27 красавiка 2024, Субота, 5:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пінскі актывіст: Пратэстны настрой нарастае, як снежны ком

4
Пінскі актывіст: Пратэстны настрой нарастае, як снежны ком

Людзі не бачаць нават невялікіх змяненняў да лепшага.

Алесь Рамановіч распавёў ««Медыя-Палессю» пра тое навошта ён выйшаў на плошчу і пра ўмовы ўтрымання ў ІЧУ.

У Пінску, як мінімум, 12 чалавек атрымалі адміністрацыйныя спагнанні за ўдзел у «Маршы недармаедаў», які праходзіў на плошчы Леніна 26 сакавіка. Пінчукоў прысуджалі і да арышту, і да штрафаў.

Самае вялікае пакаранне ў Пінску атрымаў Алесь Рамановіч, а менавіта 15 дзён арышту і 40 базавых велічынь штрафу.

Вечарам 21 красавіка сябра партыі БНФ Алесь Рамановіч выйшаў з Пінскага ІЧУ. А на наступны дзень прадаваў расаду капусты на рынку. Гэты невысокі хлопец у акулярах зусім не падобны на злоснага парушальніка правапарадку, але ён не раз сядзеў на «сутках» за свае перакананні. Апошні раз гэта было ў 2006 годзе.

- Сядзеў і сядзеў сабе спакойна, - распавядае Алесь, раней у камеры быў такі драўляны памост, на якім ляжалі покатам усе вязні, цяпер паставілі драўляныя нары.

Са слоў актывіста, у камеры ў асноўным сядзяць па 6 чалавек, выдаюць пасцельную бялізну:

- Але яе не ўсім стае. Мне, па распараджэнні начальніка ІЧУ, замянілі на чыстае бялізну ў сярэдзіне тэрміну. Некаторым падушкі трапіліся ірваныя, коўдры жудасна смярдзелі.

Алесь распавядае, што даводзілася выбіраць, што трываць: холад ці смурод.

- Адчыніш акно – холадна, закрыеш – спецыфічны пах ад парашы, якую выносяць толькі раніцай, - канстатуе Алесь.

Кармілі, са слоў былога «сядзельца», сярэдне: раніцамі малочны суп, у абед штосьці накшталт капусты і каша пярловая ці ячная, на вячэру катлета з бульбай. Раніцай і ўвечары давалі чай, а ў абед кісель.

Але Алеся здзівіў посуд, з якога пілі вязні:

- Гэта было такое пластыкавае вядро, як ад маянэзу. У яго налівалі гарбату на ўсю камеру і людзі пілі яе, пускаючы вядро па коле. Мне ўдалося дамагчыся асобнага кубка.

Родныя перадалі Алесю перадачу, так што харчаваўся ён нармальна. Але прагулак у Пінскім ІЧУ няма, бо няма дворыка для іх правядзення. У прыбіральню выводзяць раз у дзень, але пэўнага графіка няма, могуць вывесці і раніцай, а могуць і ў абед:

- Зрабілі нармальны душ, нават з гарачай вадой. Мне ўдалося памыцца двойчы.

Суседзі па камеры былі розныя, часам ледзь не бамжы, але часцей за ўсё людзі, якія злоўжываюць спіртным:

- Іх на 2-3 дні саджалі, асабліва шмат было пасля Вялікадня, – распавядае Алесь. Яшчэ мяне здзівіла тое, што былі людзі, якія адбывалі пакаранне, атрыманае яшчэ летась.

Спрабуючы прабавіць час, Рамановіч шмат чытаў:

- Там у камерах ёсць кнігі, у асноўным дэтэктывы, была і «Паднятая цаліна» Шолахава.

Пінчук мае намер аспрэчыць пастанову суда:

- Тое, што я быў 26 сакавіка на плошчы Леніна, я прызнаў у судзе, і за гэта мне далі арышт. Але тое, што я не падпарадкаваўся патрабаванням міліцыянтаў, – гэта не так. Мяне двое мужчын па-грамадзянцы схапілі пад рукі і павялі ў аўтазак. Гэта добра відаць на відэа, якое я паказаў суду. Суддзя не прыняў гэта пад увагу і даў штраф 40 базавых, а гэта 960 рублёў - вялікая сума.

Алесь пісаў у камеры заяву на аказанне дапамогі адваката. Супрацоўнікі ІЧУ сказалі, што перадалі яго ў адвакацкую кантору, але адказу не атрымалі.

На пытанне пра тое, навошта ён выйшаў на плошчу, Алесь Рамановіч адказаў наступнае:

- Я не мог не пайсці. Я казаў яшчэ ў 2010 годзе, што мяне самі людзі паклічуць на плошчу. Мяне паклікалі, я пайшоў. Але там не было ні пікета, ні мітынгу – людзі проста стаялі і дзяліліся сваімі жыццёвымі сітуацыямі. Людзі не бачаць хоць невялікіх змяненняў да лепшага, і, калі гэта заганяць унутр, то пратэстны настрой нарасце, як снежны ком. У што гэта выльецца – не хочацца гаварыць.

Дарэчы, 21 красавіка быў пакараны яшчэ адзін чалавек, які браў удзел у пінскіх падзеі 11 сакавіка - блогер з Гомеля Максім Філіповіч. Ён асуджаны гомельскім судом на 7 дзён арышту. У агульнай складанасці за ўдзел у акцыях «недармаедаў» у розных гарадах Максім атрымаў больш за 30 дзён адміністрацыйнага арышту.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках