6 траўня 2024, панядзелак, 20:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі любы можа застацца без пенсіі

102
У Беларусі любы можа застацца без пенсіі
ФОТa: tut.by

Што паказала надзвычайнае здарэнне на прахадной гомельскага «Камінтэрна».

Трагедыя ў Гомелі, калі жанчына падпаліла сябе проста на прахадной завода, выявіла праблему, з якой ужо сутыкнуліся многія беларусы. Людзі не могуць атрымаць сумленна заробленую пенсію.

«У мяне скралі 18 гадоў стажу!» – выгукнула прыбіральшчыца «Камінтэрна» і, папярэдне абліўшыся гаручай вадкасцю, паднесла да сябе запальнічку. Цяпер яна знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Апёк больш як 50% цела. Пенсія можа і не спатрэбіцца...

Наколькі вядома, раней жанчына працавала ў Расеі. Натуральна, што беларускі фонд сацыяльнай абароны ніякіх адлічэнняў з яе заробкаў не атрымліваў. Ды і краіна тады была іншая, і правілы налічэння пенсіі іншыя. Аднак у такой сітуацыі могуць апынуцца і многія беларусы, якія шчыра адпрацавалі пенсійны стаж у сваёй краіне і ніякага падвоху не падазравалі.

Перыядычна Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва абнаўляе спіс прадпрыемстваў краіны, якія маюць найбольшыя сумы пратэрмінаванай запазычанасці ўзносаў у фонд. З гэтых сродкаў, як вядома, выплачваюцца працоўныя пенсіі.

Ёсць прадпрыемствы, якія не плацяць унёскі доўгі час. Напрыклад, перыяд нявыплаты сталічнага СП «Унібокс» складае 2 гады. Сума пазыкі – 724 тысячы 205 рублёў, паводле курсу Нацбанка гэта амаль 400 тысячаў даляраў!

Спецыялісты фонду сацабароны звяртаюць увагу на той факт, што незаплачаныя прадпрыемствам унёскі – гэта не толькі праблема фонду, з бюджэту якога плацяць пенсіі, аплачваюць бальнічныя лісты, дапамогі на дзяцей і г.д. Але і супрацоўнікі прадпрыемстваў-вінаваўцаў у будучыні могуць мець праблемы з налічэннем страхавога стажу і памерам пенсіі.

– Згодна з 51-м артыкулам Закона пра пенсійнае забеспячэнне ў страхавы стаж супрацоўніка ўваходзіць перыяд, цягам якога выплачваюцца ўзносы ў Фонд сацабароны самім супрацоўнікам і працадаўцам. Узносы не выплачваюцца – страхавы стаж, ад якога наўпрост залежыць пенсія, не налічваецца, – патлумачыла «Народнай волі» намесніца кіраўніка Менскай гарадской управы Фонду сацыяльнай абароны Наталля Пракапенка. – А сёння гэта вельмі актуальна. Таму што для таго, каб атрымаць працоўную пенсію, страхавы стаж у сапраўдны момант павінен складаць не менш за 16 гадоў, а да 2025 года – 20 гадоў.

Памер пенсіі таксама будзе не такім, як чалавек разлічвае. Ён думае, што адпрацаваў 25 гадоў, стаж немаленькі, значыць, і пенсія будзе вышэйшай. А потым высвятляецца, што працадаўца 3 гады не выплачваў унёскі ў Фонд, а значыць, гэтыя гады ў страхавы стаж не залічылі. І замест 25 гадоў у чалавека толькі 22 гады страхавога стажу.

– А чалавек можа даведацца, што ягоны працадаўца, у сутнасці, падманвае?

– З 2003 года ў краіне вядзецца персаніфікаваны ўлік звестак застрахаваных асобаў, і мы бачым, за каго плацяцца ўнёскі, а за каго – не. Любы грамадзянін краіны можа звярнуцца з заявай у любы орган Фонду, і яму пададуць выпiску з ягонага індывідуальнага асабовага рахунку. І ён будзе ведаць, плаціць ягоны працадаўца ўнёскі ці не.

– Якіх прадпрыемстваў-даўжнікоў больш – прыватных ці дзяржаўных?

– Прыватных. Прадпрыемствы дзяржаўнага сектару плацяць унёскі рэгулярна. Напрыклад, МАЗ, Трактарны завод і іншыя буйныя прадпрыемствы. Бываюць збоі ў Менскага завода аўтаматычных ліній імя Машэрава. Але яны запазычанасць гасяць, а значыць, усе гэтыя перыяды будуць уключаныя ў страхавы стаж супрацоўнікаў.

Чыноўніца запэўнівае, што пытаюць з вінаваўцаў сур'ёзна. Аднак у гэта дрэнна верыцца. Калі нехта не заплаціў падаткі – гэта значыць грошы ў казну, то меры – аж да арышту рахункаў прадпрыемства, пакуль не расплаціцца. А калі прадпрыемства эканоміць на будучых пенсіях супрацоўнікаў – угаворы і штрафы. Такое адчуванне, што дзяржава проста не зацікаўленая ў тым, каб людзі маглі зарабіць сабе большую пенсію. Хутчэй нават наадварот.

Таму кожнаму рэкамендуецца паклапаціцца пра сябе самога.

Спіс прадпрыемстваў-вінаваўцаў ёсць у адкрытым доступе. Праверыць інфармацыю, плаціць ці не ваша прадпрыемства ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, нескладана. Спіс неплацельнікаў рэгулярна публікуецца на сайце Фонду ў раздзеле «Даўжнікі». І спіс гэты, як кожны можа пераканацца, не маленькі.

Праўда, сам супрацоўнік не зможа паўплываць на працадаўцу, які не плаціць за яго пенсійныя ўзносы. Дзяржава прыкрываецца прыгожымі словамі, але кардынальна праблему не развязвае. Выйсце адно – ведаць праўду і шукаць іншую працу.

ТОП-5 злосных неплацельнікаў абавязковых страхавых узносаў

Сума запазычанасці на 01.04.2017, у руб.

СП «Унібокс», г. Менск – 724.205,40

ААТ «Глыбоцкая птушкафабрыка», Віцебская вобл. – 601.462,49

РСУП «Племптушказавод “Беларускі”», Менскі раён – 526.273,37

ААТ «Таргуны», Віцебская вобласць – 487.509,70

ААТ «Мёрскі райаграсэрвіс», Віцебская вобласць – 468.159,67

Напісаць каментар 102

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках