27 красавiка 2024, Субота, 5:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тадэвуш Кандрусевіч: Не прыпадабняйцеся да флюгера

Тадэвуш Кандрусевіч: Не прыпадабняйцеся да флюгера
Тадэвуш Кандрусевіч
ФОТА: CATHOLIC.BY

Кіраўнік Каталіцкага касцёла ў нашай краіне заклікаў беларусаў быць цвёрдымі ў сваіх перакананнях.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Менска-Магілёўскі, разам з каталікамі Случчыны ўзяў удзел у святкаванні 25-годдзя прыходу касцёла святога Антонія ў Слуцку. Богаслужэнне і іншыя мерапрыемствы прайшлі ў суботу, 17 чэрвеня.

Падчас візіту ў наш горад арцыбіскуп знайшоў час, каб адказаць на пытанні карэспандэнта «Кур’ера».

- Чвэрць стагоддзя таму ў Слуцку была адроджана каталіцкая абшчына. Якія змены за гэты час адбыліся ў жыцці рымска-каталіцкай царквы?

- Кажучы пра адраджэнне духоўнага жыцця за апошнія 25 гадоў, трэба адзначыць, што яму папярэднічалі 70 гадоў пераследу і ганенняў за веру. Толькі дзякуючы нашым бабулям і дзядулям, старэйшаму пакаленню нешматлікіх святароў вера захавалася. Аднак яна аслаблена. Распачаты 25 гадоў таму працэс адраджэння - няпросты і працяглы. Нельга сказаць, што мы ўжо сталі іншымі. Людзі, выхаваныя на пастулаце «рэлігія - гэта опіум для народа» і якія лічаць, што скрасці ў калгасе - справа нармальная, адразу ў мінулае не сыдуць. Змяніць чалавека значна складаней, чым памяняць назвы вуліц і плошчаў.

Сёння з'явіліся новыя выклікі, калі чалавек жыве, як быццам Бога зусім няма, губляючы маральныя арыенціры. Грамадская глеба схільная да такога ўплыву.

Перад хрысціянскай царквой - і каталіцкай, і праваслаўнай - стаіць задача даць адказы на выклікі, не паддацца гэтым павевам, захаваць у сабе духоўнасць, веру і жыць ёю.

- На ўзроўні ўзаемаадносін простых людзей у нас у Беларусі няма міжканфесіянальных і рэлігійных канфліктаў. Аднак усё часцей з'яўляюцца людзі, якія дазваляюць сабе нападкі на хрысціянства...

- Ёсць такая тэндэнцыя цяпер. Часцяком адукаваныя і публічныя людзі ўважаюць, што яны могуць крытыкаваць царкву, адначасова адмаўляючы ёй у праве на абарону. У Францыі, да прыкладу, прыняты закон, згодна з якім чалавек, які выступае супраць абортаў, можа быць сур'ёзна пакараны.

Перад Вялікаднем ляцеў з Вашынгтону ў Менск. Перасадка была ў Франкфурце-на-Майне. На кантролі зняў усе металічныя рэчы і паклаў у сумку. Мяне прымусілі яе адкрыць - маўляў, там знаходзіцца халодная зброя. Я запярэчыў, але яны паказалі на крыж. Прыйшлося тлумачыць, што крыж - гэта зброя, але духоўная. Тры чалавекі 15 хвілін вырашалі пытанне аб правозе сімвала хрысціянства. І гэта ў Нямеччыны - краіне, што вырасла з хрысціянства.

- Вашы пажаданні чытачам газеты «Кур'ер».

- Заставайцеся заўсёды вернымі Богу. Будзьце цвёрдымі хрысціянамі. Не прыпадабняйцеся да флюгеру, які паслухмяна паддаецца вятрам амаральнасці. Жывіце паводле божых запаведзяў. Сёння, перш за ўсё, патрэбныя сведкі веры - тады чалавек становіцца жывой старонкай Евангелля.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках