27 красавiка 2024, Субота, 5:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зянон Пазняк прэзентаваў у Варшаве праграму «Свабодная Беларусь»

63
Зянон Пазняк прэзентаваў у Варшаве праграму «Свабодная Беларусь»

У дакуменце падрабязна апісваецца план дзеянняў пасля падзення аўтарытарнай дыктатуры.

У Варшаве прэзентавалі «Народную праграму «Вольную Беларусь». У дакуменце, які налічвае 76 старонак, падрабязна апісваецца план дзеянняў пасля падзення аўтарытарнай дыктатуры, паведамляе «Радыё Рацыя».

У прэзентацыі ўзялі ўдзел кіраўнік праекта Зянон Пазняк, а таксама некаторыя суаўтары дакумента: палітолаг Павал Усаў і дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ склікання Юры Беленькі, Лявон Баршчэўскі і Сяргей Папкоў.

На думку аўтараў, праграма павінна стаць арыенцірам, на які будуць абапірацца ў сваёй барацьбе патрыёты Беларусі.

Кіраўнік праекта, старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк патлумачыў значэнне праграмы:

«Беларусы, якія клапоцяцца аб сваёй Радзіме, якім баліць сэрца і душа, будуць мець пэўную праграму, пэўныя ідэі, якімі можна кіравацца. Вось гэтая праграма дае кірунак, што нам рабіць, каб захаваць нашу дзяржаву, каб зрабіць яе лепшай, каб пазбавіцца ад дыктатуры. Яна дае адказы. Гэта павінна стымуляваць чалавечую актыўнасць, палітычную актыўнасць і нават палітычны рост тых людзей, якія здольныя паслужыць свабоднай Беларусі».

Праграма прадугледжвае пераходны перыяд пасля падзення аўтарытарнай дыктатуры. На паўгода будзе створаны надзвычайны Нацыянальны Камітэт, які будзе кіраваць з дапамогай дырэктыў і забяспечыць правядзенне свабодных парламенцкіх выбараў.

Гэта адзіны легальнай выхад у крызіснай сітуацыі, мяркуе суаўтар дакумента доктар паліталогіі Павел Усаў:

«Улічваючы тыя ўмовы, у якіх патрапіла Беларусь, і той магчымы працэс трансфармацыі, у якім краіна можа апынуцца пасля змены ўлады, гэта можа разглядацца як падмурак для першых крокаў новай улады пасля змены палітычнай сістэмы ў Беларусі і пабудовы асноўных інстытутаў – як палітычных, так і эканамічных, якія могуць забяспечыць стабільнасць палітычнага і эканамічнага развіцця, а таксама выхад з крызісу, у якім Беларусь можа апынуцца пасля падзення існай улады».

Праграма прадугледжвае новы падзел уладаў. Беларусь становіцца парламенцкай рэспублікай, а сам парламент – Сейм, абіраецца паводле змяшанай сістэмы: палова дэпутатаў ад мажарытарных акругаў і палова - паводле партыйных спісаў. Функцыі прэзідэнта будуць мінімізаваныя, а ўсякая спроба намінальнага кіраўніка дзяржавы пашырыць свае паўнамоцтвы аўтаматычна прывядзе да імпічменту.

«Гэта менавіта той негатыўны досвед, у якім Беларусь апынулася. На жаль, палітычная культура Беларусі схільная да такой аўтарызацыі, і безумоўна, засяроджванне ўлады ў руках адной асобы можа прывесці да згортвання дэмакратычных працэсаў. Усякая ўлада разбэшчвае, а абсалютная ўлада разбэшчвае абсалютна. Таму трэба як мага больш уводзіць абмежаванняў і стварыць функцыянальную сістэму механізмаў процівагі», - мяркуе палітолаг.

Вялікая частка праграмы прысвечаная эканоміцы. Ворная зямля будзе аддадзеная ў прыватныя рукі - права на прыватызацыю будуць мець усе грамадзяне Беларусі. Сярод іншага, аўтары робяць стаўку на эканамічнае разняволенне грамадзян, што дасць магчымасць стварыць да 500 000 суб'ектаў гаспадарання цягам двух-трох гадоў, адзначае суаўтар праграмы, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ склікання Юрась Беленькі:

«Стварэнне суб'екта яшчэ не азначае, што ён адразу будзе эфектыўным. Адна справа стварыць усе ўмовы, іншая справа, што эфект не можа быць дасягнуты імгненна. Такіх цудаў не бывае. Дзесьці 5 гадоў - гэта павінен быць той перыяд, які ўжо істотна і незваротна зробіць пераўтварэнні ў нашай эканоміцы».

Акрамя пытанняў канстытуцыйнага ладу і эканамічных рэформаў, праграма «Вольная Беларусь» закранае ўсе іншыя аспекты дзяржаўнага жыцця, у тым ліку культуру, адукацыю, войска, сістэму аховы здароўя.

Асобным пунктам выдзеленае новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне. Замест існых 6 абласцей будзе створана 16 ваяводстваў, Менск атрымае статус адмысловага горада. Прадугледжваецца падзел на больш дробныя адзінкі - паветы і староствы. Што істотна, уся мясцовая ўлада павінна абірацца самімі грамадзянамі, забяспечваць дэцэнтралізацыю.

Акрамя карэнных рэформаў, праграма «Вольная Беларусь» закранае таксама пытанні замежнай палітыкі. Аўтары прапаноўваюць мінімізаваць залежнасць ад Расеі і ўстанавіць добрыя стасункі з развітымі краінамі Захаду.

Аднак, у дакуменце прапануецца не далучацца да Еўразвязу, бо будучыня гэтага саюзу нібыта «няпэўная». На думку распрацоўшчыкаў праекта, Беларусь перш за ўсё павінна стаць на ногі, а слабая краіна не павінна ўступаць ва ўсякія хаўрусы.

Адначасова ў дакуменце адзначаецца, што Беларусі на пераходны час наканавана праводзіць палітыку балансавання і стратэгічнага ўдзелу ў пабудове новай Усходняй Еўропы - цесныя дачыненні з Украінай і краінамі Балтыі (канцэпцыя Балта-Чарнаморскага саюза).

Праграма «Свабодная Беларусь» была напісаная калектывам з 9 аўтараў, якія з'яўляюцца прафесіяналамі ў сваіх галінах.

Праект застаецца адкрытым, заявіў адзін з распрацоўшчыкаў дакумента Павел Усаў:

«Прэзентацыя гэтай праграмы адбылася для таго, каб грамадства магло азнаёміцца і выказаць сваю крытыку, свае прапановы. Будучыня Беларусі залежыць не ад адной групы, але ад усяго беларускага грамадства. І калі беларусы, грамадскія арганізацыі ўключацца ў далейшы працэс распрацоўкі або дадатковых рэкамендацый, гэта будзе толькі плюс».

Больш падрабязна азнаёміцца з дакументам можна тут.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках