20 траўня 2024, панядзелак, 23:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Энэргасеткі краін Балтыі пад ударам

2
Энэргасеткі краін Балтыі пад ударам

Хакеры, сляды якіх вядуць у Расею, спрабуюць узламаць сеткі балтыйскіх энэргетычных кампаній.

Нядаўна міжнароднае агенцтва навінаў Reuters, абапіраючыся на заявы праваахоўных органаў і сваіх інфарматараў, распаўсюдзіла інфармацыю аб тым, што цягам апошніх двух гадоў кібернетычная прастора краін Балтыі стала арэнай сапраўднай бітвы. Хакеры, сляды якіх вядуць у Расею, спрабуюць узламаць сеткі балтыйскіх энэргетычных кампаній. Сайт Charter97.org высветліў падрабязнасці.

Узламаць сістэмы энэргетычных кампаній хакеры спрабавалі пры дапамозе DDoS-нападаў. Нагадваем, што ў час DDoS-атакі на сервер «ахвяры» пасылаецца велізарная колькасць запытаў, каб выклікаць перагрузку кампутараў. Самі кампаніі і літоўскія службы сцвярджаюць, што зламыснікі спрабавалі парушыць працу сетак электраперадач Балтыйскіх краін, але ім гэта не ўдалося.

Прадстаўнікі энэргахолдынга Lietuvos energija сцвярджаюць, што такія напады здараюцца кожны дзень, аднак іх удаецца спыніць, таму яны не прычыняюць шкоды. Такога меркавання прытрымліваецца кампанія-аператар, якая ажыццяўляе перадачы энэргіі - Litgrid. Кіраўнік Літоўскага нацыянальнага цэнтра кібернетычнай бяспекі Шарунас Крывіцкас мяркуе, што пакуль нельга звязаць спробы ўзлому з Расеяй.

«Не магу цяпер сказаць, што мы канкрэтна з кімсьці звязваем гэтыя атакі, для гэтага трэба глыбокае і працяглае расследаванне», - заявіў Крывіцкас.

Аднак, самі крыніцы Reuters сцвярджаюць, што стыль спробаў узлому сетак нагадвае дзеянні групы хакераў Sandworm, якія ў 2014 годзе атакавалі энэргетычныя кампаніі з Еўропы і Злучаных Штатаў Амерыкі. Хакеры з Sandworm, паводле інфармацыі Reuters, працуюць на Расею.

Экспэрты ў кібербяспецы, з якімі ўдалося пагутарыць Charter97.org, сцвярджаюць, што зламыснікі, хутчэй за ўсё, не спрабавалі пачаць паўнамаштабную атаку на энэргасеткі Літвы, Латвіі і Эстоніі, яны, хутчэй за ўсё, займаліся выведкай і выяўленнем слаба ці мала абароненых звёнаў абароны. Сапраўдная атака можа адбыцца ў будучыні. Так, напрыклад, атака на ўкраінскія электрастанцыі пачалася ў зімовы перыяд 2015 і 2016 гадоў, праз паўгода пасля выяўлення праломаў у сістэмах інфармацыйнай абароны.

На просьбу Charter97.org сітуацыю пракаментаваў Лінас Каяла, дырэктар віленскага Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў.

«Кібернетычная прастора даўно ператварылася ў поле бою, таму спробы варожага боку нанесці ўдар па стратэгічных аб'ектах дзяржавы, у нашым выпадку энэргетычных, не з'яўляюцца нечаканасцю. Краіны Балтыі, як і ўсе краіны Еўрапейскага Звязу і чальцы NATO, аддаюць перавагу ўважаць такія напады як задачу, якую даводзіцца вырашаць зноў і зноў, таму важна, каб каардынацыя арганізацый, якія адказваюць за бяспеку, дзейнічала без прамаруджвання. Акрамя гэтага, трэба ўвесь час удасканальваць сістэмы абароны», - адзначыў Каяла.

Экспэрт упэўнены, што такія напады могуць прымусіць і прыватныя кампаніі, і ўрад з большай увагай ставіцца да пытання паляпшэння сістэм кіберабароны.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках