27 красавiка 2024, Субота, 7:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Польшча дапамагае рэпрэсаваным беларусам

Як Польшча дапамагае рэпрэсаваным беларусам
Ян Маліцкі

Беларускія студэнты, якія пацярпелі ад рэпрэсій, змогуць працягнуць вучобу ў Польшчы.

Аб аднаўленні набору моладзі ў польскія ВНУ па праграме Каліноўскага піша «Нямецкая хваля».

Польшча аднавіла праграму стыпендый імя Кастуся Каліноўскага, якія ў 2017-2018 акадэмічным годзе будуць прапаноўвацца беларускім студэнтам, якія пацярпелі падчас масавых акцый пратэсту мінулай вясной. Паводле звестак праваабарончых арганізацый Беларусі, летняя сесія яшчэ не скончылася, але 7 студэнтаў ужо адлічаны з розных ВНУ краіны за актыўную грамадскую дзейнасць.

Яшчэ сямёра маладых людзей былі выгнаныя з універсітэтаў у 2016 годзе. Але тады праграма Каліноўскага на пастанову польскага боку была ператворана ў праграму стажыровак для спецыялістаў - з прычыны таго, што хваля рэпрэсій у Беларусі, паводле ацэнак у Варшаве, пайшла на спад. На якіх умовах маладыя беларусы змогуць цяпер працягнуць адукацыю ў Польшчы ў рамках гэтай праграмы - у матэрыяле DW.

За актыўную дзейнасць

Мянчук Яўген Міхасюк - цяпер ужо былы студэнт Белдзяржуніверсітэта. Ён вывучаў паліталогію на гістарычным факультэце і атрымаў паведамленне аб адлічэнні з апошняга курсу, фармальна - за няздачу экзаменаў. Міхасюк - адзін з лідараў «Задзіночання беларускіх студэнтаў», якое вядзе маніторынг працэсу далучэння Беларусі да Балонскага працэсу. Разам з аднадумцамі летась ён стаў арганізатарам ініцыятывы «Студэнты супраць», фіксаваліся факты парушэнняў акадэмічных правоў і свабодаў.

Яўген браў таксама ўдзел у пратэстных акцыях, быў арыштаваны, адседзеў 5 дзён арышту і таму называе рэальнай прычынай выключэння з БДУ сваю грамадзянскую пазіцыю, «якая не падабаецца ўніверсітэцкім ідэолагам».

Ён лічыць своечасовым аднаўленне Польшчай праграмы Каліноўскага для тых, каго ў Беларусі пераследуюць за перакананні. «Сярэдні бал адзнак у мяне высокі, і я хацеў бы працягнуць навучанне ў Польшчы, хоць ніхто нам не выдае такіх даведак: «адлічаны па палітычных матывах», - патлумачыў Міхасюк.

Чым Польшча дапамагае рэпрэсаваным

Першапачаткова пастанова аб падтрымцы рэпрэсаванай беларускай моладзі было прынятае польскім урадам адразу пасля выбараў прэзідэнта РБ у сакавіку 2006 года. У адным з інтэрв'ю дырэктар праграмы Каліноўскага, кіраўнік Цэнтра даследаванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта прафесар Ян Маліцкі ўспамінаў: «Праект мы напісалі ўначы, пасля таго, як убачылі па тэлевізіі зварот да Польшчы кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча з просьбай дапамагчы тым, каго выганяюць з універсітэтаў за ўдзел у акцыі пратэсту ў цэнтры Менска».

У новай гутарцы Маліцкі зазначыў, што ў 2016 годзе праграме Каліноўскага споўнілася 10 гадоў. Але, з ягоных слоў, «праграма летась была не прыпыненая, як пісалі некаторыя СМІ, а толькі трансфармаваная ў дадатковую «праграму Каліноўскага-2» для стажораў па розных спецыяльнасцях».

Адбор на гадавую стажыроўку ў Польшчы прайшлі 12 чалавек з 50. «Цяпер яны здаюць дыпломныя экзамены, ідзе набор на новы курс», - кажа Ян Маліцкі. Ён упэўнены, што веды стажораў спатрэбяцца падчас будучых рэформаў у Беларусі. «Але, як я і казаў, у выпадку аднаўлення рэпрэсій мы зноў запросім беларускіх студэнтаў», - паабяцаў Маліцкі.

Хто атрымае польскую стыпендыю

На сайце Цэнтра даследаванняў Усходняй Еўропы з’явілася інфармацыя аб прыёме дакументаў у кандыдатаў на вучобу ў 2017-2018 гадах. «Ліміту на колькасць прэтэндэнтаў на стыпендыю няма, але мы ведаем, што іх не будзе так шмат, як раней, таму прымем усіх, хто быў рэпрэсаваны», - кажа кіраўнік праграмы Каліноўскага.

Папярэдні адбор кандыдатаў на ўдзел у праграме будзе праводзіць кваліфікацыйная акадэмічная камісія ў Варшаве. Канчатковая пастанова прымаецца з улікам меркавання Рады праваабарончых арганізацый Беларусі, указваецца ў Афіцыйным тлумачэнні польскага боку.

«Працу рады праваабаронцаў, якая складаецца з 11 чалавек, каардынуе Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць», - паведаміла заснавальніца камітэта Іна Кулей. З яе слоў, рада павінна пацвердзіць факты пераследу студэнтаў па палітычных матывах. Кулей таксама дадала, што ўмовы адбору ўсё ж зазналі змены.

Калі ў мінулыя гады вучыцца ў Польшчы маглі не толькі рэпрэсаваныя студэнты, але і дзеці актывістаў, якія падпалі пад рэпрэсіі, то зараз дакументы могуць падаваць выключна тыя, хто не мае магчымасці далей вучыцца ў Беларусі - адлічаныя з універсітэтаў праз палітычныя прычыны і выпускнікі менскага ліцэя імя Якуба Коласа.

Няведанне польскай мовы не з'яўляецца перашкодай для атрымання стыпендыі. Для тых, хто будзе прыняты, ёсць гадавыя моўныя курсы. За 10 гадоў працы праграмы Каліноўскага больш за 200 выпускнікоў і 4 дактаранты атрымалі дыпломы розных універсітэтаў Польшчы, распавёў Ян Маліцкі.

Яшчэ блізу 100 стыпендыятаў зараз працягваюць вучобу. Са слоў Маліцкага, «нават калі б рэпрэсіі цалкам спыніліся і частка праграмы дапамогі для рэпрэсаваных студэнтаў не аднавілася б, усё роўна Беларусь атрымае больш за 3 сотняў спецыялістаў». Усяго ж у рамках гэтай праграмы навучанне ў Польшчы прайшлі блізу 900 беларусаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках