7 траўня 2024, aўторак, 11:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Баранавічаў: Калі давядзецца, мы на мітынг выйдзем

4
Жыхары Баранавічаў: Калі давядзецца, мы на мітынг выйдзем
ФОТА: НАТАЛЛЯ САЛАМЯНКА

Жыхары шматпавярховікаў пратэстуюць супраць будаўніцтва ў іх двары на месцы дзіцячай пляцоўкі хмарачоса.

Больш за месяц таму скончылася грамадскае абмеркаванне плана забудовы Вайсковага гарадка, аднак жарсці ў мікрараёне кіпяць дагэтуль. Жыхары некалькіх шматпавярховікаў пратэстуюць супраць будаўніцтва ў іх двары на месцы дзіцячай пляцоўкі хмарачоса, піша intex-press.by.

Больш за 400 з 607 галасоў, якія паступілі ў Баранавіцкі гарвыканкам падчас грамадскага абмеркавання, належаць ім.

- Гэтая дзіцячая пляцоўка збірае дзяцей не толькі з нашага двара, гуляць сюды прыходзяць амаль з усяго мікрараёна, - кажа Андрэй Віктараў, які вырас у гэтым двары. - Мае дзеці часта прыязджаюць сюды гасцяваць да бабулі з дзядулем. І дзіцячая пляцоўка - іх улюбёнае месца для гульняў.

Андрэй Віктараў распавёў, што жыхары двара бралі ўдзел у грамадскім абмеркаванні, і ім адказалі, што дэталёвы план забудовы Вайсковага гарадка прадугледжвае размяшчэнне ў раёне дзіцячых пляцовак «у дастатковай колькасці». Аднак гараджан такая альтэрнатыва цяпер існага ўпарадкавання іх двара не задавальняе. Згодна з новым планам, спраектаваная дзіцячая пляцоўка будзе значна меншая. Акрамя таго, пабудаваць яе плануюць на месцы, дзе, як сцвярджаюць жыхары, «увесь час скразнякі».

- Там і дарослы чалавек больш за дзесяць хвілін без наступстваў для здароўя не прабавіць, не кажучы ўжо пра дзяцей, - разважае Ганна Кукушкіна, жыхарка дома на вуліцы Арджанікідзэ, 16.

Пагроза страціць ўпадабаную шмат якімі дзецьмі пляцоўку - не адзінае, што хвалюе жыхароў двара. Яны турбуюцца таксама, што са з'яўленнем новага дома ў двары моцна павялічыцца колькасць прыпаркаваных аўтамабіляў.

- Для нас і цяпер гэта праблема, - кажа Ганна Кукушкіна. - Увечары аўто з'язджаецца столькі, што часам хуткая дапамога пад'ехаць да пад'езда не можа. А што будзе, калі тут з'явіцца яшчэ адзін высокі дом?

Не менш людзі абураныя таксама тым, што ўсе іх спробы паўплываць на лёс уласнага двара дарэмныя.

- Мала таго, што аб грамадскім абмеркаванні даведаліся зусім выпадкова: ніякіх аб'яў у нас на пад'ездах не было. Дык яшчэ і наш актыўны ўдзел у абмеркаванні ніякага выніку не даў. Чыноўнікі апублікавалі сваю пастанову, не выходзячы з кабінета, вось і ўсё супрацоўніцтва, - абураецца Святлана Сідарэнка, яшчэ адна жыхарка двара.

Аднак сустрэча абураных жыхароў Вайсковага гарадка з прадстаўнікамі ўлады адбудзецца. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка ўправы архітэктуры і горадабудаўніцтва Баранавіцкага гарвыканкама Алег Яўсееў.

- Хваляванні людзей зразумелыя. Аднак дэталёвы план распрацоўваўся для таго, каб не проста не ствараць новых праблем у Вайсковым мястэчку, але і развязаць існыя, - адзначыў Алег Яўсееў. - І тое, што ў плане у гэтым двары стаіць дом, яшчэ не значыць, што яго там пабудуюць. Цяпер людзей хвалюе недахоп парковачных месцаў, іх колькасць павялічаць. Дзіцячыя пляцоўкі таксама пабудуюць у патрэбнай для жыхароў мікрараёна колькасці. Ніводная праектная арганізацыя не зможа перамагчы ў тэндэры, пакуль не падасць нам праект, які задаволіць жыхароў мікрараёна.

Сустрэча жыхароў Вайсковага гарадка з прадстаўнікамі ўлады прызначаная на 25 траўня. Людзі рашуча настроены бараніць свае правы і дамагацца змен у дэталёвым плане.

- Мы вельмі спадзяемся, што нас пачуюць, - кажа Ганна Кукушкіна. - Калі не, мы сваю барацьбу не спынім. Мала хто верыць, што ў нас штосьці атрымаецца, але мы адступаць не станем. Калі трэба будзе, пададзім заяўку на мітынг. Але пляцоўку для сваіх дзяцей мы абаронім!

У Беларусі не занадта шмат прыкладаў таго, калі людзям удавалася абараніць сваю пазіцыю ў барацьбе з дзяржаўнай машынай. Адзін з іх - прыпыненне будаўніцтва бізнэс-цэнтра недалёка ад месца пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам.

Зміцер Дашкевіч, адзін з актыўных удзельнікаў акцыі супраць будаўніцтва, лідар арганізацыі «Малады фронт», упэўнены, што змагацца і рашуча бараніць свае правы трэба ўсім разам.

- Супольная барацьба аб'ядноўвае людзей, з'яўляецца мэта, якой лягчэй дасягнуць усім разам. Юрыдычна ўся гэтая сістэма пабудаваная так, што размовы з чыноўнікамі ў кабінетах наўрад ці дадуць патрэбны вынік, - адзначыў Зміцер Дашкевіч. - Праблема ў тым, што кожны чыноўнік кожнага ўзроўню ў нашай краіне адказны не перад людзьмі, а перад яшчэ больш высокім чыноўнікам, перад тым рэжымам, які яго на гэтае месца паставіў. На жаль, цяпер, пакуль людзі не стануць грудзьмі на тэхніку, жаданага выніку дамагчыся практычна немагчыма.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках