27 красавiка 2024, Субота, 3:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марэк Буцько: У нас ёсць шанец убачыць Беларусь вольнай

27
Марэк Буцько: У нас ёсць шанец убачыць Беларусь вольнай

Супраць дыктатара неабходна ўводзіць па-сапраўднаму эфектыўныя санкцыі.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў вядомы польскі грамадскі дзеяч, былы першы сакратар амбасады Польшчы ў Менску Марэк Буцько.

- Як вы ацэньваеце дзеянні беларускіх уладаў, што жорстка падавілі мірныя пратэсты грамадзян 25 і 26 сакавіка?

- Думаю, што Лукашэнка зрабіў канчатковы выбар і абраў Пуціна, а не Захад. Частка еўрапейскіх палітыкаў мелі ілюзіі, што ўдасца ўгаварыць Лукашэнку выконваць правы чалавека і неяк перацягнуць яго на бок Захаду.

Але ўся гэтая палітыка не прынесла ніякай карысці, а цяпер канчаткова сябе скампраметавала. Чарговым разам аказалася, што заходняя дыпламатыя была не ў стане ацаніць, кім на самай справе з'яўляецца Лукашэнка і што ўяўляе ягоны рэжым. Сумна, што чарговым разам дапускаецца адна і тая ж памылка.

Відавочна, што калі Лукашэнка ўжывае сілу супраць людзей, то гэта значыць, што ён баіцца. Баіцца, што пратэсты, якія працягваюцца ўжо два месяцы, убяруцца ў сілу і ён не зможа кантраляваць сітуацыю. Баіцца, што людзі, якім надакучыла цярпець яго праўленне, проста яго скінуць.

А калі прымаць пад увагу, што мяжа паміж Беларуссю і Расеяй – паняцце даволі хісткае, існавала пагроза таго, што беларускія пратэсты могуць перамясціцца ў Расею. Таму іх брутальнае падаўленне праводзілася таксама і ў інтарэсах Пуціна.

- Якой павінна быць рэакцыя краін Захаду на тое, што адбываецца цяпер у Беларусі?

- Перш за ўсё хачу сказаць адну рэч: часта даводзіцца чуць меркаванне, што палітыка санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі нібыта не прынесла эфекту. Але ж на самай справе яшчэ і не было сапраўдных санкцый. Забарона на ўезд для некаторых беларускіх чыноўнікаў, абмежаванні для «Белнафтахіма» і двух-трох беларускіх бізнэсоўцаў – усё гэта нельга назваць сапраўднымі санкцыямі. Гэта былі ўсяго толькі сімвалічныя жэсты, якія не мелі практычнага ўплыву на рэжым Лукашэнкі.

Калі Захад наважыць уводзіць санкцыі – неабходна, каб гэтыя санкцыі былі эфектыўнымі.

Калі Еўразвяз сапраўды прызнае, а не проста дэкларуе, сваім прыярытэтам дэмакратычныя стандарты і правы чалавека – то ён не мае права не адрэагаваць на тое, што адбываецца ў Беларусі, інакш ён адступіць ад сваіх базавых прынцыпаў, якімі, як сцвярджае, ён кіруецца.

Пакуль, з улікам таго, у якім стане знаходзіцца еўрапейская дыпламатыя, мне цяжка сказаць, якой будзе канчатковая рэакцыя ЕЗ на сітуацыю ў Беларусі. Напэўна, яна павінна быць рашучай, таму што такіх рэчаў проста нельга дапускаць. Але гэта меркаванне звычайных грамадзян Польшчы, а як зробіць улада – пакуль мне цяжка сказаць.

- Што, на вашу думку, павінны ўключаць у сябе сапраўды эфектыўныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі?

- Найбольш эфектыўнай была б выразная дэкларацыя польскага ўрада таго, што Польшча не будзе купляць электраэнэргію з БелАЭС, што будуецца. Гэта азначала б, што маштабны i затратны праект Лукашэнкі проста б не акупіўся і скончыўся крахам. Таму перш за ўсё неабходныя эканамічныя санкцыі.

Калі казаць аб гандлёвых санкцыі, то яны таксама патрэбныя. Калі закранаць тэмы забароны на ўезд для беларускіх чыноўнікаў, то трэба памятаць, што спіс асоб, якія займаюцца ўсе гэтыя гады рэпрэсіямі супраць беларускага народа, налічвае некалькі тысяч прозвішчаў. Гэта і пракуроры, і суддзі, і супрацоўнікі АМАПу, міліцыі, КДБ, і работнікі ідэалагічных аддзелаў. Калі ўводзіць санкцыі – то адразу супраць усіх гэтых некалькіх тысяч асоб, а не толькі ў дачыненні да дзесяці высокапастаўленых чыноўнікаў.

- Што павінны зрабіць еўрапейскія ўлады і няўрадавыя арганізацыі для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі?

- Не выклікае ніякіх сумневаў, што трэба павялічыць фінансавую падтрымку для ўсіх незалежных беларускіх СМІ, а перш за ўсё – для «Белсата», сайта Charter97.org, «Радыё Рацыя».

Па-другое, неабходна павялічыць дапамогу, якую ўжо на працягу дзесяці гадоў аказваюць рэпрэсаваным грамадзянам Беларусі і іх сем'ям польскія і амерыканскія ўлады.

Тым больш, што апошнія падзеі паказалі, што ёсць каму дапамагаць, што рэпрэсіі ў Беларусі выйшлі на больш высокі ўзровень.

Відавочна таксама, што павінна быць павялічана фінансаванне ўсіх прадэмакратычных праектаў у Беларусі, таму што апошнія гады многія няўрадавыя арганізацыі ў Польшчы «астылі» да беларускай тэматыкі і засяродзіліся на Украіне. Сёння відаць, што частка з іх зноў вернецца на беларускі кірунак.

У нас ёсць шанец убачыць Беларусь вольнай.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках