікаў і простых ахвотных слухаць яго палымяныя пропаведзі. Дзясяткі тысяч людзей збіраліся, каб паслухаць капелана «Салідарнасці». І хутка гэты звычайны святар стаў ворагам №1 для партыйнай улады. Аднойчы яму напісалі, што яго раскрыжуюць, горла перарэжуць. Але ксёндз Ежы не пабаяўся. «Доля святара ў тым, каб прапаведаваць праўду і пакутаваць за праўду. А калі трэба, нават аддаць жыццё за праўду», - казаў ён.

Служба Бяспекі МУС ПНР спрабавала яго запалохаць, прымусіць яго замаўчаць. Але гэта не працавала. Тады супраць яго сфабрыкавалі крымінальную справу; ён быў арыштаваны ў 1983 годзе, але неўзабаве, дзякуючы ўмяшанню духавенства, быў вызвалены. Затым каля Гданьска была падстроеная аўтамабільная аварыя, але яму ўдалося пазбегнуць гібелі. 19 кастрычніка 1984 года ксёндз Папялушка быў выкрадзены афіцэрамі Службы бяспекі МУС ПНР, быў імі жорстка закатаваны і ўтоплены ў Вісле. Знойдзенае праз паўтары тыдні знявечанае цела ў вадасховішча ракі Віслы цяжка было апазнаць.

Навіна аб палітычным забойстве капелана працоўных стала прычынай беспарадкаў ва ўсёй Польшчы. Паводле розных крыніц ад 250 тысяч да мільёна чалавек прысутнічалі на ягоным пахаванні 3 лістапада 1984 года ў Варшаве. Гэта стала адной з найвялікшых патрыятычных маніфестацый 1980-х гадоў у Польшчы.

У 1997 годзе Рымская каталіцкая царква пачала працэс беатыфікацыі і ў 2008 годзе ён атрымаў статус Слугі Божага. Бэнэдыкт XVI падпісаў дэкрэт аб прызнанні яго пакутнікам. 6 чэрвеня 2010 года на Плошчы Пілсудскага ў Варшаве, ксёндз Ежы Папялушка быў прылічаны да блажэнных каталіцкага касцёла.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках