27 красавiка 2024, Субота, 1:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вынайдзены беларусам блок сілкавання для мабільнікаў карыстаецца вялікім попытам

Вынайдзены беларусам блок сілкавання для мабільнікаў карыстаецца вялікім попытам
ФОТА З САЙТУ BELSAT.EU

Студэнт сабраў на сваю вынаходку больш грошай, чым планаваў.

20-гадовы жыхар Гомеля Міхаіл Вага стварыў прыладу, якая вырабляе энэргію: досыць круціць яе ў руцэ. Прыладу можна выкарыстоўваць паўсюль і заўсёды для сілкавання мабільных прылад.

Больш за 70 тысяч еўраў Міхаіл Вага атрымаў дзякуючы краўдфандынгавай платформе Kickstarter у 2016 годзе. Сабраная сума ў паўтара разы перавысіла колькасць сродкаў, якія патрабаваліся для праекта. Тыя, хто замаўляў прылады, атрымаюць іх ужо сёлета ўвосень.

«Больш за ўсё прылады замаўляюць з краін Еўропы і ЗША. Цяпер мы працягваем краўдфандынг», - распавёў Міхаіл Вага belsat.eu.

Як працуе HandEnergy?

Прылада HandEnergy - гэта кішэнны электрычны генератар. Выглядае гэта як металічная сфэра памерам з яблык. Сфэру трэба круціць адной рукой. Падчас кручэння магнітная шруба ўнутры перадае механічную энэргію кручэння стартару, які пераўтворыць яе ў электрычную энэргію. Далей электрычнасць перадаецца да батарэі мабільнай прылады з дапамогай звычайнага USB-кабелю.

ПРЫЛАДА HANDENERGY
ФОТА: WWW.HAND.ENERGY

«Мая ідэя прыйшла ад праблемы. Заўсёды раздражняла, што мабільныя прылады высільваюцца, давялося вынаходзіць метад гэта развязаць. Я шмат вывучаў рухавікі пераменнага току і розныя тыпы механічнага кручэння, так што я хутка знайшоў лёгкі метад генерацыі электраэнэргіі», - кажа Міхаіл.

Час сілкавання залежыць ад хуткасці кручэння кулі. Для выпрацоўвання стандартных 5 Вт, што забяспечвае электрычная сетка, HandEnergy трэба круціць вельмі інтэнсіўна, таму ў камфортным рэжыме кручэння прылада будзе сілкаваць павольней, чым ад электрычнай сеткі. Існуе спецыяльны дадатак, дзе можна выбраць пажаданую магутнасць генерацыі.

«Ток генерацыі можа быць розным, у залежнасці ад вашага выбару. 5 Вт магутнасці складана для кручэння, але ў дадатку вы можаце паставіць такую магутнасць і паспрабаваць пакруціць. Але сярэднестатыстычная магутнасць для камфортнага кручэння зазвычай меншая», - кажа Міхаіл.

Перш чым пачаць праект, Міхаіл з суполкай выпрабавалі больш за дзесятак параметраў, якім чынам можна трансфармаваць энэргію чалавечага цела ў электрычнасць. Таксама яны зладзілі тур па Еўропе і аб'ехалі 15 гарадоў у дзевяці краінах, дзе прэзэнтавалі прыладу простым людзям і пыталіся пра іхнія уражанні. На распрацоўку праекта пайшло прыкладна два гады.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках