5 траўня 2024, Нядзеля, 15:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывістка прафсаюза РЭП: Беларусы нас падтрымліваюць

2
Актывістка прафсаюза РЭП: Беларусы нас падтрымліваюць

Незалежны прафсаюз мае намер і далей адстойваць правы працоўных.

18 ліпеня 2017 года з удзелам Генадзя Фядыніча, кіраўніка незалежнага прафсаюза РЭП, і Зінаіды Міхнюк, прадстаўніцы арганізацыі ў Берасцейскай вобласці, прайшлі працоўныя сустрэчы ў Баранавічах, Бярозе і Кобрыне, піша praca-by.info.

Сустрэчы адбыліся ў выглядзе нефармальных размоваў, аднак пытанні абмяркоўваліся сур'ёзныя: будучыя масавыя акцыі 7 кастрычніка, у Дзень барацьбы прафсаюзаў за годную працу, а таксама тое, як прывабіць да дзейнасці прафсаюза – напрыклад, да ўдзелу ў пікетах – тых сяброў арганізацыі, якія ўступілі ў яе, але не выяўляюць актыўнасці. Казалі як пра прычыны гэтай сітуацыі, так і пра спосабы яе развязання.

– Галоўны страх – страціць працу, – патлумачыла Зінаіда Міхнюк. – Бяроза – не маленькі горад, ёсць прадпрыемствы, а група не развіваецца. Людзі нас падтрымліваюць, бяруць улёткі, але не спяшаюцца далучацца. Ці, напрыклад, у Баранавічах – як і ва ўсіх рэгіёнах – да нас прыйшлі прадаўцы. Пяць жанчынаў, яны проста ў аўтобусе ўбачылі нашу газету, патэлефанавалі, прыйшлі, мы ім дапамаглі. Але на акцыі не выходзяць. Як і многія людзі, якія звярнуліся да нас у працоўных пытаннях. У групе яны ёсць, а на пікет выйсці – страшна; як і пайсці далей адстойваць свае правы.

Прафсаюзная лідарка бачыць гэтую сітуацыю як неабходнасць і далей працаваць з кожным чальцом арганізацыі:

– У нас у прафсаюзе розныя людзі, і іх трэба навучаць, ім трэба дапамагаць, і вялікі дзякуй ім ужо за тое, што яны сталі чальцамі нашага прафсаюза.

Зінаіда Міхнюк агітуе ўласным прыкладам:

– Я гэты страх даўно пераступіла: яшчэ ў 2000 годзе, калі мяне на «Цветатроне» абралі ў процівагу кандыдатуры, якую рыхтавала кіраўніцтва. Самае галоўнае, што я зразумела: я не магу здрадзіць працоўным, якія мне паверылі. А як звычайна думаюць на тых прадпрыемствах, дзе скардзяцца на прафсаюз? Самі ж і выбіраюць таго, каго прапануе або навязвае адміністрацыя, а потым не вераць, што прафсаюз можа быць нармальнай, байцоўскай арганізацыяй і адстойваць іх правы. Таму што прафсаюз – гэта мы. Сваю прафсаюзную арганізацыю трэба рабіць самім! Чым больш ты ўдзельнічаеш і неабыякавы, тым больш арганізацыя – сапраўдная.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках