26 красавiка 2024, Пятніца, 23:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У РФ паведамілі аб таемнай размове Пуціна і Парашэнкі

11
У РФ паведамілі аб таемнай размове Пуціна і Парашэнкі

Размова нібыта адбылася на пачатку красавіка, а «прэзідэнты вымушаныя былі жартаваць, каб не лаяцца».

Расейская газэта «Коммерсант» паведаміла аб таемнай дзвюхстаронняй размове прэзідэнтаў Украіны і Расеі, якая нібыта адбылася ў красавіку гэтага года. Размова, паводле звестак газэты, адбылася з ініцыятывы афіцыйнага Кіева. Аднак у Адміністрацыі прэзідэнта Украіны LIGA.net факт такіх красавіцкіх перамоў зняпраўдзілі. «Інфармацыя, распаўсюджаная расейскім выданнем «Коммерсант», з'яўляецца хлуснёй», - заявілі ў АП.

Як паведаміла газэта са спасылкай на «інфармаваныя крыніцы ў Маскве і Кіеве», Уладзімір Пуцін і Пятро Парашэнка «працягваюць гутаркі праз тэлефон - хоць на афіцыйным узроўні прадстаўнікі дзвюх краін абменьваюцца жорсткімі абвінавачваннямі». Паводле звестак расейцаў, апошняя размова адбылася «ў першай палове красавіка і была прысвечаная сітуацыі на Данбасе». «Гутарка доўжылася блізу 20 хвілін і адбылася з ініцыятывы ўкраінскай стараны», - сказана ў нататцы.

Як распавёў суразмоўца газэты ў Маскве, размова нібыта праходзіла ў «паважлівым карэктным ключы», а кіраўнікі дзяржаў перыядычна «пераходзілі на жартаўліва-іранічны тон». «Прэзідэнты вымушаныя былі жартаваць, каб не пасварыцца і не нагаварыць адзін аднаму грубасці», - растлумачыў крыніца газэты ў РФ.

Ні да якіх канкрэтных дамоўленасцяў прыйсці не здалелі, і адзіныя пытанні, у якіх суразмоўцы «здолелі прасунуцца», тычыліся «некаторых гуманітарных аспектаў», піша газэта. Пры гэтым выданню нібыта крыніца ў Кіеве распавяла, аб якіх «гуманітарных аспектах» ідзе гаворка. Газэта спасылаецца на суразмоўцу, «блізкага да асяродку Пятра Парашэнкі». «З ягоных слоў, гаворка ішла аб абмене палоннымі, аб пастаўках на Данбас прадуктаў харчавання, вады і электраэнэргіі, а таксама аб выплаце ўкраінскіх пенсій», сказана ў нататцы. Крыніца Коммерсанта ў Кіеве нібыта паведаміла, што прэзідэнт Парашэнка папярэдзіў Пуціна: калі акупаваныя тэрыторыі не сплацяць запазычанасць за электраэнэргію, пастаўкі будуць спыненыя.

«Як і ў выпадку з папярэднімі тэлефоннымі размовамі Пуціна і Парашэнкі стораны не сталі даводзіць да агульнага ведама факт размовы прэзідэнтаў, каб не даваць спаборнікам Пятра Парашэнкі лішняй падставы для абвінавачвання яго ў «непатрыятычных паводзінах» і стасунках з «лідарам краіны-агрэсара», - сказана ў нататцы газэты.

На запыт LIGA.net у АП заявілі, што «адзіная размова была ў красавіку 18.04 у рамках Нармандскага фармату (у рамках чатырох старон - заўвага), аб чым было паведамлена ў супольным прэс-рэлізе чатырох прэс-службаў».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках