26 красавiка 2024, Пятніца, 23:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Плошча - адзіны рэальны шлях да свабоды»

8
«Плошча - адзіны рэальны шлях да свабоды»

Акцыя 3 ліпеня будзе маленькім, але важным этапам на шляху да нашай перамогі.

Пра гэта ў каментары сайту bnknews.org заявіў актывіст Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Сяргей Спарыш.

- Ты браў удзел у шматлікіх акцыях вясны 2017 года. Якія галоўныя ўражанні?

- Пасля Плошчы 2010 года апазіцыя дазволіла выцесніць сябе на задворкі Менска, у парк для выгулу сабак і праз гэта страціла многіх прыхільнікаў. На жаль, цягам пяці гадоў, да моманту выхаду на свабоду Мікалая Статкевіча, у цэнтры Менска не прайшло ніводнай масавай палітычнай акцыі. Гэта было вельмі зневажальнае становішча.

Вясна 2017 года паказала, што сітуацыя нарэшце пачала мяняцца ў лепшы бок. Тая прастора свабоды, якую мы адваявалі незадоўга да гэтага, была выкарыстаная для выражэння сапраўды народнага пратэсту супраць бандыцкага рэжыму. Упершыню за многія гады апазіцыя з поўнай упэўненасцю можа сказаць, што яна бароніць інтарэсы народа, што яна і ёсць народ.

На некаторыя акцыі я выходзіў з афіцыйным чырвона-зялёным сцягам. Тое ж самае адбывалася яшчэ ў некаторых гарадах краіны падчас Маршаў абураных беларусаў. Гэта з'яўляецца найлепшай ілюстрацыяй таго, што сёння супраць Лукашэнкі выступаюць усе беларусы, у тым ліку і ягоныя былыя прыхільнікі. Думаю, што і далейшыя пратэсты будуць праходзіць у тым ліку і пад афіцыйным сцягам.

Вясной 2017 года мы ўбачылі новых лідараў, пачулі новыя лозунгі. Але галоўнае - мы адчулі змяненне атмасферы ў грамадстве. Гэта адчуванне нікуды не дзелася, нягледзячы на летні сезон і заканамернае часовае зацішша. Рэвалюцыйная сітуацыя паволі спее. Абавязак кожнага патрыёта - дапамагчы гэтаму працэсу і ўзначаліць новую хвалю пратэстаў.

- Для чаго трэба выходзіць на акцыю 3 ліпеня?

- Пры гэтай уладзе нічога добрага для нашай краіны, для нас з вамі - яе грамадзян, чакаць бессэнсоўна. Значыць, гэтую ўладу трэба прыбраць, вярнуць Беларусь у рукі яе народа. Ёсць розныя спосабы развязання гэтай задачы. Гісторыя паказала, які з іх найлепшы і самы бяспечны - мірны пратэст. Таму, калі мы зычым для сябе і сваіх дзяцей лепшага жыцця, нам проста няма куды дзявацца, трэба ісці гэтым шляхам.

Паглядзіце на прыклады іншых краін, якія сапраўды гэтак жа, як і наша Беларусь, былі ў руках антынародных рэжымаў. Польшча, Чэхаславаччына, СССР, ГДР, Паўднёвая Карэя, Партугалія...Усе яны прайшлі гэты цяжкі шлях, атрымалі шанец на лепшае жыццё і карысталіся ім. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова наведаць суседнія Варшаву ці Вільню.

Так, калі мы выйдзем 3 ліпеня на Плошчу, імгненных змен не будзе. Змены ў нашай краіне запатрабуюць працяглай і цяжкай працы актывістаў, часам - самаахвярнасці. Трэба будзе выходзіць на Плошчу раз за разам, паступова павялічваючы колькасць удзельнікаў пратэстаў. Гэта адзіны рэальны шлях да свабоды, толькі так мы зможам вярнуць сабе краіну.

Акцыя 3 ліпеня будзе маленькім, але важным этапам на шляху да нашай перамогі, да свабоды, незалежнасці і росквіту.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках