27 красавiка 2024, Субота, 5:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці магчымая паміж Вільняй і Менскам дыпламатычная вайна?

4
Ці магчымая паміж Вільняй і Менскам дыпламатычная вайна?
АНДЖЭЙ ПУКШТА
ФОТА: ZW.LT

Стасункі Беларусі і Літвы выходзяць на новы віток напружанасці.

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ мяркуе, што Беларусь разам з Расейскай Федэрацыяй з'яўляюцца геапалітычнай пагрозай краіне. Менск злуецца і абураецца, даваць тлумачэнні давялося амбасадару Літвы, якога выклікала беларускае МЗС. Ці можа здарыцца, што паміж Беларуссю і Літвой адбудзецца дыпламатычная вайна? На гэта і іншыя пытанні Charter97.org адказаў Анджэй Пукшта, кіраўнік кафедры паліталогіі ўніверсітэта Вітаўта Вялікага ў Коўне.

- Як вы пракаментуеце словы прэзідэнт Літвы аб тым, што Беларусь і Расея з'яўляюцца геапалітычнай пагрозай?

- Думаю, на тое, што прэзідэнт выказалася менавіта так, а не інакш, паўплывалі наступныя фактары. Па-першае, гэта агульныя расейска-беларускія буйныя вайсковыя вучэнні «Захад 2017». Па-другое, Літва прадаўжае адчуваць пагрозу праз будаўніцтва Менскам атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, на адлегласці ўсяго толькі пяцідзесяці кіламетраў ад Вільні.

- Менск ужо паспеў выказаць сваю незадаволенасць, абараняць пазіцыю Вільні давялося амбасадару Літвы ў Беларусі Андрусу Пулокасу.

- Шчыра кажучы, стасункі паміж Менскам і Вільняй ўжо даўно далёка не ідэальныя, таму яны і не пагоршацца. Аднак варта памятаць, што Даля Грыбаўскайтэ ў пачатку свайго першага прэзідэнцкага тэрміну спрабавала наладзіць добрыя стасункі з Лукашэнкам. Менавіта тады дыктатар Беларусі атрымаў запрашэнне ў Вільню. Зрэшты, дагэтуль у Еўрапейскім Звязе няма адзінай пазіцыі ў дачыненні да Лукашэнкі. З аднаго боку, ёсць меркаванне, што з дыктатарам перамовы весці не варта і яго трэба ізаляваць. На думку прадстаўнікоў іншага боку, з ім трэба дамаўляцца, развязваць агульныя пытанні і такім чынам спрыяць ягонаму аддаленню ад Расеі.

- У выпадку, калі дыпламатычны скандал атрымае прадаўжэнне, які ўплыў гэта зробіць на літоўска-беларускія палітычныя дачыненні?

- Калі прадоўжыцца эскалацыя і дыпламатычны скандал будзе разрастацца, то можа дайсці да адклікання амбасадараў. Але пакуль мне здаецца, што да гэтага не дойдзе, хоць бы таму, што Літва і Беларусь практычна не супрацоўнічаюць. Вядома, калі б надарылася абвастрэнне, было б вельмі непрыемна, добрыя дачыненні з суседзямі дорага каштуюць, але палітычнага «землятрусу» не здарыцца.

Але ці дойдзе да абвастрэння стасункаў, залежыць не толькі ад Літвы, але і ад Менска. Адным з асноўных фактараў, які і ў далейшым будзе вызначаць палітыку і далейшыя дзеянні Лукашэнкі, з'яўляюцца ягоныя блізкія стасункі з Крамлём. Калі Лукашэнка знойдзе новыя сілы выслізнуць хаця б часткова з абдымкаў Уладзіміра Пуціна, ён будзе шукаць платформы для дыялогу з краінамі Еўрапейскага Звязу, у тым ліку і з Літвой.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках