27 красавiка 2024, Субота, 4:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выпускнікі аб працы па размеркаванні: Гэта выкінуты з майго жыцця час

14
Выпускнікі аб працы па размеркаванні: Гэта выкінуты з майго жыцця час

Выпускнікі распавялі пра заробкі на першым працоўным месцы, варункі працы па размеркаванні і планах на будучыню.

Цяпер у беларускіх ВНУ праходзіць размеркаванне выпускнікоў. Пра заробкі на першым працоўным месцы, варункі працы па размеркаванні і планы на будучыню Intex-press расказалі выпускнікі Баранавіцкага дзяржуніверсітэта розных гадоў.

Анастасія Міскевіч, скончыла БарДУ ў 2014 годзе, атрымала размеркаванне ў Барысаўскі аддзел адукацыі. Спецыяльнасць па дыплому – «Англійская мова. Інфарматыка».

– Нягледзячы на тое, што яшчэ да размеркавання я знайшла сабе працу па спецыяльнасці ў Менску, дзе ў мяне ёсць жыллё, і прывезла адтуль запыт, мяне размеркавалі ў Барысаў.

Калі я ў першы раз ехала ў гэты незнаёмы для мяне горад, нават не ведала, у якую школу мяне накіруюць, гарадскую або вясковую: у накіраванні гэтага не было напісана. Перажывала, што працаваць давядзецца ў якой-небудзь глухой вёсцы і кватараваць у бабулькі ў доме без вады і з прыбіральняй на вуліцы.

Але ў аддзеле адукацыі мяне ўзрадавалі – прапанавалі месца настаўніцы англійскай мовы ў гарадской школе. Папярэдзілі, што інтэрнат не дадуць. Спачатку гэта мяне не збянтэжыла, і я пачала шукаць здымную кватэру. Да майго здзіўлення, кошты жытла ў Барысаве былі проста завоблачныя. За аднапакаёўку без рамонту, толькі з тумбачкай і газавай плітой, гаспадары хацелі больш за 200 даляраў! «Мы ж ад Менска недалёка», – тлумачылі яны. Самы танны варыянт, які мне ўдалося знайсці, – пакой у трохпакаёўцы за $100. Мы пасяліліся ўдваіх з сяброўкай, гаспадыня жыла ў Менску і прыязджала рэдка, таму побыт нас задавальняў.

Працуючы больш, чым на стаўку, я зарабляла блізу 350 ($175) рублёў. Без фінансавай дапамогі бацькоў я б не выжыла.

Акрамя ўрокаў вяла ў школе платныя заняткі па англійскай мове і, самае дзіўнае, гурток «Юны інспектар дарожнага руху». Як настаўніца англійскай мовы звязаная з правіламі дарожнага руху, мне не патлумачылі, толькі паставілі перад фактам: «Нам трэба, каб хтосьці вёў гурток, а ніхто не хоча, таму будзеце вы».

Школа працавала ў дзве змены, і расклад мне, напэўна, як маладому спецыялісту, складалі так, што дзень быў разбіты цалкам: практычна кожны дзень паміж урокамі былі форткі, часам заняткі пачыналіся з 8 гадзін раніцы і заканчваліся позна ўвечары.

Асобная тэма – гэта паездкі дадому. Каб дабрацца да Баранавічаў, трэба было патраціць мінімум чатыры гадзіны, ехаць з перасадкамі праз Менск і марнаваць шмат грошай.

Дату 15 жніўня 2016 года, калі заканчваўся мой тэрмін размеркавання, я чакала з першага дня працы ў Барысаве. Як толькі гэты дзень настаў, я забрала дакументы і паехала.

Цяпер я працую ў турфірме ў Менску. Магу сказаць, што два гады, якія я працавала па размеркаванні, – гэта выкінуты з майго жыцця час. На мой погляд, адпрацоўка павінна быць справай добраахвотнай.

Дзмітрый Лёсік, скончыў БарДУ ў 2015 годзе, атрымаў размеркаванне ў Нацыянальны дзіцячы цэнтр «Зубраня». Спецыяльнасць па дыплому – «Псіхалогія».

– Я атрымаў прафесію псіхолага, але працаваць давялося выхавальнікам-важатым. Гэта зусім розныя спецыяльнасці, і вучыцца мне давялося літаральна ўсяму: асвойваць навыкі правядзення мерапрыемстваў, святаў, прывыкаць да ненармаванага працоўнага графіку і стала новымі дзіцячымі калектывамі розных узростаў.

Першыя месяцы мяне не раз наведвала думка пераразмеркавацца, але на пошукі іншага месца працы не было ні часу, ні сіл. Каб атрымліваць больш за 300 ($150) рублёў (столькі склаў мой першы заробак), трэба было вельмі шмат працаваць, праяўляць сябе. Праз пару месяцаў намаганняў я звыкся, стаў атрымліваць 800-900 рублёў, але жорсткі працоўны графік (часам па 15 гадзін на дзень) не даваў шанцаў ні на асабістае жыццё, ні на самарэалізацыю ў творчасці. Праца вельмі вымотвае, і заробленыя грошы асаблівай радасці не прыносілі.

Нават шыкоўныя варункі пражывання ў гатэлі-інтэрнаце і цудоўныя дзеці, якія адпачывалі ў «Зубраняці» – пераможцы розных конкурсаў, прызёры фестываляў, удзельнікі алімпіяд і выдатнікі вучобы, не змаглі ўтрымаць мяне на гэтым месцы працы, і ў 2016 годзе я пайшоў служыць у войска, хоць мог атрымаць адтэрміноўку. Да дэмбеля застаецца яшчэ месяц, але я актыўна шукаю сабе працу – вяртацца ў «Зубраня», каб скончыць адпрацоўку па размеркаванні, не хочацца – планую знайсці сабе што-небудзь блізкае па духу.

Само па сабе размеркаванне, можа быць, і нядрэнная рэч, але толькі ў тым выпадку, калі працоўнае месца даюць па атрыманай спецыяльнасці.

Кірыл Гордзель скончыў БарДУ ў 2014 годзе, па размеркаванні паехаў працаваць інжынерам-тэхнолагам у аддзеле маркетынгу Менскага завода аўтаматычных ліній. Спецыяльнасць па дыплому – «Інжынер».

– У бюро заказаў, дзе я працаваў, самому маладому работніку было 78 гадоў, самаму старому – 88 гадоў. Мабыць, праз тое, што я быў самым маладым работнікам і ў мяне было мала практычнага досведу, мне даручылі працу за кампутарам – займацца электроннымі дакументамі, поштай, заказчыкамі.

Ад працы мне далі інтэрнат. Ён не зусім новы, але гэты варыянт хоць неяк акупляў невысокі заробак прыкладна ў 300 рублёў.

Многія знаёмыя, якія скончылі нават менскія ВНУ, ішлі менавіта сюды толькі дзеля жылля. Але на адным патрыятызме доўга не прапрацуеш.

Праз тры месяцы я пайшоў служыць у войска. Пасля войска вяртацца на завод не хацелася: па-першае, мая будучая жонка жыла ў Горадні і там у яе была добрая праца, па-другое, на заробак, што мне плацілі на заводзе, нават аднаму складана выжыць, а я планаваў жаніцца.

Таму я уладкаваўся інспектарам на мытню ў Горадні. Цяпер зарабляю блізу 700 ($350) рублёў. У прынцыпе праца мяне задавальняе і ў плане заробку, і маіх абавязкаў. Я правяраю аўтамабілі, якія перасякаюць мяжу, і, як на кожнай пасадзе, дзе даводзіцца камунікаваць з людзьмі, у маёй працы ёсць пэўныя складанасці. Але аб сваім выбары я не шкадую і мяняць работу не планую.

Мне размеркаванне дапамагло зразумець: праца інжынера мне падабаецца, але працаваць па спецыяльнасці за такія грошы я не хачу. Да таго ж у нас мала прадпрыемстваў, на якіх малады спецыяліст змог бы развівацца: вытворчая база не тая.

На мой погляд, яшчэ да размеркавання выпускнікам трэба браць ініцыятыву ў свае рукі: знайсці добрае месца працы, там сябе зарэкамендаваць падчас практыкі і атрымаць запаветны запыт, а не спадзявацца на авось і потым наракаць на дрэннае размеркаванне.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках