27 красавiка 2024, Субота, 6:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандра Сасновіч: Ахвочая гуляць пяць-шэсць гадзін за любую Беларусь

7
Аляксандра Сасновіч: Ахвочая гуляць пяць-шэсць гадзін за любую Беларусь
АЛЯКСАНДРА САСНОВІЧ
ФОТА: REUTERS JERRY LAI

Тэнісістка прынесла першы бал камандзе Беларусі ў паўфінальным матчы Кубка Федэрацыі супраць Швайцарыі.

Пасля перамогі над Вікторыяй Галубіч у трохсэтавай сустрэчы Кубка Федэрацыі (6:3, 5:7, 7:5) Аляксандра Сасновіч дала прэс-канферэнцыю, на якой прызналася, што ахвочая гуляць за краіну па пяць-шэсць гадзін, калі спатрэбіцца, і не дазволіць нікому сябе ўшчуваць, піша tut.by.

ФОТА: ДЗЯНІС КАСЦЮЧЭНКА, TUT.BY

— Эмоцыі перапаўняюць ад таго, якой напружанай выйшла сустрэча з Галубіч. Цяжка было ўявіць, што яна выйдзе менавіта такой. Даўно ў мяне не здаралася такіх матчаў у плане руху. Першы сэт вельмі добра адгуляла, у другім стала памыляцца. У Вікторыі глейкі стыль гульні. Шмат мячоў трэба адпрацоўваць. Прытамілася тады. А ў трэцім сэце было невядома да канца, хто ж пераможа. Мяркую, што выпала перамагчы за кошт характару, нахабства спартовага.

— Пасля першай сустрэчы з Нідэрландамі на мінулым этапе Кубка Федэрацыі вы сказалі, што выходзіць гуляць першай падобна да таго, як у школе вучня выклікаюць да дошкі першым чытаць верш. Выкарыстоўваючы гэты вобраз, можна сказаць, што на пачатку другога сэта вы забыліся на словы (0:4)?

— Мы надоечы прааналізавалі і зразумелі, што ўжо пяць разоў я пачынала матчы за нацыянальную каманду. Воля казала, што раней, калі яны гулялі з Вікай у камандзе, заўсёды першай на корт у нас выходзіла Азаранка. А ў Расеі, калі Віка зноў была ў складзе, усё адно першай пайшла Сасновіч. Я ўжо звыкла да гэтай ролі.

Што ж здарылася ў другім сэце? Ды, мабыць, словы забылася. Пастараюся больш так не рабіць.

ФОТА: ДЗЯНІС КАСЦЮЧЭНКА, TUT.BY

— Дзевяць дзён падзялілі вашы матчы з Галубіч на турніры ў Біле і за нацыянальную каманду. Можаце параўнаць гэтыя гульні?

— Першы сэт першага нашага матчу адгуляла вельмі чыста. Падчас гульні страціла нават канцэнтрацыю трошкі. Гэтым разам перамагла за кошт характару. Хацелася паказаць тэніс лепшай якасці. Спаборніца? Яна была добрая. Злева шыкоўны ўдар. Яна практычна не памылялася, таму мне даводзілася быць больш актыўнай.

— У трэцім сэце пайшлі свечкі ды іншыя правакацыі ў вашым выкананні. З чым звязана?

— Трэба было збіць гульню, памяняць рытм. Спрабавала штосьці прыдумаць. Задаволеная падтрымкай гледачоў. Яны мне вельмі дапамаглі. Пры ліку 5:5 у вызначальнай партыі адчула іх. Падсілкавалася ад іх. Мурашкі па скуры пайшлі. Разумела, што гэта момант, калі трэба вызначаць лёс сустрэчы.

ФОТА: ДЗЯНІС КАСЦЮЧЭНКА, TUT.BY

— Амаль тры гадзіны доўжылася сустрэча з Галубіч (2 гадзіны 48 хвілін). Для вас гэта нармальна?

— У мяне нядрэнная фізічная падрыхтоўка. Ахвочая гуляць пяць-шэсць гадзін, колькі спатрэбіцца, за любую Беларусь.

— Здалося, што ў перапынках капітан Дуброў ушчуваў цябе. Якое самае моцнае слова ты пачула ад яго?

— А што значыць ушчуваў? Мяне не крытыкавалі, а, наадварот, стараліся дапамагчы і падтрымаць. Я нікому не дазволю сябе ўшчуваць.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках