3 траўня 2024, Пятніца, 21:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як немцы захавалі невядомыя малюнкі Крэўскага і Навагрудскага замкаў

Як немцы захавалі невядомыя малюнкі Крэўскага і Навагрудскага замкаў
КРЭЎСКІ ЗАМАК

Адзін з нямецкіх мастакоў, закінутых у Беларусь Першай сусветнай вайной, даваў урокі графікі Марку Шагалу.

29 чэрвеня 2017 года а 17.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца выстаўка «Мастакі на вайне. Беларусь у малюнках Першай сусветнай (1915-1918)», паведамляе zautra.by.

На выставе дэманструецца ўнікальная падборка са збору прыватнага калекцыянера Уладзіміра Багданава, якую складаюць мастацкія творы з выявай Беларусі часоў Першай сусветнай вайны. У экспазіцыю ўвайшлі лісты з выдадзеных у Нямеччыне альбомаў літаграфій і малюнкаў, арыгінальныя эскізы і мініяцюры, а таксама шматлікія паштоўкі з замалёўкамі помнікаў беларускай архітэктуры, прыроды, жыцця і побыту ў варунках ваеннага часу.

НАВАГРУДАК. РУІНЫ ЗАМКА. АРЫГІНАЛ. МАЛ. С.FRANTE. 1918.04.06.

Паказ дапоўнены музейнымі прадметамі таго часу са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Экспазіцыя распавядае пра жыццё нашай краіны вачыма нямецкіх мастакоў, удзельнікаў Першай сусветнай вайны. Калі выставы фатаграфій і дакументаў Першай сусветнай вайны ўжо перасталі быць рэдкасцю, то такая шырокая калекцыя графічных малюнкаў прадэманстраваная ўпершыню - увазе наведвальнікаў прапануецца больш за 200 работ розных жанраў.

Першая сусветная вайна як асноватворны канфлікт ХХ стагоддзя (у яе было ўцягнута больш за палову існых тады дзяржаў) не абмяжоўвалася дзеяннямі на палях бітваў. У супрацьлеглых лагерах апынуліся і прадстаўнікі культуры - пісьменнікі, кампазітары, мастакі, якіх таксама прызвалі на службу. Апошнія павінны былі правільным чынам візуалізаваць падзеі, што адбываюцца. Мастакоў камандзіравалі на фронт з канкрэтнымі заданнямі: раз на тыдзень выдаваць мінімум адзін эскіз, раз на месяц здаць мінімум адну карціну.

Аднак рэчаіснасць брала сваё. На тэрыторыі Беларусі лінія фронту стабілізавалася на два з паловай гады, абстаноўка абвастралася толькі падчас буйных аперацый. Мастакі-прафесіяналы ўсё часцей адцягваліся ад мэтаў выяўленчай прапаганды і звярталі ўвагу на навакольную рэчаіснасць. Нярэдка замест вінтоўкі бралі ў рукі аловак творчыя натуры з ліку непасрэдных удзельнікаў вайны - жаўнеры і афіцэры на пустых бланках паштовак палявой пошты малявалі і апраўлялі на радзіму не толькі пейзажы з акопаў, але і малюнкі месцаў, куды іх закінула вайна, сцэны з жыцця і побыту мясцовых жыхароў.

ГЕРМАН ШТРУК. КАСЦЁЛ У ГОРАДНІ. 1915. АРХІЎ У.БАГДАНАВА

На выставе прадэманстраваныя работы мастакоў самага рознага ўзроўню. Ёсць сярод іх майстры, які пазней дамагліся шырокай вядомасці - такія, як Герман Штрук (у 1923 годзе ён даваў урокі графікі Марку Шагалу) або Фрыц Маўрышат (уладальнік кінематаграфічнага «Оскара» 1954 года пад найлепшую працу мастака-пастаноўшчыка).

ПІНСК. ВЫГЛЯД НА ГОРАД З БОКУ БАЛОТА. 1915. АРХІЎ У. БАГДАНАВА

Некаторыя імёны вядомыя толькі спецыялістам. А многія аўтары няхітрых малюнкаў так і застануцца безыменнымі - на памяць аб сабе яны пакінулі толькі неразборлівыя аўтографы, частка работ не падпісаная.

Аднак іх гістарычныя замалёўкі даюць магчымасць перанесціся на 100 гадоў таму і па-новаму зірнуць на Горадню, Баранавічы, Ліду, Агінскі канал...здзівіцца архаіцы сялянскага побыту, захаванай у вёсках, асабліва на Палессі. Успомніць страчаныя назаўжды храмы пад Паставамі, у Пінску, Смаргоні, зірнуць на ўжо зніклыя вёскі... Арыгінальныя малюнкі, якія існуюць у адзіным экзэмпляры, захавалі невядомыя раней выявы Крэўскага і Навагрудскага замкаў, дома-цытадэлі ў Гайцюнішках.

Выстава будзе цікавая не толькі мастакам, архітэктарам, краязнаўцам, але і ўсім тым, каго цікавіць гісторыя і культура Беларусі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках