27 красавiка 2024, Субота, 7:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Сяргей Міхалок стаў сімвалам украінскага баявога духу

7
Як Сяргей Міхалок стаў сімвалам украінскага баявога духу
Сяргей Міхалок
Фота: Юлія Палуніна-Бут

Беларус натхняе ўкраінцаў нават больш, чым украінскія музыкі.

Сяргея Міхалка – лідар спачатку гурту «Ляпіс Трубяцкі», а апошнія 3 гады – Brutto, ведаюць амаль усе, хто хоць трохі цікавіцца музыкай больш, чым пераключэнне радыёстанцый у машыне. Хоць і гэтыя ведаюць. Аднак тут цікава іншае – як беларус, які спявае ў асноўным на беларускай і расейскай мовах, стаў адным з сімвалаў украінскага баявога духу, сцвярджае espreso.tv.

Мабыць, нікому не варта нагадваць, якая песня стала сімвалам не толькі Еўрамайдану, але і ўсіх першых бурна-рамантычных месяцаў вайны на Усходзе. Правільна – гэта «Воины света». Для «упартых», якія любяць паразважаць пра тое, што не бывае расейскамоўных украінцаў, адзначым – песня была на расейскай мове. Але мы цяпер не пра мову, а сутнасць.

Думаю, ужо ўсе, хто яшчэ сумняваўся, зразумелі, што творчасць Міхалка эпохі ранняга «Ляпіса» аб «Яблоньках» і «всем девченкам нравится, че бы им цветы дарили»- гэта быў жарт. Які быў настолькі таленавіта сыграны і адыграны, што быў успрыняты сур'ёзна як раз тымі катэгорыямі насельніцтва, з якіх і жартавалі.

Але гэта справы даўно мінулых часоў. Ужо гадоў 10, як Сяргей Міхалок ператварыўся з «алкаша і тарчка» ў «баксёра і качка», хоць гэтым цяпер не здзівіш. Значна больш цікавыя метамарфозы адбыліся менавіта з яго папулярнасцю ва Украіне.

Так, безумоўна, у апошніх альбомах абноўленага «Ляпіса» ён ужо выступаў у ролі палымянага рок-змагара. Але ўсё ж – не ўкраінскага ў прамым сэнсе слова.

І са з'яўленнем яго новага гурту Brutto, які вельмі хутка трапіў пад забарону ў РФ, Сяргей пераехаў у Кіеў. Здаецца, не толькі фізічна, але і ментальна. Справа не толькі ў тым, што Міхалок пачаў спяваць на ўкраінскай.

Ён вельмі дакладна ўпісаўся ў тое поле, з якім ва ўкраінскай рок-музыцы традыцыйна праблемы. Гэта значыць, урэшце поле сучаснасці, без прымешкі інды, папсы, этна – чыстага, дыстыляванага року.

Неяк так атрымалася, што мы, украінцы – дастаткова сентыментальныя людзі. У музыцы гэта выяўляецца вельмі наглядна. Менавіта таму ў нас рок з сур'ёзным выразам твару за чвэрць стагоддзя можна налічыць на пальцах адной рукі.

Мы або традыцыйна скочваемся ў жартаўлівы жанр а-ля «Браты Гадзюкіны», або ў патэтыку. А вось так, каб простымі словамі пра простыя рэчы ў простай і зразумелай кожнаму форме – з гэтым у нас цяжкавата.

І вось менавіта таму гурт Brutto аказаўся настолькі ў тэму ва Украіне. Таму што гэтая каманда – гэта далёка не проста «турнік-рок» або прымітыўны панк для футбольных хуліганаў, як здаецца некаторым снобам. Гэтая каманда здавальняе сабой смагу на нармальную рок-музыку. Пратэстную, мужчынскую, сапраўдную, без прымесі самалюбавання.

Аднак ёсць і яшчэ больш глыбокі пласт, на мой аўтарскі погляд і тысяч слухачоў, што нязменна забяспечваюць вось ужо трэці год аншлаг на канцэртах Brutto, які тлумачыць поспех гэтага калектыву. Як не круці, але яны апелююць і грунтуюць свой творчы вобраз на рэчах, якія рэальна зразумелыя кожнаму.

Фото с акустического концерта Brutto в Киеве. Фотограф - Юлия Полунина-Бут

Міхалок не саромеецца падкрэсліваць, што нарадзіўся ў СССР і спрабуе браць адтуль ледзь не адзінае добрае, што можна знайсці ў саўковай эстэтыцы. Гэта – культ ведаў і веры ў прагрэс. І гэта знаходзіць вельмі шырокі водгук у закатаваным псеўдарэлігійным цемрашальстве ўкраінскага грамадства.

Яшчэ адзін характэрны фактар. У адрозненне ад вельмі вялікай колькасці ўкраінскіх па месцы нараджэння музыкаў, Міхалок не пакутуе ў песнях, а заклікае да бою. Заклікае спасцігаць свет вакол сваім розумам, не верыць нікому і не баяцца, нават з дапамогай кулакоў бараніць сваю годнасць і сімвал веры.

Ён апелюе таксама і да антычнай эстэтыкі спорту як вышэйшага ідэалу трываласці чалавечага духу і богападобнасці чалавека, які здольны на ўчынак і перамогу над сабой. Усе гэтыя рэчы рэальна новыя для Украіны, і ўсё гэта, памнажаючыся на прыродную харызму і артыстызм Міхалка, дае грымучую сумесь рэвалюцыйнага панк-тэстастэрону.

Ва ўмовах стомленасці ад вайны, калі з дзяржаўнага ўзроўню пастаянна льецца паток афіцыёзнага смутку і дзён жалобы, гэты заклік да перамогі і сілы духу знаходзіць велізарнае ўспрыманне перш за ўсё ў актыўнай часткі грамадства. Якой патрэбныя тыя песні, што будуць падтрымліваць іх на цярністым шляху. Brutto гэтыя песні дае.

Колькасць франтавікоў і людзей у вайсковай форме на іх канцэрце кажа пра тое, што калектыў даўно ўжо выйшаў за рамкі субкультуры. Тое, наколькі папулярныя іх песні сярод жаночай аўдыторыі, кажа пра тое, наколькі ўсё ж не стае часам добрага зарада маскуліннасці ўкраінскім музыкам.

Ну, а тое, што сваім Міхалка прызнала нават старэйшая аўдыторыя, якую аўтар гэтых радкоў сваімі вачыма бачыў на апошнім акустычным (!) канцэрце гурту ў Кіеве, кажа пра тое, што ў іх творчасці ёсць той сэнс, які неабходны людзям старэйшага ўзросту. Не кажучы ўжо пра тое, што сваім брутальнага артыста ўспрымаюць па ўсёй тэрыторыі – ад Данбаса да Закарпацця.

Апошні цвік – гэта выдатнае супрацоўніцтва калектыву з найлепшым на сёння ўкраінскім паэтам Сяргеем Жаданам. Калі раптам хто з вас не чуў трэкаў «Средние века» или «Саботаж» - то вы проста не чулі сапраўднай сучаснай украінскай музыкі.

Таму парадуемся, што вайна часам прыносіць і добрыя плады. Бо тое, што Сяргей Міхалок і Ко сталі ўжо ўкраінскімі музыкамі, думаю, ні ў каго не выклікае сумневаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках