27 красавiка 2024, Субота, 8:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Шандаровіч: Тут хітры аўтарытарызм

6
Віктар Шандаровіч: Тут хітры аўтарытарызм
ВІКТАР ШАНДАРОВІЧ
ФОТА: DELFI

Публіцыст, стваральнік праграмы «Лялькі» Віктар Шандаровіч прыехаў у Беларусь упершыню за 16 гадоў.

Напярэдадні выступу Віктар Шандаровіч у жывым эфіры «Еўрарадыё» распавядае, што звязвае яго з Беларуссю, чаму аўтарытарныя рэжымы доўга стаяць, але хутка бурацца, хто можа змяніць дыктатара і ці плануе адрадзіць праграму «Лялькі»

- Як Вы ставіцеся да таго, што ў нас ўвялі падатак з беспрацоўных, можа, у Расеі могуць такое ж зрабіць?

- Тут няма нічога новага. У Савецкім Саюзе самым вядомым «дармаедам» быў Іосіф Бродскі, яго за гэта судзілі. Можна кожнай краіне пажадаць такіх «дармаедаў». У сучасным свеце гэта гучыць вельмі дзіўна. Ёсць вольны чалавек, які зарабляе сабе сваёй працай і талентам. Калі чалавек хоча ўваходзіць у стасункі з дзяржавай, ён у іх уваходзіць. Гэта ягоная асабістая справа.

- Раскажыце аб сваіх беларускіх каранях.

- Карані мае ў Беларусі — продкі жылі ў Чавусах, Магілёве, Мазыры і Бабруйску. Але прозвішча маё пайшло не з Чавусаў — там нарадзіўся Яўсей Самуілавіч Дазорцаў, мой дзед па кудзелі, які загінуў у 1941 годзе пад Ленінградам. Акурат у адзін з апошніх прыездаў у Беларусь прыяцелі правезлі мяне па гэтых месцах. У большай частцы з іх нішто не нагадвае аб габрэйскай мінуўшчыне. У Гарадзішчы, вёсцы, адкуль мой дзед па мячы, габрэйскае мястэчка, — там яшчэ да Гітлера было развязанае габрэйскі пытанне. У 1929 годзе на месцы габрэйскіх могілак было артылерыйскае стрэльбішча. Ніякіх прыкмет не засталося. Горка і павучальна, як ідзе час. Таму я называю Беларусь сваёй гістарычнай радзімай, бо Ізраіль далёка і ў часу, і ў адлегласці, а Беларусь — побач.

- Госці з Расеі, госці з Украіны кажуць, што ў нас чысціня і добрыя дарогі. Гэта прыкмета правільнага курсу?

- Чысціня і добрыя дарогі — гэта добра. Іншае пытанне: ці патрэбная для добрых дарог аўтарытарная ўлада? Сучасная Еўропа паказвае, што не. Могуць быць і добрыя дарогі, і ўлада, якую можна выбіраць. Прыгожы чысты Менск — выдатна. Але акрамя гэтага ёсць іншыя важныя маркеры жыцця людзей. Вольнасць лепшая, чым няволя. Аўтарытарныя рэжымы доўга стаяць, але бурацца вельмі імкліва. Яны самыя нестабільныя. У Лукашэнкі аўтарытарызм публічны. А ў нас Пуцін хаваецца за ліберальную лексіку, за фармальнасці. Раней мяне ў Беларусь не пускалі. Не давалі «гастролькі». Сёлета далі. Гэта такі публічны аўтарытарызм. У Расеі прагрэсіўныя законы, але яны не маюць ніякага дачынення да рэчаіснасці. Тут хітры аўтарытарызм. У Расеі я не магу выступіць, хоць няма ніякіх гастрольных пасведчанняў. Проста на пляцоўках штосьці ломіцца. Прарываюцца трубы ды іншае.

- У нас так з музыкамі. Там таксама трубы рвуцца перад канцэртам...

- Гэта ўжо пуцінскія метады. Краіны, дзе не мяняюцца лідэры, — гэта краіны трэцяга свету. Там няма развіцця. А свет ідзе наперад. Сёння перамагае не той, хто захопіць новыя тэрыторыі. Перамагае тая краіна, якая лепш за ўсё рэагуе на выклікі часу. Таму ЗША наперадзе свету. Бо яны маюць «Сіліконавую даліну», а не таму, што маюць Пэнтагон. Перамагаюць тыя, хто заваблівае да сябе «глузды». А «глузды» працуюць на волі, а не ў кашарах. Можна радавацца стабільнасці, але трэба разумець, што плаціць за гэта будзе наступнае пакаленне.

- Пытанне ад слухачоў. А хто можа замяніць на пасадзе Аляксандра Лукашэнкі з сённяшняй апазіцыі, на вашу думку?

- Я гэта чую і ў Расеі. Але я скажу азбукавыя рэчы. Правілы гульні важнейшыя за вынікі. Патрэбныя выбары. Сапраўдныя, справядлівыя выбары. Хто на іх пераможа, той і будзе прэзідэнтам на пэўны тэрмін. Потым яго пераабяруць. У дэмакратыі закладзены механізм удасканалення, у дэмакратыі памылкі не смяротныя. Мы выбралі Вас мэнэджэрам, паглядзелі, як Вы працуеце, напрыклад, вы дрэнна працуеце. Ёсць іншы, які павінен улічваць Вашы памылкі, бо цісне грамадства, патрабуе чагосьці. Бессэнсоўна пытацца: «Хто наступны?». Той, хто пераможа на справядлівых выбарах без «амону», без фальсіфікацый. Як толькі ён пераможа, на яго трэба ціснуць далей. Калі ён дрэнны адміністратар, значыць, яго больш не выберуць. Сёння Трамп мае абсалютны мінімум рэйтынгу. Так трэба, у кіраўніка дзяржавы мае быць маленькі рэйтынг, бо ён робіць памылкі. Ты павінен пацвердзіць сваю кваліфікацыю, калі не можаш — да пабачэння! Галоўнае, каб механізм працаваў, каб не мяняць аднаго цара на іншага.

- Ці не плануеце Вы зноў запусціць «Лялькі» праз Youtube або стаць відэаблогерам?

- Нельга два разы ўвайсці ў адну раку. «Лялькі» — гэта быў складаны тэхналагічны працэс. Мне не 30 з лішкам, а пад 60. А гэтая рэч патрабуе бадзёрасці і ўсяго жыцця. Што да канала на Youtube — гэта магчыма. Але гэта вялікая адказнасць, я маю штодзень выдаваць нейкі новы змест. Я ж перш за ўсё пісьменнік і я хачу пісаць, мне гэта цікава.

- Ці заўважылі Вы, што беларусы больш сталі баяцца Расеі праз падзеі на Данбасе? І, можа, самі расейцы сталі ставіцца да нас па-іншаму, глядзяць як на чарговую цэль?

- Пабойваюцца, і небеспадстаўна. З 2014 года Расея паводзіць сябе як імперыя. Гэта слабая, але яшчэ небяспечная імперыя. На шчасце, расейцы мала ўспамінаюць пра існаванне Беларусі. Гэта таму, што прапаганда не навяла прыцэл на гэтую тэму. Калі пуцінская адміністрацыя для чарговага прапагандысцкага ўзлёту будзе шукаць новага ворага і калі выбар падзе на Беларусь, то за дзве сэкунды пасля вялізнага прапагандысцкага ўдару вы станеце ворагам Расеі.

Расея знайшла вялікая колькасць ворагаў для свайго існавання. У мірны час Пуцін — няўдаліца. Калі расейцы выйдуць з стану ваеннай гістэрыкі, яны ўбачаць, што за Пуціным усё дэградуе. Каб яны не расплюшчылі вочы, іх трэба трымаць у стане безупыннай вайны. Бо ў ваенны час Пуцін — нацыянальны лідар. Бо не да эканомікі, вакол ворагі, усё атачылі, усё супраць нас, мы астатнія нашчадкі «духоўнасці». Гэта ваенная гістэрыка, разлічаная на ідыётаў. У такім каляваенным становішчы Пуцін можа заставацца нацыянальным лідарам.

- Слухаю вас і думаю: «Такі цікавы чалавек Віктар Шандаровіч — і на волі!»

- У коле маіх сяброў беларускіх хтосьці сказаў. «Добра, што цябе пусцілі, паглядзім, ці выпусцяць».

- Што рабіць беларусам у такой сітуацыі аўтарытарызму?

- Я не такі нахабны, каб даваць парады нацыям. Беларусы розныя. Што рабіць Лукашэнку — гэта адно пытанне, вам — іншае. Проста трэба разумець рэчаіснасць. І тым, хто за Лукашэнку, і тым хто хоча трываць, і тым, хто не хоча. Трэба ўсведамляць плату за выхад на вуліцы, і плату за нявыхад. Плата за небарацьбу таксама будзе, проста яе падзеляць дзеці і ўнукі.

- І колькі гэта будзе доўжыцца? 23 гады — гэта параўнальна малады рэжым, Вы казалі.

- Я не скажу, калі Стралец ўвойдзе ў дом Быка. Але чым больш вы будзеце набліжацца да гвінэйскіх тэрмінаў адзінаўладдзя, тым больш вы будзеце станавіцца Гвінэяй. І мы таксама. Калі мы не хочам у Гвінэю, то кожны нешта на сваё разуменне робіць.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках