11 траўня 2024, Субота, 4:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Слаўная гісторыя «Мотавела» з ганебным канцом

36
Слаўная гісторыя «Мотавела» з ганебным канцом

Апошняга ўладара «Мотавела» пасадзілі, але справы на заводзе не наладзіліся.

22 чэрвеня стала вядома, што гендырэктар «Мотавела» Мікалай Ладуцька падаў у Эканамічны суд заяву аб банкруцтве завода. Былы мэр Менска, прызначаны «выцягваць» прадпрыемства пасля арышту яго папярэдняга ўладальніка - бізнэсоўца Аляксандра Мураўёва - на жаль, не ўбачыў лепшага выйсця для сітуацыі, у якой апынуўся ММВЗ, паведамляе «Еўрарадыё».

У савецкі час «Мотавела» быў візітоўкай Беларусі, адным з сімвалаў краіны. Банкруцтва завода - гэта канец слаўнай гісторыі, даўжынёй у 72 гады.

6 лістапада 1945 года - дзень заснавання завода. Праз месяц у Менск прыбыў першы эшалон са станкамі, вывезенымі з нямецкага завода DKW.

1947 - завод сабраў першыя 10 ровараў з дэталяў уласнай вытворчасці. Да канца года сабрана 6580 ровараў.

1951 - у Менску стартуе вытворчасць матацыклаў. Спачатку гэта «Масква» М1А, а пасля - 125-кубовы «Мінск». Да кароткай назвы завода дадаецца прыстаўка «мота-», а абрэвіятура цяпер гучыць як ММВЗ - «Менскі матацыклетна-веласіпедны завод».

Завод становіцца візітоўкай Беларусі - «зборачнага цэху» СССР. На год ММВЗ выпускае 800-900 тысяч ровараў і да 200 тысяч матацыклаў. На менскіх роварах катаюцца па ўсім Савецкім саюзе. А калі ў хлопца ёсць матацыкл «Мінск» - гэта, мяркуй, жыццё атрымалася!

Матацыкл «МІНСК». ЛЕГЕНДА.

Пасля распаду СССР завод некаторы час заставаўся адным з лідараў беларускай прамысловасці, нязначна скарачаючы аб'ёмы вытворчасці і практычна не губляючы рынкі збыту.

1999 - завод пераўтвараецца ў ААТ і актыўна гандлюе роварамі на расейскім рынку і ў краінах Азіі.

2005 - справы ў ММВЗ ідуць усё горш і горш. Прадпрыемства выцясняюць з азіяцкіх рынкаў. Рабочыя «Мотавела», незадаволеныя нізкімі заробкамі, пачынаюць страйк і перакрываюць Партызанскі праспект.

2006 - Менгарвыканкам пачынае ратаваць «Мотавела». Заводу выдзяляецца 17,3 млрд рублёў субсідый.

2007-2011 гады - за Br15,6 млрд рублёў (блізу 7,25 млн даляраў) завод купляе аўстрыйская кампанія АТЕС Holding Gmbh, якую ўзначальвае беларускі бізнэсовец Аляксандр Мураўёў. Ва ўласнасць прадпрыемства пераходзіць 99,7% акцый «Мотавела». Завод робіць больш сучаснымі брэнды AIST і MINSK (замест літары I ў апошнім з'яўляецца адзінка: M1NSK), але скарачае вытворчасць «да аб'ёмаў, абумоўленых рынкам», пачынае зборку квадрацыклаў.

АЛЯКСАНДР МУРАЎЁЎ І АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА. ФОТА: PRESIDENT.GOV.BY

Верасень 2013 года - Лукашэнка незадаволены становішчам спраў на «Мотавела». Абяцанне інвестара нарасціць вытворчасць ровараў не выконваецца, чвэрць вытворчых карпусоў здаецца ў арэнду.

Чэрвень 2015 г - Аляксандра Мураўёва затрымліваюць і вінавацяць у махлярстве. Маўляў, завод зарабляе на арэндзе плошчаў, а станкі коштам металалому сыходзяць у Літву. Гендырэктарам ААТ «Мотавела» прызначаецца Мікалай Ладуцька, былы старшыня Менгарвыканкама.

2016 - Улады вызначаюць лёс завода. Выяўляецца, знос асобных станкоў дасягае 100%. Ладуцька заяўляе, што для аднаўлення вытворчасці трэба выдаткаваць $50 млн за шэсць гадоў, а «для пачатку трэба блізу $7 млн». У 2016 годзе завод паказвае страту на 7,5 млн рублёў ($3,5 млн). Разглядаецца варыянт банкруцтва і стварэння на месцы «Мотавела» новага прадпрыемства, а таксама варыянт рэструктурызацыі пазыкі перад крэдыторамі.

Студзень 2017 года - Мураўёва прысуджаюць да 11 гадоў пазбаўлення волі. Акцыі «Мотавела» канфіскуюцца на карысць дзяржавы.

У красавіку 2017 года сабрана 2,3 тысячы ровараў, а за чатыры месяцы 2017 года - 10,9 тысяч. Пры гэтым Беларусь прымудрылася экспартаваць у 10 разоў больш - 116 тысяч ровараў, а імпартавала яшчэ больш: 142 тысячы ровараў.

Чэрвень 2017 года - кіраўніцтва завода падае ў Эканамічны суд заяву аб банкруцтве. У «Мотавела» ёсць абавязкі перад 7 банкамі. Сума патрабаванняў крэдытораў па абавязацельствах, забяспечаных закладам маёмасцi «Мотавела», складае $61,3 млн - 187% кошту актываў, а ў грашовых абавязацельствах 59,3 мільёнаў рублёў. Акрамя пазык перад банкамі, «Мотавела» завінаваціўся бюджэту і супрацоўнікам 700 тысяч рублёў.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках