28 красавiка 2024, Нядзеля, 7:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь сваімі рукамі стварыла канкурэнта «Беларуськалію» ў Туркменістане

27
Беларусь сваімі рукамі стварыла канкурэнта «Беларуськалію» ў Туркменістане
ФОТА: SVABODA.ORG

Навошта Лукашэнка будуе горна-абагачальнага камбіната ў Туркменістане, калі Беларусь сама здабывае калій і прадае яго ў вялікіх маштабах?

Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з афіцыйным візітам у Туркменістане, сёння ён сустракаецца з мясцовым кіраўніком Гурбангулы Бердымухамедавым, заўтра прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцця Гарлыцкага горна-абагачальнага камбіната, які будаваўся пры дапамозе беларускіх спецыялістаў.

Навошта беларусы ўзяліся за гэты праект, які фактычна стварае ім самім канкурэнта на сусветным рынку ўгнаенняў? Чаму Мясніковіч адспавядаў пасла Туркменістана? Адбудзецца угода: мы вам дапаможам пабудаваць камбінат, вы прадаяце нам танны газ і купляеце нашу зброю? Адказы на гэтыя пытанні з дапамогай экспэртаў шукаў карэспандэнт «Радыё Свабода».

Чаму беларусы, а не еўрапейцы або расейцы?

«Наколькі я ведаю сітуацыю, першапачаткова за будаўніцтва гэтага камбіната мерыліся ўзяцца некалькі еўрапейскіх кампаній, - кажа кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка. - Аднак пасля выведкі яны адмовіліся ад будаўніцтва. Занадта там складаная праца, вельмі няпростая гідралогія. І кампаніі не змаглі даць гарантыі, што ўсё будзе працаваць эфектыўна, без хібаў. Расейцы адразу адмовіліся ад праекту, бо яны грунтаваліся на прынцыпе: а навошта нам дадатковы канкурэнт на сусветным рынку ўгнаенняў? А ў Аляксандра Рыгоравіча, мабыць, разышлося самалюбства. Таму за будаўніцтва ўзяліся як за прапагандысцкі прэстыжны праект».

І стварылі сабе канкурэнта

«Рэклама беларускім шахцёрам і нейкі прыбытак ад будаўніцтва не могуць нават і блізка зраўняцца з тымі стратамі, якія нас чакаюць, - кажа эканаміст Леў Марголін. - Мы ўласнымі рукамі стварылі сабе канкурэнта. Прычым вельмі сур'ёзнага канкурэнта. Найбуйнейшыя пакупнікі беларускіх угнаенняў знаходзяцца ў дзвюх краінах - Кітаі і Індыі. А цяпер паглядзім на геаграфічную карту. Абедзве гэтыя краіны значна бліжэйшыя да Туркменістану, чым да Беларусі. Значыць, туркменскія ўгнаенні будуць істотна пераймаць нашы пастаўкі.

Мне было б зразумела, калі б Гарлыцкі камбінат будавала нейкая нейтральная краіна, якая не мае ўласных калійных угнаенняў, але мае вялікі досвед будаўніцтва. Бо ўвогуле якіх-небудзь істотных адрозненняў пры будаўніцтве вугальнага або калійнага камбіната няма. Але чаму за гэтую справу ўзялася краіна, якая сама здабывае калій і прадае яго ў вялікіх маштабах? Можа, таму, што хочам жыць сённяшнім днём, не думаючы, што будзе потым?»

Калій у абмен на газ і зброю

«Я думаю, што дапамога туркменам у будаўніцтве камбіната - гэта, калі можна так казаць, «шматвектарная ўгода», - працягвае Леанід Заіка. - Калі складанасці з аплатай расейскага газу будуць працягвацца, Беларусь можа ў кожны момант звярнуцца да туркменаў. Маўляў, мы вам дапамаглі, а цяпер вы выбаўляйце нас. І гэта будзе цалкам лагічна. Калі Масква заўпарціцца і не паменшыць кошт газу, Менск можа купляць яго ў Туркменістане.

Другі складнікам пагаднення лідараў можа стаць зброя. У тым сэнсе, што Беларусь ахвочая прадаць пэўную колькасць сучаснай зброі ў Туркменістан».

Не выключае аперацый з зброяй і міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

«У Беларусі працуе шмат пасольстваў і дыпламатычных прадстаўніцтваў з розных краін. Аднак далёка не ўсе яны маюць у сваім складзе вайсковых аташэ. А вось у пасольстве Туркменістана такі супрацоўнік летась з'явіўся. Узнікае законнае пытанне: навошта краіне, якая прапагандуе свой нейтралітэт, мець вайсковага аташэ ў Менску?

Грошы Туркменістан мае. І нелапыя. Аднак, як сведчаць людзі, што добра ведаюць гэтую краіну, проста так, як той казаў, на ўзвей-вецер іх не кідаюць. Можа, таму і прызначылі ў Менск вайскоўца, каб быць у курсе спраў».

Ці зарабіла Беларусь на Гарлыцкім камбінаце?

«На гэтым праекце Беларусь нічога не зарабіла. Я ў гэтым абсалютна ўпэўнены, - кажа Леанід Заіка. - А калі там яшчэ і падземныя воды лінуць, то трэба асцерагацца, каб не ўпасці ў мінус. Ніхто ж гарантый, што там гэтага не будзе, не дае. Адным словам, і так мы дурні, і так».

Чаму ў Мясніковіча лопнула трыванне?

Летась кіраўнік «савета рэспублікі» сустрэўся з паслом Туркменістана ў Беларусі Назаргулы Шагулыевым.

«Менск вельмі ўстурбаваны невыкананнем туркменскай стараной узятых на сябе фінансавых ды іншых абавязанняў у будаўніцтве Гарлыцкага горна-абагачальнага камбіната», - сказаў Мясніковіч, які асабовым распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі прызначаны апекуном будаўніцтва.

«Было падкрэслена, што гэты чыннік, а таксама шматлікія перашкоды, у тым ліку суб'ектыўнага характару, з якімі сутыкаюцца беларускія будаўнікі, негатыўна ўплываюць на хаду будаўніцтва», - гаварылася ў тагачасным паведамленні.

У той час з туркменскіх крыніц стала вядома, што генеральны выканаўца будаўніцтва камбінат «Белгархімпрам» (Беларусь) трэці месяц не выплачвае сваім рабочым заробак, прычым гэта тычыцца як мясцовых спецыялістаў, так і беларускіх. Беларускіх спецыялістаў спрабуюць пераканаць, што ў затрымках вінаватая туркменская старана, якая не пералічыла чарговую рату.

Даведка

Камбінат будуецца на базе Гарлыцкага радовішча калійных соляў на плошчы больш за 100 гектараў. Плануецца, што яго магутнасць будзе блізу паўтара мільёна тон угнаенняў за год. Кантракт на праектаванне і будаўніцтва камбіната «Белгархімпрам» атрымаў у 2010 годзе.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках