27 красавiка 2024, Субота, 2:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Патрыёт Зміцер Крамянецкі патрабуе ад КДБ кампенсацыі шкоды за ўтрыманне пад вартай

8
Патрыёт Зміцер Крамянецкі патрабуе ад КДБ кампенсацыі шкоды за ўтрыманне пад вартай
Зміцер Крамянецкі
ФОТА: «Радыё Свабода»

Палітвязень паводле «справы патрыётаў» будзе звяртацца ў суд з пазовам да Міністэрства фінансаў, КДБ і МУС.

Актывіст «Маладога фронту» Зміцер Крамянецкі звярнуўся ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі з заявай аб вынясенні пастановы аб кампенсацыі шкоды, паведамляе сайт spring96.org.

Маладзён мяркуе, што ягонае ўтрыманне пад вартай было незаконным. Акрамя гэтага, на ўсе допыты Змітра вадзілі з апранутым на галаву чорным мяшком, што, відавочна, рабілася ў мэтах запалохвання і псіхалагічнага ціску і прычыняла яму асаблівыя пакуты, а таксама прыніжала ягоную чалавечую годнасць.

Пасля атрымання пастановы Зміцер Крамянецкі плануе звярнуцца ў суд з пазовам да Міністэрства фінансаў, КДБ і МУС аб кампенсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды, а таксама кампенсацыі выдаткаў на юрыдычную дапамогу.

Юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Аляксей Лойка, які дапамагаў складаць заяву актывісту, адзначае, што ў адпаведнасці з арт.462 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса пры наяўнасці падстаў орган, які вядзе крымінальны працэс, абавязаны прызнаць за фізічнай асобай права на кампенсацыю шкоды, пра што выносіць пастанову, у якой указвае нанесеную шкоду.

«У адпаведнасці з часткай 1 артыкула 460 КПК шкоду, прычыненую грамадзяніну ў выніку незаконнага затрымання, утрымання пад вартай і дамашняга арышту, часовага адхілення ад пасады, утрымання ў псіхіятрычным стацыянары, асуджэння, ужывання прымусовых захадаў бяспекі і лячэння, кампенсуецца дзяржавай напоўніцу незалежна ад віны асобы, якая праводзіць дазнанне, органа дазнання, следчага, пракурора, Старшыні следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Старшыні камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь або асоб, якiя выконваюць iх абавязкi, або суда», - падкрэслівае юрыст.

Нагадаем, Зміцер Крамянецкі быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 23 сакавіка 2017 года паводле падазрэння ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». 2 чэрвеня старэйшым следчым у асабліва важных справах 1 аддзела следчай управы КДБ А.В. Грыбам вынесеная пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да «маладафронтаўца» праз адсутнасць у дзеянні складу злачынства.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках