5 траўня 2024, Нядзеля, 1:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пра што будуць гутарыць Лукашэнка і Парашэнка?

23
Пра што будуць гутарыць Лукашэнка і Парашэнка?

6 складаных тэмаў у стасунках Беларусі і Украіны.

Сёння адбудзецца чарговая сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Украіны Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі. Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў будзе суправаджацца вялікім форумам справавых колаў абедзвюх краінаў, а напярэдадні ва ўкраінскай сталіцы прайшло пасяджэнне міжурадавай эканамічнай камісіі, якая выпрацавала парадак дня чарговых перамоваў.

Беларуска-ўкраінскія стасункі заўсёды былі няпростыя, нягледзячы на тое, што з часоў незалежнасці ва Украіне змяніліся пяць прэзідэнтаў. Перш за ўсё фармат стасункаў вызначала адрозненне стратэгічных планаў дзяржаваў – беларускія ўлады цягнулі краіну да Расеі, а Украіна, падтрымліваючы сувязі з былымі партнёрамі ў СССР у рамках СНД, усё больш дэкларавала еўраінтэграцыйныя імкненні.

Цяпер Украіна атрымала асацыяцыю ў ЕЗ і бязвізавы рэжым з еўрапейскімі краінамі, а на ўсходзе змагаецца з расейскай агрэсіяй і кантраляванымі Расеяй незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі. Менавіта гэтыя абставіны перш за ўсё цяпер уплываюць на беларуска-ўкраінскія стасункі.

«Радыё Свабода» сабрала некалькі фактаў, якія могуць найбольш паўплываць на далейшы фармат палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай.

Кааперацыя ў абмен на нафту

Беларусь крытычна залежыць ад паставак нафты з Расеі і ў той самы час займае пазіцыі лідара на ўкраінскім рынку нафтапрадуктаў. Абедзве краіны зацікаўленыя ў захаванні гэтых пазіцыяў, таму вымушаныя пераглядаць існыя схемы на выпадак магчымага скарачэння расейскага імпарту нафты ў Беларусь. І на пасяджэнні міжурадавай камісіі 18 ліпеня ўпершыню прагучала адпаведная ініцыятыва пра перапрацоўку нафты на давальніцкіх умовах на беларускіх перапрацоўчых заводах з далейшымі пастаўкамі светлых нафтапрадуктаў як ва Украіну, так і ў еўрапейскія краіны. Цяпер Украіне застаецца толькі дамовіцца з Азербайджанам і Іранам пра сталыя аб'ёмы пастаўкі нафты, але тэхнічныя магчымасці для яе транспартавання, напрыклад на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, ёсць – праз нафтаправоды Адэса – Броды і Мазыр – Броды.

Падобна на тое, што на карысць гэтага праекта Беларусь нават згодная адмовіцца ад традыцыйных паставак прадукцыі машынабудавання. Згодна з умовамі Украіны, гэта будзе магчыма толькі праз стварэнне зборачных прадпрыемстваў на ўкраінскай тэрыторыі з далейшым абслугоўваннем вырабленай тэхнікі.

Неўрэгуляваным пакуль застаецца і канфлікт вакол кантракта паміж Менскім аўтамабільным заводам і ўкраінскай кампаніяй «Ранцье» на пастаўку адной тысячы аўтамабіляў і такой самай колькасці прычэпаў. Кошт кантракту, падпісанага ў траўні 2013 г., складаў больш за 100 мільёнаў даляраў. Але за пастаўку першай партыі тэхнікі беларускае прадпрыемства так і не атрымала грошай. Крымінальная справа паводле гэтага факта доўжыцца ўжо больш за два гады.

Гандаль або кантрабанда

Афіцыйная статыстыка Беларусі і Украіны паводле вынікаў узаемнага таваразвароту ў студзені-траўні 2017 года адрозніваецца. Паводле звестак Беларусі, агульны аб'ём склаў 1,7 мільярда даляраў, паводле інфармацыі Украіны – 1,6 мільярда. Што такое розніца ў 100 мільёнаў даляраў – неафіцыйны гандаль з часова акупаванымі раёнамі Данецкай і Луганскай абласцей або кантрабанда? Беларускі віцэ-прэм'ер-міністр Уладзімір Сямашка тлумачыць гэтыя «невялікія» ваганні тэхнічнай хібнасцю. Ва Украіне такое адрозненне пакуль не каментуюць.

У той самы час у пачатку ліпеня ўкраінскія праваахоўнікі заявілі пра раскрыццё схемы кантрабанды тытуню з Беларусі праз Украіну ў Еўропу, ён увозіўся ва Украіну пад выглядам будаўнічых матэрыялаў. Дэпартамент абароны эканомікі Нацыянальнай паліцыі Украіны расследуе крымінальную справу паводле гэтага факта, але пакуль не ўдакладняе, ці былі датычныя беларускія фізічныя або юрыдычныя асобы да гэтай афёры.

Замест «бязвізу» – адбіткі пальцаў

За дзесяць дзён да візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў украінскія ўлады абвесцілі пра намеры змяніць правілы ўезду на тэрыторыю сваёй краіны для ўсіх замежных грамадзянаў. І хоць украінскія эксперты мяркуюць, што новаўвядзенне біяметрычнага кантролю на мяжы з 1 студзеня 2018 года накіраванае выключна на грамадзянаў Расеі, фармальна яно адрасаванае і Беларусі. Хоць да гэтага часу беларускі бок не атрымаў паведамлення пра намер унесці змены ў дзейнае пагадненне пра бязвізавыя паездкі грамадзянаў, падпісанае ў чэрвені 2009 года.

Але ў той самы час Кабінет міністраў Украіны яшчэ летась у верасні апублікаваў планы пра падпісанне да 2020 года з Беларуссю дамовы аб рэжыме дзяржаўнай мяжы, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў памежных пытаннях.

Варта нагадаць, што Беларусь штогод дазваляе спрошчаны парадак перасячэння сваёй мяжы для грамадзянаў Украіны – жыхароў памежных раёнаў у перыяд збору ягадаў і грыбоў. Ці стане гэта дадатковым аргументам Беларусі для захавання цяперашніх правілаў памежнага кантролю?

Вайна, шпіянаж і вучэнні

Цягам трох гадоў пасля абвастрэння стасункаў паміж Украінай і Расеяй. Беларусь спрабуе прытрымлівацца нейтралітэту, але з цягам часу заставацца на такіх пазіцыях усё больш складана. У верасні адбудуцца супольныя беларуска-расейскія ваенныя вучэнні «Захад–2017», якія Украіна ўспрымае як чарговую пагрозу для новага наступу Расеі, цяпер ужо з беларускай тэрыторыі.

Летась украінскі ўдзельнік менскага перамоўнага працэсу ў пытаннях развязання сітуацыі на Данбасе Яўген Марчук, які ў свой час працаваў ва Украіне прэм'ер-міністрам, міністрам абароны і кіраўніком Службы бяспекі, заявіў пра неабходнасць больш пільна сачыць за сітуацыяй у Беларусі ў кантэксце магчымых новых ваенных пагрозаў з боку Расеі. А былы кіраўнік ваеннай контрвыведкі Украіны Аляксандр Скіпальскі параіў украінскім уладам звярнуцца да Беларусі па інструктарскую дапамогу ў арганізацыі тэрытарыяльнай абароны. З дапамогай Беларусі ці не – невядома, але фармаванні тэрытарыяльнай абароны да пачатку вучэнняў «Захад–2017» будуць дзейнічаць па ўсёй тэрыторыі Украіны.

У канцы чэрвеня стала вядома пра затрыманне ў Чарнігаве грамадзяніна Беларусі, які падазраецца ў зборы інфармацыі ва Украіне на карысць Расеі. Падрабязнасці гэтай справы пакуль невядомыя, а Служба бяспекі Украіны пакуль утрымліваецца ад афіцыйных каментароў.

Героі для Украіны, злачынцы для Беларусі

Нягледзячы на нібы нейтральную пазіцыю афіцыйных уладаў у дачыненні да расейска-ўкраінскага канфлікту, у ім актыўна ўдзельнічаюць грамадзяне Беларусі, прычым і на баку ўкраінскіх уладаў, і на баку самаабвешчаных «ЛНР – ДНР».

Але для стварэння негатыўнага вобразу Украіны пасля Майдана 2013–2014 гадоў дзяржаўныя СМІ выкарыстоўвалі прозвішчы менавіта тых беларусаў, якія змагаліся або змагаюцца на баку ўкраінскага народа. Ды і сам Аляксандр Лукашэнка, калі закранаў тэму ўдзелу беларусаў у ваенных дзеяннях на Данбасе, выказваўся даволі рэзка, хоць і пазбягаў згадваць канкрэтныя імёны.

У чэрвені прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка пасмяротна прысвоіў званне Героя Украіны беларусу Міхаілу Жызнеўскі, які загінуў 22 студзеня 2014 года ў Кіеве падчас масавых акцыяў пратэсту.

У гэты самы час у Беларусі Тарас Аватараў, які ваяваў у складзе валанцёрскага батальёна «Правы сектар», затрыманы ў лістападзе 2015 года і асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Дарэчы, якраз у дні візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеве знаходзіцца і маці Тараса Аватарава. Паводле звестак кіеўскага Камітэта вызвалення палітвязняў, з 160 чалавек, якія ваявалі на тэрыторыі Украіны і былі затрыманыя ў Беларусі, увязнены толькі Тарас Аватараў. Іншых, якія ваявалі на баку самаабвешчаных «ЛНР – ДНР», пасля прафілактычных гутарак адпусцілі.

Візіт у дзень забойства

Наведванне Аляксандрам Лукашэнкам Кіева супадае яшчэ з адной датай – гадавінай забойства Паўла Шарамета. 20 ліпеня адбудзецца шэсце «Год без Паўла» ад месца ягонай гібелі да будынка Службы бяспекі Украіны, Адміністрацыі прэзідэнта і Міністэрства ўнутраных справаў з патрабаваннем расследавання справы забойства журналіста.

У 2010 годзе Павел Шарамет быў пазбаўлены беларускага грамадзянства на падставе атрымання грамадзянства Расеі. Адпаведны ліст, як сцвярджаў тады Павел Шарамет, ён атрымаў ад амбасады Беларусі ў Расеі. Гэты ліст быў падпісаны адным з тагачасных сакратароў амбасады, але ў ім не паведамлялася, хто менавіта прыняў пастанову пра пазбаўленне грамадзянства – МУС, МЗС ці адміністрацыя Лукашэнкі.

Украінскія праваахоўныя органы сярод версіяў забойства разглядаюць расейскі і беларускі след.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках