27 красавiка 2024, Субота, 3:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Васьковіч пасля вызвалення атрымаў у падарунак «Пагоню»

2
Яўген Васьковіч пасля вызвалення атрымаў у падарунак «Пагоню»
ЯЎГЕН ГЛАГОЛЬЕЎ-ВАСЬКОВІЧ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Журналіста з Бабруйска на свабодзе чакаў прыемны сюрпрыз.

Адседзеўшы 15 дзён за ўдзел у бабруйскім мітынгу «недармаедаў» 12 сакавіка, Яўген Глагольеў-Васьковіч вярнуўся дадому да жонкі і маленькай дачкі і распавёў «Радыё Свабода» акалічнасці сваёй справы.

Затрымалі Яўгена 13 сакавіка, на наступны дзень пасля мітынгу, і толькі з трэцяга разу. Суд над ім прайшоў досыць скандальна — Яўген адмовіўся ўдзельнічаць у працэсе. Спачатку ён запрасіў адваката. Суддзя дазволіла наведаць юрыдычную кансультацыю для падпісання дамовы, куды яго і завезлі міліцыянты.

«Там мы разам з адвакатамі прыйшлі да высновы, — распавядае Яўген, — што мне трэба высветліць сямейнае фінансавае становішча — на якую суму я магу разлічваць пры найманні адваката. Сказалі, што калі сродкаў у мяне не хапае, то можна сабраць дакументы і аплаціць толькі частку сумы. Але для гэтага трэба прыпыніць судовае паседжанне, вызваліць мяне на гэты час. У судзе я паведаміў пра сказанае ў канторы. Суддзя Ярмашэвіч адмовіла ў такім парадку. Я спытаў у яе: «Вы мне адмаўляеце ў маім канстытуцыйным праве на абаронцу?» Яна сказала: «Так, адмаўляю». Тады я заявіў: «Адмаўляюся прымаць удзел у судовым паседжанні, суддзя якога парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь». І пасля ўжо, хоць і ў маёй прысутнасці, але фактычна без мяне мяне судзілі.

Галадоўку я абвясціў на наступны дзень пасля прысуду, калі далі сняданак. Не праз якасць ежы, а ў знак пратэсту супраць парушэння суддзёй маіх правоў і Канстытуцыі. А афіцыйна аформіў праз два дні — 16.03. Аказалася, каб галадаць, каб табе не прывозілі ежу, за якую трэба плаціць, мусіш пісаць заяву на галадоўку. Але ахоўнікі пра гэта сказалі толькі на трэці дзень. Усё думалі, я жартую. Ня еў 6 дзён. Перадачы, што мне прыносілі, раздаваў сукамернікам. Потым даведаўся, што праз такі мой пратэст стала дрэнна маёй бабулі, таму спыніў галадоўку. З 20 сакавіка пачаў есці і што давалі, і перадачы. Заяву на спыненне галадоўкі ўжо пісаць не трэба.

З сукамернікамі, дарэчы, стасункі былі нармальныя. Размаўлялі пра ўсё. Яны абураліся, што прэзідэнт па тэлевізіі кажа адно, а на вуліцы ўлады робяць іншае. Аднак адкрыта пратэставаць яны не гатовыя. Аргумент адзін — ня хочуць страціць працу, атрымаць штраф ці суткі арышту. Яны й так, вядома, атрымліваюць — але пару базавых ці пару сутак, ня тое што палітычны я. Так і кажуць: «Малайчына, што робiш!», але самi не хочуць «трапiць пад раздачу».

З іншымі палітычнымі ў турме не сустракаўся. Толькі ў панядзелак ўранку даведаўся пра жорсткі разгон у Менску. Уначы з нядзелі на панядзелак чалавек да нас прыбыў, які ў нэце гэта бачыў».

Яўген браў актыўны ўдзел у мітынгу 12 сакавіка, ён часта пазіцыянуе сябе як журналіст-фрылансэр, што дало падставу дзяржаўнаму бабруйскаму тэлеканалу ў сюжэце, прысвечанаму мітынгу, абвінаваціць Яўгена Васьковіча ў «падмене паняццяў». Яўген гэтыя прэтэнзіі адмаўляе, заяўляе, што быў там не як журналіст:

«Ніхто не забараняе журналісту ўдзельнічаць у палітычных арганізацыях. Гэта ўласная справа кожнага. І ня трэба блытаць, калі ўдзельнічаеш у мерапрыемстве, у якой якасці. То бок не варта начэпліваць бэджык журналіста, а самому «руліць парадам».

Я разумею розніцу. І таму 12 сакавіка я прыйшоў на плошчу Перамогі як прадстаўнік Міжнароднага цэнтру грамадскіх ініцыятываў «Наш дом». Мы не з’яўляліся арганізатарамі акцыі, у мегафон пра тое і не казалі і атрыбутыкі не выносілі. Дый недарэчы гэта ўсё там было. Людзі выйшлі мірна пратэставаць супраць сумнавядомага дэкрэту ды эканамічнага становішча наагул. А палітыка іх мала цікавіла, як я бачыў. Хоць падтрымлівалі скандаванне і палітычных лозунгаў».

Калі Яўген вярнуўся дахаты, яго чакаў сюрпрыз — вялікая «Пагоня».

«Падараваў чалавек, у якога яна вісела колькі гадоў на працы. Я яго нават не бачыў. Пачуў пра нашу гісторыю, уразіўся, што вытвараюць з мірнымі людзьмі, якія хочуць і не баяцца выказацца, і зрабіў такі падарунак на вызваленне. Свет не без добрых людзей!»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках